Гарыць трава...

1

Колькі ўжо разоў супрацоўнікі раённага аддзялення па надзвычайных сітуацыях рознымі спосабамі папярэджвалі насельніцтва раёна аб небяспецы выпальвання сухой травы, а ўсё роўна падраздзяленні штодня выязджаюць на яе тушэнне.


У 11.53 12 красавіка ў вёсцы Паляны Падольскага сельсавета згарэла 0,5 гектара травы і была рэальная пагроза загарання населенага пункта.
14 красавіка ў вёсцы Вялікія Якентаны Астравецкага сельсавета згарэла 0,8 гектара травы і зноў была пагроза ўзгарання бліжэйшых пабудоў. Пенсіянерка распаліла вогнішча пры моцным ветры, у выніку чаго агонь перакінуўся на поле і суседні дом. Аднак дзякуючы намаганням выратавальнікаў, загаранне ўдалося своечасова патушыць.
У той жа дзень ў вёсцы Мацкі Гервяцкага сельсавета гарэла прыдарожная тэрыторыя і агонь пагражаў наблізіцца да пабудоў, якія размяшчаліся непадалёк. Плошча загарання тут склала 0,4 гектара.
15 красавіка зноў у Палянах згарэла 0,7 гектара травы.
На наступны дзень каля вёскі Груздоўшчызна Гудагайскага сельсавета было спалена 0,5 гектара травы. А крыху пазней згарэў гектар травы каля вёскі Новікі Астравецкага сельсавета.
Па выніках праведзеных праверак па гэтых фактах загарання былі ўстаноўлены 5 вінаватых грамадзян, якія былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу.


Хацелася б яшчэ раз нагадаць, што за спальванне сухой травы прадугледжаны штраф да паўтара мільёна рублёў. І калі вам не шкада сваіх грошай, пашкадуйце жыццё людзей, якія жывуць побач.


Эдуард МАЛЫШКА.