5 студзеня адзначаецца Дзень работнікаў сацыяльнай абароны
Штогод 5 студзеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень работнікаў сацыяльнай абароны. Гэта свята тых, хто прысвяціў сябе высакароднай справе служэння людзям. Калі чалавек трапляе ў складаную жыццёвую сітуацыю і не ведае, як знайсці з яе выйсце, ён заўсёды можа звярнуцца ў сацыяльную службу, дзе яму акажуць не толькі канкрэтную дапамогу, але і маральную падтрымку.
Наша сённяшняя размова з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Святланай Мікалаеўнай Івановай, якая, дарэчы, не так даўно была назначана на гэтую пасаду. Таму прафесійнае свята работнікаў сацыяльнай абароны стала добрай нагодай бліжэй пазнаёміцца з новым начальнікам упраўлення.
– Святлана Мікалаеўна, раскажыце, калі ласка, пра сябе?
– Родам я са Слонімшчыны. У 1982 скончыла Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці “Гідрапнеўмааўтаматыка і гідрапрывод”. Па размеркаванні мужа паехалі ў Казахстан. Адзінаццаць гадоў я працавала на Прыкаспійскім горным металургічным камбінаце інжынерам-канструктарам, інжынерам-эканамістам, нарміроўшчыкам.
– І як чалавек з тэхнічнай спецыяльнасцю і багатым вопытам работы ў сферы інжынерыі трапляе ў сацыяльную службу?
– У 1993 годзе мы з сям’ёй вярнуліся ў Беларусь і асталяваліся ў Астраўцы. Тут як раз была вакансія ў Фондзе сацыяльнай абароны, куды я і пайшла працаваць галоўным інспектарам, пазней – намеснікам начальніка.
– Ці цяжка было мяняць сферу дзейнасці?
– Лічу, што чалавек у экстрэмальных умовах здольны ўсяму навучыцца. У мяне не было выбару – і я асвойвала новую прафесію, якая, дарэчы, таксама прыйшлася мне па душы. Працаваць з людзьмі заўсёды цікава, тым больш у сацыяльнай сферы, якая мае на ўвазе дапамогу і клопат аб чалавеку.
– 18 гадоў вы працавалі ў Фондзе сацыяльнай абароны, і вось у кастрычніку вас назначаюць начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. З якімі пачуццямі ўступалі на новую пасаду?
– Пачуцці самыя розныя. Безумоўна, прысутнічае і хваляванне, таму што даводзіцца зноў вучыцца. Хоць новая сфера дзейнасці блізкая да папярэдняй – Фонд займаецца зборам сродкаў, а ўпраўленне – іх размеркаваннем – але ж яна больш шырокая і рознабаковая. Зараз вывучаю пенсіённую справу, пытанні аховы працы і занятасці насельніцтва, назначэння адраснай дапамогі.
Увогуле, змена месца работы – гэты своеасаблівае эмацыянальнае ўзрушэнне, якое ідзе на карысць кожнаму чалавеку. Новыя людзі, новыя веды і абавязкі – усё гэта адначасова і цяжка, і цікава.
– А якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць работнік сацыяльнай абароны?
– Трэба быць вельмі цярплівым чалавекам, умець кожнага выслухаць і прыйсці на дапамогу. Як кажуць самі работнікі ўпраўлення: да нас не звяртаюцца багатыя і шчаслівыя людзі, а прыходзяць абяздоленыя, пакрыўджаныя, тыя, з кім здарылася бяда. Таму калі ты раўнадушны чалавек, то ў сацыяльнай сферы працаваць не будзеш.
– Вы ўжо ўвайшлі ў курс справы? Як ацэньваеце тую спадчыну, што вам дасталася?
– Мне дасталася цудоўная спадчына, за што хацелася б падзякаваць Чаславе Эдвардаўне Кандратовіч, якая шмат гадоў працавала начальнікам упраўлення і ў гэтым годзе пайшла на заслужаны адпачынак. Яна арганізавала работу на самым высокім узроўні і сабрала цудоўную каманду – тут працуюць сапраўдныя спецыялісты, якія не толькі валодаюць прафесійнымі ведамі, але яшчэ з’яўляюцца цудоўнымі па сваіх асабістых якасцях, спагадлівымі, душэўнымі людзьмі.
Увогуле нашаму ўпраўленню даводзіцца займацца самымі рознымі пытаннямі – гэта і вырашэнне пытанняў аховы працы, занятасці насельніцтва, дзяржаўнага пенсіённага забеспячэння. Вялікая ўвага ўдзяляецца сёння адраснай дапамозе грамадзянам, якая носіць выяўленчы характар і прадугледжвае комплексны падыход у вырашэнні праблем кожнага чалавека. Яна накіравана на падтрымку маламаёмасных грамадзян і сем’яў, а таксама тых, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Мы з’яўляемся каардынатарам рэалізацыі шэрагу дзяржаўных праграм: па праблемах пажылых і адзінокіх людзей, інваліднасці, безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Упраўленне курыруе работу тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, куды таксама могуць прыйсці са сваімі праблемамі пажылыя людзі, інваліды, шматдзетныя сем’і і атрымаць не толькі матэрыяльную, але і псіхалагічную дапамогу ці якую-небудзь сацыяльна бытавую паслугу з шырокага комплексу паслуг, якія тут прадастаўляюцца за сімвалічную плату.
– І наколькі актуальнай з’яўляецца сацыяльная абарона насельніцтва? Ці шмат людзей звяртаюцца сёння за дапамогай?
– Сярод нас жыве шмат тых, хто сапраўды мае патрэбу ў падтрымцы і клопаце. Кожны дзень да нас прыходзяць, тэлефануюць людзі з самымі рознымі праблемамі, і наш абавязак не пакінуць ніводнага чалавека ў бядзе. У гэтым годзе адрасную дзяржаўную дапамогу атрымалі 254 сям’і на суму 209 мільёнаў рублёў. Бясплатнае харчаванне прызначана 173 дзецям першых двух гадоў на суму 242,6 мільёна рублёў. Інваліды 3 групы (такіх у раёне 339 чалавек) мелі магчымасць атрымаць дапамогу ў выглядзе аплаты сродкаў рэабілітацыі (пратэзаў, слыхавых апаратаў, артапедычнага абутку, сродкаў рэабілітацыі хворых на цукровы дыябет і іншых).
Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны 178 пенсіянерам і інвалідам, якім была неабходна часовая падтрымка, была выплачана аднаразовая дапамога на агульную суму 43,1 мільёна рублёў.
Ветэранам вайны, якіх у нас 24 чалавекі, аказана матэрыяльная дапамога на суму 27,4 мільёна рублёў.
Акрамя таго, мы выплачваем дапамогу па догляду за інвалідамі 1 групы і пажылымі людзьмі, якім больш за 80 гадоў і якія маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе – такіх у нас 139 падапечных. Выплачваецца пенсія дзецям-інвалідам, якіх у нашым раёне 75.
У службу занятасці ў гэтым годзе звярнулася 1152 чалавекі, з якіх 639 працаўладкаваны. 541 чалавек прынялі ўдзел у аплачваемых грамадскіх работах, як правіла, сельскагаспадарчых. Акрамя таго, арганізавана прафесіянальнае навучанне беспрацоўных грамадзян. Так, у бягучым годзе 61 чалавек былі накіраваны на навучанне і атрымалі прафесіі, запатрабаваныя на рынку працы. А 8 беспрацоўных атрымалі бязвыплатную субсідыю на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці. 4 чалавекі працаўладкаваны па праграме “Маладзёжная практыка”.
– А пра што марыць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва?
– Мне вельмі хацелася б, каб менш было абяздоленых, хворых і няшчасных людзей. А яшчэ – адзінокіх інвалідаў і пажылых людзей, якія па волі лёсу засталіся без сям’і.
– Што пажадаеце работнікам упраўлення з нагоды прафесійнага свята?
– Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, аптымізму. Няхай кожнаму спадарожнічае мудрасць, цярплівасць і ўдзячныя, добрыя словы людзей.
Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.