260-годдзе служэння кармелітаў адзначылі на гудагайскім фэсце


Сотні людзей з розных куточкаў Беларусі і бліжэйшага замежжа на машынах, веласіпедах і пешшу імчалі ў касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, каб адчуць невымоўную гармонію і намоленасць, якія пануюць тут; каб памаліцца ля цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай, падзякаваць ёй ці папрасіць аб сваім – асабістым ці набалелым…

Сёлета на шкаплерную ўрачыстасць прыпала некалькі юбілейных дат: 260-годдзе служэння кармелітаў у Гудагаі, 15-годдзе з моманту стварэння крыжовай дарогі – кальварыі, 10-годдзе надання храму статуса санктуарыя – асабліва намоленага месца і 35-годдзе абвяшчэння першага ў гісторыі Беларусі біскупа.

Да нашага часу захаваліся звесткі, што гудагайскі край па ваколіцы славіў цудадзейны абраз. У 1764 годзе Юзаф Война і яго жонка Людвіка з Сулістроўскіх ахвяравалі грошы на пабудову касцёла і кляштара кармелітаў. Менавіта з таго часу манахі гэтага ордэна апякуюцца святыняй і незвычайным абразом, а таксама старанна занатоўваюць цуды, якімі адорвае Маці Божая вернікаў – сваіх дзяцей…

Унікальнасць гудагайскай урачыстасці ў тым, што яна працягваецца два дні. Многія вернікі едуць у мястэчка і ў суботу, і ў нядзелю, а некаторыя не пакідаюць яго, каб і ноччу пабыць каля цудадзейнага абраза.


Кульмінацыяй першага дня стала кальварыя – крыжовая дарога даўжынёй у тры з паловай кіламетры. Гудагайскі шлях – унікальны: 16 стацый – на дзве больш, чым звычайна, – раскіданы сярод палёў і лясоў. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 15 гадоў назад падчас рэкалекцый для моладзі асвяціў крыжы, якія сталі стацыямі гудагайскай кальварыі.

Адолець шлях, духоўна ачысціцца і пазбавіцца грахоў вернікам дапамагалі святары, якія ў канцы вірлівага жывога натоўпу спавядалі людзей.

Вечаровая працэсія – адзін з самых прыгожых і кранальных момантаў першага дня. Цемру, як і дарогу перад цудадзейнай Маці Божай, асвячалі дзясяткі запаленых агеньчыкаў.


Гудагайскі храм навечна запісаны ў гісторыю каталіцтва на Беларусі: менавіта тут 35 гадоў назад было абвешчана аб прызначэнні першага пасля Другой сусветнай вайны ў нашай краіне біскупа – Тадэвуша Кандрусевіча. Гэта знакавая падзея дала штуршок адраджэнню Касцёла ў Беларусі і Расіі, дзе іерарх 16 гадоў выконваў біскупскае служэнне.

На галоўнай імшы прысутнічалі біскупы, шматлікія святары, католікі, грэка-католікі, праваслаўныя, прадстаўнікі раённай улады.

– Наш народ захаваў веру і перадаў яе наступным пакаленням. Людзі не пераставалі жыць надзеяй, што фацімскае пасланне аб навяртанні нашых зямель ажыццявіцца. І яны не памыліліся ў сваіх спадзяваннях, – у казанні зазначыў арцыбіскуп. – Дзякуй Божай Маці, святарам, кансэкраваным асобам, вернікам за падтрымку і малітвы ў маёй інтэнцыі. Перапрашаю за няўдольнасці ў служэнні, усе мы з’яўляемся людзьмі і можам памыляцца, хоць заўсёды імкнуўся служыць дзеля дабра касцёла і грамадства… Маці Божая Гудагайская, будзь нам палярнай зоркай у цемры грахоўнай ночы, заступайся за нас і абараняй шчытом твайго святога шкаплера.

Напрыканцы ўрачыстасці арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ахвяраваў Маці Божай Гудагайскай свой біскупскі пярсцёнак, які 35 гадоў назад у рымскай базіліцы атрымаў з рук святога Яна Паўла ІІ.

Сведчанні

Удзельнікі ўрачыстасці расказалі, якое значэнне для іх мае гудагайскі фэст і які з момантаў двухдзённага святкавання яны лічаць самым важным.

Ірына Шкрэд, г. Мінск:


– З сябрамі, блізкімі і вернікамі нашай парафіі Божага Цела, у якой служаць кармеліты, штогод стараюся прыехаць на ўрачыстасць у Гудагай. Маці Божую лічу сваёй апякункай, таму нашу медальён з выявай шкаплера.

Найбольш глыбокай па эмацыйным уздзеянні для мяне стала крыжовая дарога. Калі была маладзейшай, напэўна, не да канца разумела яе сутнасць. Менавіта дзякуючы гудагайскай кальварыі адчула тое, што перажываў Езус. Не толькі ў мяне, але і ў многіх іншых былі слёзы на вачах. Словамі складана растлумачыць, гэта трэба адчуць, прайшоўшы шлях самастойна.

На галоўнай урачыстай імшы кранулі словы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Якое шчасце, што мы можам верыць у Бога, хадзіць у храм, маліцца.

Генадзь Садоўскі, аг. Трокенікі:


– У нашай сям’і даўняя традыцыя  наведваць касцёльныя ўрачыстасці ў храмах Астравеччыны, а таксама ўдзельнічаць у будслаўскім і тракельскім фэстах. У Гудагай стараемся прыехаць і ў суботу, і ў нядзелю. Праўда, сёлета атрымалася пабыць толькі на галоўнай імшы. Служба была ўрачыстая, вельмі хораша спяваў сталічны хор.

Тэрэса Магадзя, г. Астравец:


– Калі маладзейшымі былі, ехалі ў мястэчках на ровах, цяпер мяне прывозяць на машыне. Слава пра цудадзейную Матачку Божую Гудагайскую ідзе спакон вякоў, яшчэ дзяды пра гэта казалі. Я і сама ўпэнілася. У сына была моцная алергія, а на што – доктары не маглі сказаць. Паехалі мы ў Гудагай. Упала на калені перад абразом, плачу, малюся і прашу нябесную заступніцу, каб пазбавіла маё дзіця хваробы. І што вы думаеце, з таго моманту алергію як рукой зняло – прыступы больш не паўтараліся. Таму колькі буду жыць і мець сілы, буду ехаць у Гудагай на фэст, каб падзякаваць нябеснай заступніцы за ўратаванае дзіця.

Ірына Яфімовіч, Гродна (без фота):

– На фэст трапіла ўпершыню і проста ўсёй душой палюбіла Гудагай. Хоць гэты невялікі драўляны храм і не вылучаецца адметнай архітэктурай ці багатым унутраным убраннем, тут ёсць больш значныя і важныя рэчы: намоленасць, гармонія, спакой. Тут апрыёры сябе адчуваеш шчаслівым! Найбольш уразілі крыжовая дарога і начная марыйная імша. Дзякуючы кальварыі я зразумела, наколькі важна дапамагаць іншым, таму што ахвочых раздзяліць цяжар з Хрыстом не знайшлося. А запаленыя на імшы ліхтарыкі і свечкі, як і натхнёныя твары людзей, нагадалі, што святло мацнейшае за цемру. Дзякуй усім, асабліва айцам-кармелітам і сёстрам законным, парафіянам за арганізацыю такога цудоўнага і духоўна глыбокага свята.











Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич