Легко ли добыть стройматерилы в Островецком районе?
У рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда” прыйшла пісьмовая скарга Галіны Чаславаўны Шаўроўскай, якая пражывае ў пасёлку Гудагай, на індывідуальнага прадпрымальніка Юрыя Фёдаравіча Дземяшкевіча. Гэтая скарга была наступнага зместу:
“24 жніўня я ў магазіне “Дамавы” заказала матэрыял для агароджы. Гаспадар магазіна ўзяў грошы ў суме 3 170 000 рублёў. Чэка не выдаў, а даў візітку. Аднак сутнасць не ў гэтым. Ён паабяцаў, што прывязе тавар праз тыдзень. Прайшло 10 дзён, а тавар так і не завезлі. Калі я патэлефанавала прадпрымальніку, то ён мне ў грубай форме адказаў: “Тавару няма. Да пабачэння”. Праз некалькі дзён зноў тэлефаную – і атрымліваю той жа адказ.
Толькі пасля таго, як я звярнулася ў падатковую інспекцыю, пытанне стала вырашацца. 13 верасня ў ІП Дземяшкевіча была праведзена праверка, аднак я пра гэта не ведала. Я зноў звярнулася ў магазін з патрабаваннем прывезці тавар ці вярнуць грошы. І атрымліваю адказ, што тавар будзе завезены, а вы ідзіце адсюль – я не хачу з вамі размаўляць. І гэта адказ чалавека, які не выконвае свае абавязкі!
14 верасня я нарэшце забрала свой тавар. Калі мы ўносілі грошы, то нам паабяцалі завезці тавар дадому, а ў выніку прыйшлося забіраць самім.
Ці варта наступны раз звяртацца ў гэты магазін, калі за свае грошы трэба траціць нервы і час? Я таксама чалавек, і разумею, што ў рабоце могуць узнікнуць няўвязкі. Аднак можна ж ветліва адказаць, растлумачыць сітуацыю і папрасіць прабачэння, як гэта робіцца ў іншых арганізацыях.
Спадзяюся, што ІП Дземяшкевіч панясе пакаранне за такія адносіны да кліентаў”.
За каментарыямі па гэтым пытанні мы звярнуліся да Юрыя Фёдаравіча Дземяшкевіча. І вось што ён нам расказаў:
– Сапраўды, раніцай 24 жніўня да мяне прыйшлі мужчына і жанчына і заказалі металапрофіль. Вечарам мужчына прывёз папярэднюю аплату ў памеры 3 170 000 рублёў. Я яму выдаў распіску аб тым, што ўзяў грошы, і выпісаў адрыўны талон. Я не абяцаў, што завязу тавар праз 7 дзён. Я толькі сказаў, што тэрмін вырабу металапрофілю на заводзе – 7 дзён. Адразу растлумачу, што металапрофіль – гэта не пачак клею, які можна прыйсці і адразу купіць. Гэта заказны выраб, які вырабляецца на заводзе пад памеры заказчыка – мы заказваем металапрофіль на Мінскім заводзе “Гальвамет”. У гэты ж дзень, 24 жніўня, гэтыя грошы былі пераведзены нашаму пастаўшчыку-дылеру “ЛедонБуд” (Юрый Фёдаравіч усе свае словы пацвярджае дакументамі – В.Ш.). 25-26 жніўня – выхадныя. 27 жніўня падрыхтавана заяўка на вытворчасць і скінута на завод, на наступны дзень мы атрымалі рахунак-фактуру з завода “Гальвамет”. І ў гэты ж дзень наш пастаўшчык-дылер перавёў грошы на завод. Як бачыце, з нашага боку ўсё зроблена ў самы кароткі тэрмін. Затрымка адбылася на заводзе. І хоць у нашым дагаворы з ім напісана, што тэрмін вырабу металапрофілю 5-7 дзён, аднак я разумею, што гэта вытворчы працэс, і ўсялякае бывае. Здараецца, што металу няма, бывае вялікая чарга, і яны проста не паспяваюць улажыцца ў тэрмін. Аднак і тут не такая вялікая затрымка. Калі нехта лічыць, што два тыдні для таго, каб вам зрабілі металапрофіль на заводзе ў Мінску пад вашы памеры, а мы завезлі тавар са сталіцы ў Астравец – гэта занадта доўга, то я так не думаю. Ужо 13 верасня мы атрымалі тавар з завода, і на наступны дзень пакупнікі яго забралі.
Наконт таго, што мяне быццам бы падштурхнула да дзеяння праверка падатковай інспекцыі, то гэта няпраўда. Раніцай 13 верасня я адправіў вадзіцеля ў Мінск за таварам – вось накладная за гэтае чысло аб тым, што ён забраў металапрофіль з завода. Толькі пасля гэтага да мяне прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспекцыі з праверкай. Таму логікі ў гэтай скарзе я не бачу ўвогуле.
Наконт таго, што я размаўляў з кліентам у грубай форме – гэта таксама няпраўда. Я магу размаўляць на павышаных танах, аднак я не магу размаўляць груба. Дарэчы, у гэтай скарзе ёсць недакладнасці, якія чамусьці пакупнікі пажадалі скрыць. Металапрофіль у мяне заказвалі мужчына і жанчына, грошы плаціў мужчына. А прыйшла да мяне ў магазін з выказваннямі ў нецэнзурнай форме, пагрозамі і патрабаваннямі таго, каб я вярнуў грошы, увогуле трэцяя асоба – маладая жанчына. Як я аддам грошы чалавеку, якога нават не бачыў? У мяне была дамоўленасць з мужчынам, і ў яго я браў грошы. Я і сказаў гэтай маладой жанчыне, што я яе не ведаю і з ёй размаўляць не буду. Прэтэнзіі я гатовы прымаць ад мужчыны, з якім у нас была дамоўленасць, дарэчы, якога я так і не змог знайсці.
А тавар сапраўды я не завёз на дом. Мы часам адвозім тавар нашым кліентам па ўласнай ініцыятыве, аднак мы – не таксі. І пасля такіх адносін я прынцыпова не стаў гэтага рабіць.
Што мяне здзівіла больш за ўсё, дык гэта тое, што ўжо 15 і 16 верасня гэтыя людзі зноў звярталіся ў наш магазін за пакупкамі. Калі ім тут так не падабаецца, калі іх тут зневажаюць – чаму яны прыходзяць зноў і зноў?
Разабрацца, хто ў гэтай сітуацыі правы, а хто вінаваты, аказалася не так проста. Што тычыцца чэка, якога гаспадар “Дамавога” не выдаў, то гэта, вядома, парушэнне, якім займалася падатковая інспекцыя.
Калі казаць пра ветлівасць – то гэта паняцце адноснае. Адна справа, калі чалавек прыходзіць у магазін, просіць нешта растлумачыць, а яму адказваюць у грубай форме – то гэта сапраўды крыўдна. Але ж калі вы пагражаеце выклікаць на прадпрымальніка КДБ, ваенна-паветраны флот і Страсбургскі суд, і ўсё гэта ў нецэнзурнай форме, і вам адказваюць не ветліва – то гэта, прабачце, іншая размова. Мы не былі сведкамі, хто як і з кім размаўляў, таму і ролю суддзі на сябе браць не будзем.
Можна сказаць, што індывідуальны прадпрымальнік Дземяшкевіч вінаваты ў тым, што затрымаў тавар. Аднак і тут па дакументах усё складваецца так, што сваю работу ён выканаў своечасова, затрымка адбылася на заводзе “Гальвамет”. ІП Дземяшкевіч мог пайсці па шляху Галіны Чаславаўны і адразу падаць на завод у суд: маўляў, чаму яму бізнес псуюць сваімі затрымкамі? Аднак ён гэтага не зрабіў, бо разумее, што ўсё гладка, без сучка і задорынкі, бывае толькі ў тых, хто не працуе.
Напэўна, праблемы можна было б пазбегнуць, калі б прадпрымальнік сам патэлефанаваў заказчыку і папрасіў прабачэння за затрымку, і канфлікт быў бы вычарпаны. Аднак ён гэтага не зрабіў, а заказчык не захацеў цярпліва чакаць.
Калі ж гаварыць не пра гэты канкрэтны выпадак, а пра сітуацыю ў цэлым, то магазін “Дамавы” сапраўды мае рэпутацыю не вельмі, так бы мовіць, абавязковага і аператыўнага: кажуць, што калі там штосьці заказаць, то давядзецца доўга чакаць тавар. ІП Дземяшкевіч тлумачыць гэта тым, што на фірме толькі адзін вадзіцель, а заказаў вельмі шмат, і часам ён проста не паспявае. Прадпрымальніка можна зразумець. Аднак калі ён хоча, каб у час канкурэнцыі кліенты выбіралі яго магазін, то варта падкарэкціраваць сваю работу і зрабіць усё магчымае, каб такіх затрымак не ўзнікала. Бо зразумець можна і раззлаваных кліентаў. Да прыкладу, нехта ўзяў водпуск і хоча за гэты час зрабіць рамонт – хоць бы ў ваннай. Заказаў плітку ў магазіне, і там паабяцалі яе прывезці за тыдзень – а чакаць даводзіцца тыдзень, месяц… Водпуск даўно закончыўся, планы парушаны. Пайсці ў іншы магазін – таксама не атрымліваецца, бо заплачана перадаплата. Зразумела, што кліент будзе гневацца. І калі такія затрымкі ўзнікаюць па віне магазіна, то варта, каб прадпрымальнік сам патэлефанаваў заказчыку, папрасіў прабачэння і растлумачыў прычыну затрымкі. Усё ж такі выказванне, што кліент заўсёды правы, у большасці выпадкаў павінна быць дэвізам для паспяховага бізнесмена.
P.S.
Здавалася б, у гэтай гісторыі “дрэнны” герой – індывідуальны прадпрымальнік. Аднак, пасля гэтага журналісцкага расследавання стала зразумелым, што не ўсё так адназначна. Патэлефанаваўшы Галіне Чаславаўне, я пачула выказванне, якія толькі пацвердзілі мае здагадкі. Першае: “Так, пасля гэтага мы некалькі раз прыходзілі ў магазін. І жанчына, якая там працуе, была з намі вельмі ветлівай. А вось Дземяшкевіч чамусьці ішоў у свой кабінет і зачыняўся”. Вось цікава – а калі вас так пакрыўдзілі і абразілі, вам хацелася б бачыць яго часцей, так? Другое выказванне было сказана з несхаванай злараднасцю: “Я ведаю, што пасля праверкі падатковай інспекцыяй Дземяшкевіч быў аштрафаваны. Аднак мне гэтага мала – я хачу, каб ён за ўсё адказаў! Я буду скардзіцца і ў вышэйшыя інстанцыі, да Прэзідэнта дайду”.
Прыватны прадпрымальнік Дземяшкевіч нікога не абакраў, не падмануў, не прадаў няякасны тавар, за які адмаўляецца аддаваць грошы. Так, ён затрымаў тавар. Аднак ці такі ён злачынца, каб жадаць яму столькі зла? Штосьці падказвае мне, што справа не ў затрыманым матэрыяле для агароджы. Тут нешта асабістае…
--------------------------
Вольга ШОЎКУН.
Бліц-апытанне “Што выбіраюць астраўчане?”
Сёння ў нашым раёне налічваецца 11 гандлёвых кропак (гэта не лічачы тыя будаўнічыя арганізацыі, якія зарэгістраваны ў іншых гарадах і працуюць “на выезд”) – 8 у Астраўцы і па адной у пасёлку Гудагай і ў Варнянах, – у якіх можна набыць тыя ці іншыя будаўнічыя матэрыялы. Адны спецыялізуюцца на вузкім профілі – шпалеры або дзверы, іншыя – на вялікім пераліку тавараў, якія можна набыць адразу ці заказаць на вялікіх заводах-вытворцах са сталіцы ці абласных цэнтраў.
Каб высветліць у якіх магазінах лічаць за лепшае закупацца астраўчане, дзе ім больш падабаецца абслугоўванне, хуткасць выканання заказаў і іх якасць – наш журналіст правёў невялікае апытанне.
Наталля, 32 гады:
– У гэтым годзе я распачала рамонт у кватэры. Каб знайсці добрыя суадносіны паміж прыгажосцю, коштам і якасцю, давялося абысці шмат магазінаў. Вялікі выбар шпалер, на мой погляд, у магазіне “Асарці” і ў магазіне “Інтэр”ер”, там жа можна набыць і клей для іх. Плітку для столі я купіла ў магазіне “Дамавы”, таксама мне там спадабаўся выбар лінолеума і плінтусоў. А вось фарбу для вокнаў я выбірала ў магазіне “БудМаркет”.
Аляксандр, 26 гадоў:
– Апошнім часам вялікага рамонту мы ў сваім доме не рабілі, але калі тэрмінова трэба набыць фарбу, шпалеры ці плітку, я па старой звычцы іду ў магазін “Дамавы”. Гэта адзін з першых астравецкіх магазінаў будматэрыялаў, дзе можна набыць якасны тавар за разумны кошт. Ды і ад дома недалёка – таму я застаюся верным яму.
Уладзімір, 27 гадоў:
– У мінулым годзе мы з жонкай задумалі рамонт у кватэры, але, прызнаюся шчыра, выбар у мясцовых магазінах не ўразіў: цэны вялікія, а неабходных нам тавараў амаль не было. Таму самае галоўнае – цэмент, фарбы, плітку, шпалеры – я закупаў у Смаргоні: там і цэны ніжэй, і выбар большы. Нават за вылікам дарогі я ўсё роўна застаўся ў плюсе.
Наталля, 36 гадоў:
– Асабіста мне вельмі спадабаўся магазін “Будаўнік”. Апошні раз я там заказвала ламінат. Даставілі яго своечасова і пад самы пад’езд, ніякай перадаплаты ўносіць не трэба было. Усё культурна, ветліва. Наконт сантэхнікі ўсім параю магазін з такой жа назвай – “Сантэхніка”: там да кожнага пакупніка і яго меркавання ставяцца ўважліва, калі трэба – параяць нешта, калі рэч, якую набыў для дома, не падыходзіць па нейкіх тэхнічных параметрах – заўсёды памяняюць або вернуць грошы. Ну, а большасць будматэрыялаў я ўсё ж набывала ў Мінску, Маладзечна і Смаргоні, дзе выбар, як мне здаецца, крыху большы.
Марыя, 72 гады:
– У мяне ўжо не тыя гады, каб у хаце пачынаць рабіць вялікі рамонт. Так, раз у некалькі гадоў, дачка з зяцем дапамагаюць зрабіць касметычнае абнаўленне пакояў, у гэтым я цалкам давяраю ім. Самі яны жывуць у Маладзечна і таму, звычайна, шпалеры, вагонку ці лінолеум прывозяць з сабой, а вось клей і фарбы мы бяром тут на месцы. Вельмі добры выбар, я лічу, у магазіне “Інтэр”ер”. Даволі часта сюды заходжу і нешта прыглядваю для рамонту.
Гэты матэрыял падштурхнуў рэдакцыю газеты “АП” паспрабаваць даведацца, якім магазінам, што гандлююць будаўнічымі матэрыяламі, аддаюць перавагу жыхары Астравеччыны. Менавіта для вас, шаноўныя чытачы і інтернетчытачы, мы арганізоўваем новае апытанне. Астаўце на галоўнай старонцы нашага сайта ў апытанні, якое мы сёння распачынаем, свае галасы насупраць тых магазінаў, паслугамі якіх вы часцей карыстаецеся (можна адзначыць да трох магазінаў).
Дык якім магазінам давяраеце Вы?