В Гудогае ремонтируют дорогу

“Нарэшце і мы дачакаліся!” – амаль на кожным кроку сёння можна пачуць у Гудагаі ад людзей, якія абмяркоўваюць падзею №1 – рамонт капітальнай дарогі ці цэнтральнай вуліцы Ленінскай у пасёлку. І сёння словы скептыкаў пра тое, што Гудагай нікому не патрэбен, растаюць, бы марожанае ў летнюю спёку.

Добраўпарадкаванне пасёлка пачалося яшчэ ў мінулым годзе. Тады высеклі прыдарожную паласу, што закрывала від на школу з дарогі і была, па сутнасці, мясцовай смеццезвалкай. Вясной і восенню школьнікі чысцілі гэтыя елачкі і набіралі не адзін трактарны прычэп смецця. Але сітуацыя паўтаралася з году ў год.
Потым на цэнтральнай вуліцы Гудагая палажылі новенькі асфальт і пачалі рабіць тратуары. Праўда, як часта бывае, скончыліся выдзеленыя грошы, а з імі – і добрыя намеры. Але нават тое, што было зроблена, дазволіла Гудагаю набыць новы твар.
Скептыкі зноў засумняваліся: “Раскапалі і кінулі. Напэўна, ужо і не даробяць…”
Але сёлета работы прадоўжыліся. Большасць жыхароў з задавальненнем адзначылі, што хадзіць цяпер з аднаго боку Гудагая ў другі стала значна лепш – ідзеш па новенькім тратуары і цешышся жыццём – не трэба думаць пра аўтамабілі, у тым ліку і велікагрузныя, якія снуюць туды-сюды.
– Добра стала ўжо тады, калі быў пракладзены і заасфальтаваны нават адзін бок тратуарнай дарожкі. А што ўжо гаварыць цяпер, калі рамонт амаль закончаны? – дзеліцца ўражаннямі жанчына, якая кожны дзень дабіраецца на работу па цэнтральнай вуліцы пасёлка. – А вось зімы чамусьці чакаю з бояззю. Хвалюе: ці будуць расчышчацца тратуары? Калі не, то давядзецца хадзіць па аўтамабільнай дарозе, а гэта небяспечна.
І з хваляваннямі жанчыны нельга не пагадзіцца. Таму па каментарыі мы звярнуліся да старшыні Гудагайскага сельскага Савета Марыі Іванаўны Безляповіч.
– Пытанне з разраду важных, але да зімы яшчэ трэба дажыць. Было б добра, каб жыхары пасёлка з разуменнем аднесліся да гэтай праблемы і дапамаглі з расчысткай тратуараў. Але вялікай бяды быць не павінна. Дарога, якая праходзіць праз Гудагай, рэспубліканскага значэння, яна знаходзіцца на балансе ДЭУ-157 горада Ашмяны. Штогод гэтая арганізацыя займаецца расчысткай не толькі аўтамабільнай дарогі, але і пешаходнай сцежкі, таму, мяркую, што тратуары яны таксама будуць чысціць.
Заказчыкам капітальнага рамонту аўтамабільнай дарогі з’яўляецца “Гроднааўтадор”, а Астравецкае ДРБУ-159 – падрадная арганізацыя, якая выконвае некаторыя віды работ і кантралюе працэс рамонту. Згодна з праектам вырашана прадоўжыць пешаходную дарожку, якая вяла да сярэдняй школы. Добраўпарадкавана была і яшчэ адна праблемная зона ў пасёлку – канава каля чыгуначнага пераезду: яе расчысцілі, засыпалі свежым грунтам і засеялі газоннай травой, а ўздоўж яе з двух бакоў дарогі з’явіліся парапеты.
А калі ўздоўж галоўнай вуліцы пачалася ўстаноўка ліхтароў – людзі ўвогуле ўзрадаваліся. Але не ўсе, ёсць скептыкі, якім усё і заўсёды дрэнна. І зноў пачуліся незадаволеныя галасы: “Нешта тут не тое… Чаму гэта так узяліся за Гудагай?”
А чаму б і не? Некалі ж і на вуліцы гудагайцаў павінна быць свята. І яно будзе! Як паведаміла старшыня сельвыканкама, у наступным годзе добраўпарадкаванне пасёлка будзе прадоўжана.
Мясцовае насельніцтва да капітальнага рамонту дарогі адносіцца па-рознаму – гэта пацвярджаюць і дарожнікі. Ім, як нікому, даводзіцца выслухоўваць і падзякі, і скаргі.
Асноўная нагода для скаргаў – тое, што пасля ўкладкі новага асфальту і тратуараў выехаць з многіх двароў, якія размяшчаюцца з пачатку вуліцы Ленінскай, стала складана – вельмі вялікі ўхіл. Скардзіцца на гэтую праблему жыхары пачалі яшчэ ў мінулым годзе – тэлефанавалі і ў ДРБУ-159, і ў райвыканкам, выходзілі на заказчыка капітальнага рамонту “Гроднааўтадор”. Жыхарам ішлі насустрач – рабілі так, як яны прасілі. Але не заўсёды погляды жыхароў і майстроў на праблему супадалі – і незадаволеныя ўсё ж засталіся.
Тыя жыхары, якія ўяздныя вароты аднеслі ўглыб двара, засталіся ў выйгрышы, тыя, хто перапланіроўку зрабіць не захацеў, ці па нейкіх прычынах не змог, заязджаюць у двор і выязджаюць з яго з праблемамі – машына трэцца днішчам па пракладзеным асфальце.
Але ж, думаецца, калі жыхары “праблемных” падвор’яў і дарожнікі будуць разам шукаць кампраміс, а не станавіцца ў позу, то ўсе пытанні можна вырашыць.
У цэлым жа работы па рамонце амаль закончаны, засталіся дробязі – вываз будаўнічага смецця, добраўпарадкаванне абочын дарогі, пасеў травы – якія, хочацца спадзявацца, будуць зроблены ў час.
Мяне, карэнную жыхарку Гудагая, змяненні, якія адбываюцца ў пасёлку, радуюць: роўненькі асфальт, тратуары і, што самае галоўнае, вулічнае асвятленне, якога, асабліва зімой, калі дзеці позна вярталіся са школы, не хапала.
Хочацца таксама звярнуцца і да мясцовых жыхароў. Многія з нас дэманстратыўна не звяртаюць увагі на тое, што робіцца дзяржавай для таго, каб нашы гарады і вёскі прыгажэлі. Некаторыя ўспрымаюць гэта, як належнае, яшчэ і чакаюць, калі прыйдуць касцы і скосяць абмежкі каля іх плота ці дарожныя рабочыя падмятуць тратуарныя сцежкі, вырвуць траву, якая прарасла паміж асфальтам і тратуарам.
Пры такіх адносінах да таго ж добраўпарадкавання, калі лічыцца, што ўсё, што за плотам – не маё, прыгажосць, якая зараз радуе вока і грэе душу, доўга не пратрымаецца.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ,
фота аўтара.