Островчане нашли самый северный пункт дуги Струве

Прачытаўшы артыкул Уладзіміра Уладзіміравіча Прыхача, немагчыма было не зацікавіцца таямнічым пунктам “Конрады”. Тым больш, што я ведала: добры дзясятак гадоў таму краязнаўца Алесь Юркойць ужо спрабаваў адшукаць яго. На жаль, безвынікова.

А тут – гатовыя геаграфічныя каардынаты і падрабязная карта!
13 ліпеня (вырашылі не звяртаць увагу на фатальнасць даты) міні-экспедыцыя ў складзе Алеся Юркойця, Дзмітрыя Дамарада, Ірыны Смірновай і мяне вырушыла на пошукі.
Ні Кандратоў, ні тым больш Камароўшчыны як населеных пунктаў ужо не існуе. Аб апошняй вёсцы наогул нагадваюць хіба што былыя палісады ды фрагмент спарахнелага плоту ў бэзавых кустах.
Стан дарогі такі, што па ёй пасля зацяжных дажджоў можна праехаць толькі на трактары, таму мы ідзём пешшу. У Алеся – карта, у Дзмітрыя – навігатар, у нас з Ірынкай – энтузіязм і жаданне не з’ехаць па слізкай гразі ў чарговую лужыну.
У адпаведнасці з картай пункт знаходзіцца на высокім пагорку, а за Камароўшчынай іх нямала. Мы абследуем кожны, які трапляецца на шляху. А Дзмітрый, у якога інтуіцыя – прафесійная якасць, ідзе наперад.
Хвілін праз сорак прыходзіць СМС-ка: “Здаецца, знайшоў”. Не ідзём да яго – бяжым.
Пагорак сапраўды адметны. Хутчэй за ўсё гэта наогул старажытнае гарадзішча, прычым незарэгістраванае археолагамі. Але нам пакуль не да таго…
…Над пунктам дугі Струвэ ўзвышаецца амаль што Эйфелева вежа – як інакш можа назваць трайную металічную піраміду, верхняя з якіх вышынёй пад 20 метраў? “Гэта геадэзічны сігнал”, – тлумачыць Алесь.
Мы акуратна раскопваем месца, дзе, па нашым разуменні, знаходзіцца аб’ект пошуку. Пад дваццацісантыметровым слоем грунту знаходзім цэментную пліту з крыжам у цэнтры. Ачышчаем рукамі, абмываем прынесенай пітной вадой: ЁН! Знайшоўся! Ура!


Потым, разглядаючы мясцовасць, знаходзім два здаравенныя, таўшчынёй у палец, цвікі. Здаецца, даўнейшыя. Хутчэй за ўсё, каваныя. Пагнутыя – таму майстры іх адкінулі ўбок.
Як ні стараемся знайсці хоць бы аскепачак керамікі, каб пацвердзіць наяўнасць гарадзішча, – безвынікова.
Але на ўзнятасць настрою гэта не ўплывае – 12 кіламетраў блуканняў пад дажджом па бездарожжы аказаліся недарэмнымі: самы паўночны пункт дугі Струвэ знайшоўся!


Ганна ЧАКУР.