Островчане делали свой выбор

Галоўнай падзеяй мінулага тыдня ў Беларусі сталі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Аб тым, як праходзілі яны ў нядзелю на Падольскім участку для галасавання №70, назіраў журналіст “Астравецкай праўды”, які з’яўляўся там і грамадскім наглядальнікам.


…Як паведаміў старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Іван Францавіч Сухарэўскі, у спісы для тайнага галасавання на Падольскім участку ўнесены прозвішчы 520 выбаршчыкаў. 136 з іх скарысталі сваё права і прагаласавалі датэрмінова – урна з гэтымі бюлетэнямі стаіць, апячатаная, на відным месцы.






Дарэчы сказаць, нягледзячы на крытыку апазіцыі і яе заклікі байкатаваць выбары ўвогуле, а датэрміновае галасаванне – асабліва, гэтая форма волевыяўлення карыстаецца ўсё большай папулярнасцю ў выбаршчыкаў. Ну сапраўды, ці мала клопатаў у вяскоўцаў у гарачы асенні час? А калі надвор’е, як у мінулую нядзелю, і не дазволіць асабліва завіхацца ў полі ці на агародзе, то ў вольны нядзельны дзень можна і адпачыць…



Участак для галасавання адкрыўся роўна ў восем гадзін раніцы. Але падальчане з самай раніцы не спяшаюцца ў сельскі Дом культуры, імкнучыся перш управіцца па гаспадарцы. Першыя выбаршчыкі – сям’я Івана Іосіфавіча і Галіны Вацлаваўны Валодзькаў – пераступаюць парог участка амаль у дзевяць гадзін.
Затое спяшаюцца члены выбарчай камісіі. Участак для галасавання №70, як і Падольскі сельскі Савет увогуле, – вельмі раскіданы, у ім ажно 23 населеных пункты. І чакаць, што пажылыя людзі, якія складаюць тут значную частку выбаршчыкаў, самі прыйдуць на ўчастак для галасавання за некалькі кіламетраў з тых жа Буцюрмоў, Белай Вады ці Каранятаў – справа марная, да таго ж негуманная: не тыя



ў іх сілы і здароўе. Таму члены выбарчай камісіі з асобнымі спісамі і апячатанымі ўрнамі для тайнага галасавання раз’язджаюцца па трох маршрутах. Адна машына з членамі выбарчай камісіі – не менш двух чалавек на маршрут – кіруецца на Гадзілуны, Караняты, Варзяны, Паляны, другая – на Буцюрмы, Попішкі, Малыя і Вялікія Свіранкі, трэцяя – на Ясень, Белую Ваду, Буйкі, Барані, Марцінова…
Тым часам на участку становіцца ўсё больш ажыўлена.
Прыязджаюць і раскладваюць прысмакі ў выязным буфеце работнікі гандлю. Хоць вясковы магазін – за некалькі метраў ад Дома культуры, і тыя часы, калі ў дзень выбараў у буфеце на ўчастку прадавалі дэфіцыты, даўно мінуў – у дэфіцыце зараз нават у вёсцы хіба што грошы, усё ж выязны гандаль застаўся адной з традыцый выбараў. Не самай горшай, трэба сказаць. Дык навошта ж яе парушаць?



Многія на выбарчы ўчастак прыходзяць сем’ямі – як Уладзімір і Людміла Шэша з маленькай дачушкай Вуллянкай, ці Іна Станіславаўна Казарэз з сынам Артурам, ці Мікалай Капуста з трыма сваімі дзецьмі. Гэта таксама добрая традыцыя: апускаючы запоўнены бацькамі бюлетэнь у урну для галасавання, дзеці з маленства пранікаюцца значнасцю моманту – і ў будучым, трэба спадзявацца, у іх не ўзнікне пытання: ці залежыць што ад майго голасу?
Так, як не ўзнікае яно ў старэйшага пакалення. Васьмідзесяцігадовая пенсіянерка Яніна Іванаўна Шып перш распытала членаў выбарчай камісіі, за каго сёння галасуюць, што гэта за чалавек – Валерый Уладзіміравіч Кокаш, адкуль ён, дзе працуе, а потым, філасофскі заўважыўшы: “Можа, мой голас і дапаможа яму”, – скіравалася да кабіны…
Трэба сказаць, што не толькі Яніна Іванаўна мала ведала пра кандыдата ў дэпутаты. На выбарчым участку становіцца зразумелым, што, хоць і адпрацаваў на Астравеччыне Валерый Уладзіміравіч шмат гадоў, хоць і сустракаўся падчас перадвыбарнай агітацыі з выбаршчыкамі, хоць і вісяць яго плакаты ў многіх ажыўленых месцах у раёне, не ўсе, асабліва ў аддаленых вёсках, ведаюць пра яго. І не толькі пажылыя людзі, але і маладыя. Тыя, праўда, не спадзяюцца на словы членаў выбарчай камісіі: падыходзяць да інфармацыйнага стэнда і ўважліва вывучаюць біяграфію кандыдата ў дэпутаты, каб затым у кабіне для тайнага галасавання зрабіць свой выбар. На жаль, інфармацыя там таксама скупаватая – толькі біяграфічныя звесткі, якія не шмат раскажуць пра чалавека.



…Ажыўлена становіцца на ўчастку пасля імшы ў Падольскай капліцы: вяртаючыся з богаслужэння, людзі заходзяць, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак. Многія застаюцца яшчэ і на канцэрт, які падрыхтавалі мясцовыя артысты. Загадчыца Дома культуры Алена Мураўская на нейкі час перакваліфікавалася з члена выбарчай камісіі ў вядучую канцэрта і нават цікавую артыстку – і гэтае пераўвасабленне было надзвычай удалым, як і ва Уладзіміра Клюкоўскага. Разам з маленькімі зорачкамі з харэаграфічнага калектыву “Сузор’е” і іншымі артыстамі яны падарылі аднавяскоўцам некалькі радасных і прыемных хвілін.
…Вяртаюцца з маршрутаў выязныя камісіі. Спіс прыняўшых удзел у выбарах паціху запаўняецца. Надвячоркам прыходзяць на ўчастак тыя, хто па нейкай прычыне не паспеў зрабіць гэта раней.



Восем гадзін вечара. Выбарчы ўчастак закрываецца. Да гэтага моманту ўжо вядома, што ўдзел у выбарах прынялі 480 чалавек з 520, унесеных у спіскі для тайнага галасавання – 92 працэнты. Па чарзе ўскрываюцца апячатаныя урны: спачатку – для датэрміновага галасавання, затым – тыя, з якімі ездзілі на выезд, і самай апошняй – асноўная. Разбіраюцца бюлетэні, раскладваюцца на тры стосы: “за” кандыдата ў дэпутаты, “супраць” яго, несапраўдныя бюлетэні… І нават няўзброеным вокам відаць, што на гэтым участку большасць выбаршчыкаў аказалі крэдыт даверу Валерыю Уладзіміравічу Кокашу.



Падлік галасоў пацвярджае гэтую выснову: за Валерыя Уладзіміравіча Кокаша прагаласавала 419 выбаршчыкаў Падольскага сельскага Савета, супраць – 56 і 5 бюлетэняў прызнана несапраўднымі.
Такім чынам, выбары на Падольскім участку для галасавання №70, як і ў цэлым па раёне, адбыліся. І пераканаўчую перамогу ў іх атрымаў Валерый Уладзіміравіч Кокаш. З чым чым яго і віншуем!

-------------------
Ніна РЫБІК,
фота аўтара.