На карте Островетчины: Гири
3
Звычайна калі збіраюся пісаць пра адметныя куточкі нашай Астравеччыны, вельмі хвалююся. Спачатку імкнуся знайсці ў даведніках і ўсюдыісным інтэрнэце цікавую інфармацыю, адшукаць матэрыял пра архітэктурныя помнікі і прыродныя асаблівасці мясцовасці – і толькі пасля еду ў вёску...Але дарэмнымі былі мае хваляванні, калі я выпраўлялася ў Гіры. Пытанне двухмоўя – беларускага і літоўскага – знікла, калі перада мной адчыніліся дзверы патомных жыхароў Гіраў... З простымі, шчырымі, вясковымі людзьмі, якія тут жывуць, заўсёды знойдзеш агульную мову.
Гіры – адметны літоўскі анклаў пасярод беларускамоўных вёсачак Астравеччыны. Як сцвярджаюць мясцовыя старажылы, у перакладзе з літоўскай мовы назва вёскі гучыць як “лясы”.
Гіры – адзіная вёска на Гродзеншчыне, куды з пачатку ХХ стагоддзя штодзённа хадзіў і ходзіць аўтобус з Вільні.
Гіры – старажытнае паселішча: упершыню яно згадваецца ў подпісу войска Вялікага княства Літоўскага ў 1567 годзе.
Сёння, па звестках спецыялістаў Гервяцкага сельскага Савета, у Гірах 37 жылых дамоў, у якіх пражывае 76 чалавек. Яшчэ дзесяць гадоў назад тут быў магазін, аддзяленне сувязі, клуб, пры якім дзейнічала фальклорная група “Жыльвітас”… А сёння ў Гіры прыязджае аўталаўка і паштальён спраўна прывозіць газеты і часопісы.
Ля ўезду ў вёску з боку Солаў размешчаны могільнік, які ў пэўным сэнсе адметны. Ён рассечаны напапалам дарогай – а гэта, як сцвярджаюць некаторыя крыніцы, на тэрыторыі Беларусі сустракаецца рэдка.
Драўляная, пачарнелая ад часу капліца святой Сям’і кожную нядзелю збірае на богаслужэнне жыхароў Гіраў. На імшы моляцца па-літоўску.
Мясцовыя бабулі, якія ходзяць з дапамогай кавенькі, акрыляюцца і здаравеюць: у вясковай каплічцы кожную нядзелю можна паслухаць навуку гервяцкага ксяндза Леаніда Несцюка.
У цэнтры вёскі на раздарожжы стаіць капліца, якую пабудавалі ў 1930 годзе ў гонар 500-гадовага юбілею з дня смерці вялікага князя Вітаўта. Праўда, ніхто з мясцовых жыхароў не змог успомніць, хто быў фундатарам гэтай невялікай прыдарожнай каплічкі.

Побач з ёй узвышаецца манументальная стэла. Яна была пабудавана ў 1970 годзе на ўшанаванне памяці жыхароў вёсак Гіры, Кністушкі, Віктасіна, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сёлета вёска, як і стэла, і тэрыторыя вакол яе, былі добраўпарадкаваны: пасаджаны дэкаратыўныя дрэвы, пакладзена плітка… І досыць нечакана выглядае буслінае жытло на вяршыні халоднага каменнага помніка. Як расказваюць мясцовыя жыхары, гняздо многа разоў прыбіралі іпераносілі ў іншае месца, аднак птушкі кожную вясну тут усё роўна будуюць свой “дом”.
Мне падумалася, што ў гэтым ёсць сакральны сэнс. Многія ўраджэнцы Гіраў пакінулі бацькоўскае гняздо ў пошуках лепшай долі ў іншых краях – але штогод яны імчаць з розных куточкаў зямлі да сваіх старэнькіх бацькоў, бо памятаюць сваю мову, традыцыі і карані і берагуць іх як найкаштоўнейшы скарб. Можа, дзякуючы гэтаму Гіры і засталіся самабытным літоўскім анклавам Астравеччыны?
Радавое дрэва Лукшаў
Хто, калі не стараста вёскі, больш за астатніх ведае пра турботы і патрэбы мясцовых жыхароў?! Тым больш што стараста Гіраў, дэпутат сельскага Савета Уладзімір Уладзіміравіч Лукша – з мясцовых: тут нарадзіўся, тут гадаваўся, тут пабраўся шлюбам і выгадаваў разам з жонкай шасцёра дзяцей…
Аднак раніцай заспець гаспадара дома няпроста: Уладзімір Уладзіміравіч працуе загадчыкам па гаспадарчай дзейнасці ў Рымдзюнскай сярэдняй школе з літоўскай мовай навучання. У дзень нашага прыезду стараста вёскі быў у Смаргоні па рабочых справах, і мы пагутарылі з яго жонкай,Ганнай Уладзіміраўнай Лукша:
– Я сюды прыехала па размеркаванні пасля сельскагаспадарчага тэхнікума. Прызначылі мяне брыгадзірам, а я ні слова не разумею: усе размаўляюць па-літоўску. Што рабіць? З людзьмі ж працаваць трэба! Паставіла сабе мэту навучыцца разумець літоўскую мову. Пра тое, каб
размаўляць на ёй, нават і не марыла. Неўзабаве хтосьці падсунуў мне літоўскі буквар – справа зрушылася з месца, і я дастаткова хутка асвоіла літоўскую гаворку, тым больш што шмат у нас моладзі было. А якія танцы тады ладзіліся! Хоць у Гірах быў свой клуб, існавала
завядзёнка хадзіць на танцы ў суседнія вёскі: у Валэйкавічы, Гальчуны, Альгіняны. А вось у суседніх Рымдзюнах бывалі чамусьці радзей.
На танцах мы і пазнаёміліся з Валодзем. Я тады здымала жыллё ў Кністушках, а ён быў з мясцовых, гірскіх. Некалькі разоў пасля танцаў праводзіў мяне дадому, пасля пачалі сустракацца. Спадабаўся ён мне сваёй сціпласцю і раўнавагай.
Праз два гады пасля таго, як я прыехала на Астравеччыну, мы распісаліся ў мясцовым клубе… І ўжо сорак гадкоў разам – праляцелі яны, як адзін дзень.Весела раней жылі: шмат моладзі было, а мясцовая фальклорная група “Жыльвітас” грымела не толькі на ўсю Беларусь, але і далёка за яе межамі. Мой муж – літовец, я – беларуска. І многа такіх шлюбаў у Гірах. І колькі жыву тут, ніколі з-за гэтага не было канфліктаў: аднолькава паважалі адзін аднаго, нягледзячы на нацыянальнасць, узрост і пасады.
Свякроў мая Генуэфа Андрэеўна прыняла мяне як дачку. У адной хаце столькі гадоў пражылі – і ніводнай звады не было. А калі быў час сварыцца? У 6 раніцы я выязджала на работу, а толькі пасля 10 вечара вярталася. Гэта зараз у калгасах ёсць аўтобусы, якія пад- возяць
працаўнікоў. А я спачатку на ровары, затым – на мапедзе дабіралася на ўчасткі ў Мільцэі, Кністушкі.
…Адзін за адным пайшлі ў нас дзеткі: Гедымінас, Руслан, Света, Вітас, Андрэй, Уладас… Ніводнага дзянёчку ў дэкрэце не сядзела: мама мужа дапамагала дзетак гадаваць. І выхадных у нас не было: Каляды ці Тры Каралі, а вагоны прыйшлі з угнаеннямі – трэба разгружаць, на Веліканац – сеяць…
Валодзя працаваў у калгасе шафёрам і часта браў малых з сабой: пасадзіць у машыну – і паехалі… Добрыя дзеткі ў нас выраслі: у школе нядрэнна вучыліся, затым адукацыю ў тэхнікумах і інстытутах атрымалі, свае сем’і стварылі…
На мужава 60-годдзе сын Вітас падарыў радавод нашай сям’і. Толькі падумаць: дзякуючы каханню двух людзей – нашаму каханню! – утварылася такое магутнае і вялікае дрэва роду Лукшаў! Праўда, у радаводзе пазначаны толькі трынаццаць унукаў, за два гады нарадзілася яшчэ двое.
Які сакрэт сямейнага шчасця? Галоўнае – паважаць адзін аднаго, саступаць і замест слова “я” выкарыстоўваць “мы”. Дзяцей трэба не толькі пеставаць, але і ўмець пакараць за правіны, а галоўнае – да працы прывучаць з маленства.
Цяжка паверыць, што мінула ўжо больш за сорак гадоў, як я пакінула родную вёску Шпількі, што ў Лідскім раёне, і пусціла карані ў Гірах, дзе прайшло ўсё маё жыццё: тут спаткала сваё каханне, тут нарадзіліся дзеці. Ды што там – тут нават паветра іншае – гаючае, роднае, таму доўга ў іншых месцах не магу быць, цягне на радзіму, у Гіры…
Чатыры «я» Балтруковічаў
У прывабным, пабудаваным з белай цэглы доме жыве маладая і дружная сям’я Уладзіміра і Алісы Балтруковіч.
Калі гаспадар гасцінна запрасіў прайсці ў сваё жытло, то маленькі двухгадовы Мікіта з парогу сустрэў слязьмі. А вось яго старэйшая сястрычка Катрына з цікавасцю пазірала на фотаапарат і адначасова ела цукерку.– Нарадзіўся я ў Гірах, – расказвае Уладзімір Іосіфавіч. – Спачатку вучыўся ў Гірскай школе, пакуль яе не зачынілі, пасля пайшоў у Рымдзюнскую з літоўскай мовай навучання. У Барысаўскім каледжы атрымаў спецыяльнасць “Ляснік-лесавод” і пасля вучобы адразу вярнуўся на
радзіму – пайшоў працаваць у Гервяцкае лясніцтва. Сябры пазнаёмілі з дзяўчынай з Падольцаў. Праз год мы з Алісай пабраліся шлюбам. Да дэкрэтнага адпачынку жонка працавала справаводам у Рымдзюнскай школе. Літоўскую мову яна разумее добра, але гаварыць на ёй пакуль не можа… А я? Дык я ж вырас тут!
З Алісай у нас дружная сям’я. Непадалёк ад нас жывуць мае бацькі, дапамагаюць, чым могуць. Цешаць нас з жонкай і сын з дачкой. Шкада толькі, што па-суседству няма больш дзяцей.
Але ўсё роўна добра ў Гірах. Ніколі мяне не вабіў тлумны і вірлівы горад: усе кудысьці спяшаюцца, процьма людзей і машын. Іншая справа на вёсцы: выйшаў на вуліцу – свежае паветра, не адыхацца, і да лесу рукой падаць!
Паглядаў на Яніну... Леанід!
Як у знакамітай народнай песні “Касіў Ясь канюшыну”, якая грымела на ўвесь Савецкі Саюз у выкананні “Песняроў”, так і ў сям’і Буцько: спачатку малады касец паглядаў на прыгажуню Яніну, а пасля ўжо яна стала яго жонкай…
Аказваецца, зусім мала трэба для таго, каб запаліць каханнем юначае сэрца. Дастаткова аднаго пагляду глыбокіх дзявочых вачэй.Леанід і Яніна – гірскія. Мала таго, жылі ў суседстве: гадаваліся, лічы, праз плот. Аднак праз некаторы час Лёневы бацькі пераехалі жыць на хутар, і жыццёвыя дарогі хлопчыка і дзяўчынкі разышліся. Каб праз добры дзясятак гадоў стаць адным на дваіх шляхам.
– Пасля Гервяцкай школы я вывучылася на бухгалтара ў Ашмянах, – успамінае Яніна Станіславаўна. – І прыехала працаваць у родны калгас.
– А я ўжо працаваў тут трактарыстам, – далучаецца да размовы Леанід Юльянавіч.
– Перш чым Лёня зрабіў мне прапанову, пяць гадоў сустракаліся, – працягвае жанчына.
– Не, – мужчына са здзіўленнем паглядзеў на жонку. – Напэўна, два гады, не больш. Я ж у 1961 годзе з арміі прыйшоў…
Нітачку размовы перахапіла Яніна Станіславаўна:
– А ў 65-м мы ажаніліся…
…І пражылі больш за 50 гадоў: сустракалі разам цяжкасці і дзялілі напал радасці, саступалі адзін аднаму і шкадавалі, у любові гадавалі сына Сігітаса і дачку Валянціну, якія даўно самі сталі бацькамі…
– Ці верыцца, што вы так доўга разам? – пытаюся ў сваіх герояў.
Яна задуменна прамаўляе: “Не”, – а ён з пяшчотай у вачах глядзіць на сваю любую Яніну. І гэты позірк – адказ на ўсе мае пытанні, існае пацвярджэнне далёкага юнацкага кахання, якое з гадамі нікуды не знікла. Яго праявы і зараз чытаюцца ў вачах мужа і жонкі, якія патрэбны адзін аднаму, як паветра іх вёскі Гіры – сведкі іх доўгага і шчаслівага сумеснага жыцця.
Родныя кватаранткі
Многія дзяўчаты, зараз ужо – сталыя жанчыны, каго ў іх першыя працоўныя гады прытуліла Яніна Іосіфаўна Кармаза, да гэтага часу ўспамінаюць сваю кватэрную гаспадыню з цеплынёй у голасе.
– Кватаранткі, якія ў мяне жылі, і зараз, праз многа гадоў, тэлефануюць, са святамі віншуюць, – расказвае Яніна Іосіфаўна. – Шкада мне было дзяўчат, якіх прысылалі ў школу ці ў калгас працаваць. Усе чужыя вакол, незнаёмая мова… А калі яшчэ кватэрная гаспадыня злая трапіцца – дык як жа быць гэтаму дзіцяці?Жанчына ніколі не брала з кватарантак грошай, а за гэта дзяўчаты на сваё прозвішча выпісвалі ў калгасе соткі: тады зямля для вяскоўцаў была галоўнай крыніцай дабрабыту.
Яніна Іосіфаўна не адну сваю кватарантку і замуж аддала. Так, мама Сяргея Кармазы, Таццяна Канстанцінаўна, прыехала ў Гіры ў 1980 годзе працаваць настаўніцай матэматыкі. Тут яна сустрэла свой лёс – Леанарда, а праз некаторы час яе прозвішча стала такім жа, як і ў кватэрнай
гаспадыні.
Пацеркі ўспамінаў Альбіны Лукша
Жанчына ў любым ўзросце застаецца жанчынай – любячай дачкой, вернай жонкай, пяшчотнай маці і клапатлівай бабуляй. І нягледзячы на тое што час малюе на твары глыбокія маршчынкі і серабрыць некалі цёмныя валасы, кожнай жанчыне хочацца выглядаць прывабна.
– Толькі не трэба мяне фатаграфаваць, – сустракае мяне гаспадыня “дома на вугле” Альбіна Антонаўна Лукша. – Гады ўжо не тыя… Часам пагляджу на сябе ў люстэрка – і не веру, што гэта я. Здаецца, толькі ўчора завіхалася на бацькоўскім агародзе, бегала на танцы, гушкала
сыночкаў – а век мой ужо за восемдзесят перакаціўся…
Нарадзілася я ў Гірах. У бацькоў было пяцёра дзяцей. Жылі не багата, але і не бедна. Была свая зямля, цяпер і не скажу, колькі гектараў.
У калгасе працавала з першага дня яго стварэння. Гэта зараз камбайнамі ўраджай убіраюць, а мы ўсё рабілі ўручную. Дзялку адмераюць – возьмем з мамай сярпы ў рукі і, спіны не разгінаючы, жнём. Працавітыя жанчыны былі ў Гірах: усе, як адна, і пралі, і ткалі, і вышывалі…
Калі пайшла ў школу, нас па-літоўску вучылі, а пасля – па-руску. Скончыла я 7 класаў: тры апошнія гады вучылася ў вячэрняй школе. Ужо зараз і будынка таго няма, куды бегала на ўрокі. І суседкі пазміралі, адна я “на вугле” засталася. Як страшна, што людзей у вёсцы з кожным годам становіцца ўсё менш…
А колькі дзяцей было ў пару майго маленства! А моладзі! Уся вёска сходзілася танцаваць. На танцах з Юзікам, будучым мужам, рашылі пажаніцца. Быў ён з такой жа сям’і, як і я, – не бедны і не багаты. Заможна жылі толькі тыя, у каго зямлі шмат было… Двое сыноў у нас нарадзілася – Ёнас і Ромас. Выехалі пасля школы дзеці ў Вільню, там і засталіся… Да сябе зараз жыць клічуць. Але куды я паеду? На каго пакіну хату?
Сяргеева сонейка
Ля аднаго з дамоў я папрасіла вадзіцеля спыніць машыну. Ды і як можна было праехаць міма выкладзеных з пластмасавых коркаў яркіх выяў хаткі, стаўка з лебедзем, сонейка?.. Хоць на першы погляд яны падаваліся вельмі простымі, але адчувалася, што чалавек, твараючы ўсё гэта, уклаў у іх часцінку сваёй душы.
Пасля знаёмства з аўтарам гэтай прыгажосці маё меркаванне пацвердзілася: Сяргей Кармаза, які жыве разам з бацькамі, стараецца ўпрыгожыць тэрыторыю ля свайго дома і робіць гэта па поклічу сэрца. Для гэтага мужчына выкарыстоўвае непатрэбныя ў гаспадарцы рэчы: пластмасавыябутэлькі і коркі, абрэзкі драўніны, дрот.
Змайстраваны Сяргеем драўляны паравоз, здаецца, зараз выпусціць пар і пакліча казачных пасажыраў у падарожжа, а заморская зялёная пальма, зробленая бацькам Сяргея Леанардам Юр’евічам, нагадвае чароўную іншаземку, якая невядома як трапіла сюды, у край соснаў і бяроз.Нягледзячы на пэўныя праблемы са здароўем, Сяргей скончыў Смаргонскі ліцэй па спецыяльнасці “Дрэваапрацоўка”, пагэтаму ўся работа ў яго руках спорыцца. Доўгімі зімовымі вечарамі ён са звычайнага дроту майструе прыгожыя дэкаратыўныя ланцужкі і бранзалеты.
Некалькі гадоў назад, калі ў Гірах жыхары яшчэ трымалі кароў, Сяргей працаваў малаказборшчыкам, але зараз, на жаль, знайсці работу яму цяжка. І малады чалавек падтрымлівае і з кожным годам усё больш распальвае свой творчы агеньчык: простыя, яркія выявы лебедзя, сонейка і хаты на адной са сцен павеці радуюць вока аднавяскоўцаў.Як кажуць мясцовыя жыхары, у Гірах, як і ў іншых вёсках Гервяцкага сельсавета, літоўцы жылі з даўніх часоў, ад “дзядоў і прапрадзедаў”… Змянілася не адно пакаленне, стварыліся літоўска-беларускія сем’і, але гірцы змаглі захаваць сваю мову, традыцыі і памяць пра карані. Хоць маладыя і выязджаюць у вялікія гарады ў пошуках лепшай долі, старажытны літоўскі анклаў усё адно яшчэ доўга будзе існаваць на карце Астравеччыны.
--------------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.
