Итоги конкурса на лучшее ветеранское подворье
Калі хто думае, што імкненне да прыгожага і цудоўнага, стварэнне нечага арыгінальнага і неардынарнага, пераўвасабленне самага простага ў новае і незвычайнае – прэрагатыва маладых людзей, то ён моцна памыляецца. У гэтым на справе я змагла пераканацца падчас раённага агляду-конкурсу “Ветэранскае падвор’е”, кожны з удзельнікаў якога па-свойму здзіўляў гасцей хараством і непаўторнасцю сваёй гаспадаркі.
Конкурс, які праводзіў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, праходзіў на працягу трох месяцаў. За гэты час можна было палюбавацца плёнам стараннай працы, хараством і прыгажосцю, не на працягу аднаго дня, а прасачыць змяненні на працягу пэўнага часу. Убачанае дапаўнялі фотаздымкі, зробленыя ў розны час. Усё гэта дазваляла стварыць цэласную карціну падвор’яў.
Дарэчы, сам агляд-конкурс меў шырокі маштаб. Гэта і не дзіўна, бо ў кожнага з удзельнікаў было штосьці сваё – своеасаблівае і індывідуальнае, і ўсё ўбачанае і прадстаўленае цяжка ўмясціць у рамках усяго толькі трох прызавых месцаў. Таму для падвядзення вынікаў было вылучана некалькі намінацый: “Дом з вялікай літары”, “Ачумелыя ручкі”, “Майстар-самаробкін”, “Міні-Версаль”, “Мамін палісаднік”, “Падвор’е – дзяржаве падмога” – у двух разнавіднасцях: развядзенне і ўтрыманне жывёлы і вырошчванне сельгаспрадукцыі. Да кожнай з іх былі свае ўмовы і патрабаванні.
Прадаставіць на агульны агляд журы свае падвор’і і падсобную гаспадарку вырашылі пятнаццаць сем’яў з усяго раёна. Пятнаццаць месцаў, дзе вочы разбягаліся ад розных кветак-кустоў-раслін рознага колеру і памераў, пасаджаных з густам і па незвычайных тэхналогіях. Дзе клумбы патаналі ў вясёлкавай разнастайнасці кветак, а чалавечая фантазія, кемлівасць і выдумка не ведалі межаў у розных самаробных і арыгінальных упрыгожаннях і аздабленнях. Пятнаццаць месцаў, дзе эмоцыі выліваліся ў захопленае “Ну і прыгажосць! І як усё гэта магчыма зрабіць?!”.
Вядома, поўнасцю і цалкам расказаць ці перадаць усё ўбачанае немагчыма. Аднак і не расказаць, хоць і крыху, аб руплівых і працавітых гаспадарах таксама нельга.
Напрыклад, падвор’е Надзеі Мікалаеўны і Назіпа Харысавіча Хабібуліных з Гервят нагадвала сапраўдны міні-версаль: экзатычныя расліны, якімі можна любавацца бясконца і назвы якіх вымаўляліся, як нешта чароўнае.
У іх аднавяскоўцаў – Ліны Васільеўны і Генрыха Лявонавіча Лапуняў – таксама было на што паглядзець: прыгожыя грыбы з рознага матэрыялу выглядвалі ў самых нечаканых месцах, вясёлы бусел размясціўся на дрэве, а над студняй пасялілася сава.
А вось у Кямелішках Валянціна Мікалаеўна і Эдуард Сцяпанавіч Завадскія па-сапраўднаму здзівілі сваім прысядзібным участкам – выгляду агарода можна па-добраму пазайздросціць. Але асабліва ўразіў домік для пчол – адразу бачна, што гаспадары – на ўсе рукі майстры.
Самых розных сартоў, колеру і памераў лілеі, грацыёзныя і пяшчотныя ружы, нерэальна высокія прыгожыя каны і мноства іншых кветак… А таксама – неверагодная мужнасць, неўміручы аптымізм, сапраўдная радасць ад кожнага дня і імкненне да прыгажосці… Усё гэта – Яўгенія Адольфаўна Буглак з Міхалішак, пра якую нядаўна разказвала наша газета, якая разам з мужам Мар’янам Уладзіміравічам, нягледзячы на цяжкія ўдары лёсу, працягвае расціць прыгажосць – на сваім падворку і ў душы.
У тых жа Міхалішках, толькі ў сям’і Тэрэсы Баляславаўны і Генрыка Іосіфавіча Часнойцяў было на што паглядзець не толькі на падворку, але і ў хляве. Добрая гаспадарка – не толькі для сям’і, але і для дзяржавы падмога – гэта якраз пра сям’ю Часнойць і іх падсобную гаспадарку.
Незвычайны ландшафт падвор’я, прыгожыя і кампактныя лазня і альтанка, патанаючая ў кветках клумба і жывая зялёная агароджа з маладзенькіх туй... А пасярэдзіне ўсяго гэтага хараства – велічны і магутны дом – як сімвал утульнасці, еднасці і любові. Вось такое ўражанне засталося ў мяне пасля наведвання падвор’я Марыі Міхайлаўны і Генрыха Віктаравіча Захарэвічаў з Трокенікаў.
Прыгожае падвор’е, палову якога займаюць клумбы з кветкамі, сустрэла журы і ў Жукойнях Жалядскіх, дзе пражываюць Іосіф Альбінавіч і Соф”я Станіславаўна Свірбуты. Але не гэта, і нават не розныя арыгінальныя ўпрыгожванні ля дома выклікалі дружнае захапленне. Галоўны гонар гаспадароў, дакладней, гаспадара – трактар, які Іосіф Альбінавіч сабраў уласнымі рукамі. Зараз не без яго дапамогі і ўтрымліваецца чысціня і парадак на падвор’і.
Вы калі-небудзь бачылі ўчастак ля дома, дзе з кожным крокам адкрываеш нешта новае? І няма дзе яблыку ўпасці за незвычайным хараством? Я – не, пакуль не трапіла на падвор’е Ніны Іларыёнаўны Мілідовіч з Астраўца. Вось – незвычайны домік для гноміка ці лесавіка, там у гаршчочках проста на дрэве растуць хатнія вазоны, невялікая дарожка, аддзеленая арыгінальнай агароджай са звычайных камянёў, якая вядзе да дома. Яшчэ далей – маленькае азярцо з сапраўднымі вадзянымі лілеямі, а вакол – расліны, кветкі, кустоўе, травы… Толькі на ўскрайку ўчастка сціпла размясціўся невялічкі агародзік. Перадаць убачанае словамі немагчыма, бо хоць адзін раз, але лепш пабачыць на свае вочы.
А вось Таісія Рыгораўна Папяльніцкая з Вавяранаў умее здзіўляць не толькі прыгажосцю ля дома. Толькі трапляеш у хату жанчыны – і адкрываецца яшчэ адно непаўторнае хараство. Вялікія і маленькія падушкі, на якіх квітнеюць і пераліваюцца рознымі колерамі вышытыя кветкі, зачароўвае і вабіць таямнічы, прыдуманы самой гаспадыняй, арнамент. На сценах вісяць вышытыя карціны. А з шафы Таісія Рыгораўна дастае ўсё новае, зробленае сваімі рукамі, багацце – сурвэткі, ручнікі, падушачкі… Хто ведае, можа аб такіх упрыгожаннях мараць замежныя прыгажуні і вядомыя кутюр’е?
Арыгінальныя ўвасабленні цікавых прыдумак, дзе звычайныя старыя чаравікі ператвараюцца ў незвычайныя вазоны для аксамітак, а разбітыя рэчы знаходзяць сваё месца на крэатыўнай алеі – усё гэта прыемна здзівіла і парадавала на падвор’і Леакадзіі Станіславаўны і Мечыслава Іванавіча Лапшэвічаў з Палушаў. Прыгожыя падвор’і, дзе па-сапраўднаму ведаюць, што такое ўтульнасць, фантазія і чысціня, сустрэлі нас таксама ў Падольцах, дзе пражываюць Тэрэса Зянонаўна і Іван Канстанцінавіч Качканы, у Варнянах на падвор’і Ніны Іванаўны і Мікалая Канстанцінавіча Грыцкевічаў, у Астраўцы – на ўчастку Варвары Юльянаўны і Баляслава Іванавіча Міцкевічаў, у Слабодцы, дзе гаспадараць і дораць прыгажосць Галіна Сільвестраўна і Іван Людвікавіч Замары, у Малях, дзе пражываюць шчырыя і працавітыя людзі Галіна Іванаўна і Зянон Браніслававіч Сенюці.
Пасля прагляду ўсіх падвор’яў засталося шмат уражанняў і эмоцый. Я нават уявіць не магла, як з усім убачаным будуць разбірацца члены журы – кожная сям’я, кожнае з падвор’яў, па-мойму, заслугоўвалі першага месца. Аднак конкурс на тое і называецца конкурсам, каб вылучыць лепшых. І падчас раённага кірмашу адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў.
У выніку ў намінацыі “Дом з вялікай літары” перамагла сям’я Захарэвічаў з Трокенікаў, у намінацыі “Ачумелыя ручкі” – Таісія Рыгораўна Папяльніцкая з Вавяранаў, лепшым “Майстрам-самаробкіным” стала сям’я Свірбутаў з Жукойняў Жалядскіх, намінацыю “Міні-Версаль” атрымала Ніна Іванаўна Мілідовіч з Астраўца, лепшы “Мамін палісаднік” – у сям’і Хабібуліных з Гервят. У намінацыі “Падвор’е – дзяржаве падмога” пераможцаў аказалася двое. Па развядзенні жывёлы лепшай стала сям’я Часнойцяў з Міхалішак, а па прысядзібнаму ўчастку – Завадскія з Кямелішак.
Усе пераможцы атрымалі прызы – зараз на іх падвор’ях з’явяцца новыя прыгожыя скульптуры.
Астатнія ўдзельнікі таксама не засталіся без падарункаў – кожная сям’я вярнулася дадому з дыпломам і сувенірам.
---------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ,
фота аўтара.
