Гудогай. У каждого из нас своя пристань

Да пасёлка Гудагай з усіх бакоў, як дзеці да роднага бацькі, прытуліліся Лазоўка, Вавяраны, Ліпкі, Табарышкі. Яны даўно ўжо па сутнасці зліліся ў адно паселішча. І цяпер нават цяжка ўявіць тую мяжу, якая некалі дзяліла іх. Гэтыя мілыя і ціхія вёсачкі са старымі садамі, палісаднікамі і рачулкамі, усыпанымі паабапал вольхамі, у гады майго дзяцінства стаялі ў шчымлівай благадатнай цішы. І толькі вясной усё тут пакрывалася вадой – тады ўжо і сама рачулка трацілася ў гэтым моры.


І ўсё ж, нягледзячы на гэтую еднасць душ, Гудагай заўсёды імкнуўся заняць сваё лідзіруючае месца сярод навакольных вёсак. А як жа інакш! Прайсці і праехаць міма станцыі з такой незвычайнай назвай было немагчыма.

Што тычацца назвы, то, як тлумачыць літоўскі дзяржаўны дзеяч і журналіст Юстас Палецкіс, у даўнія часы людзей, якія жылі ад іх на ўсход, называлі гудамі. Гэта і стала пазней падставай для назвы паселішчаў з такімі пявучымі назвамі на Гродзенскай зямлі – Гудагай, Гудзенікі, Гудзевічы...

Гудагай помняць многія: кіраўнікі дзяржавы і міністры, палкаводцы і невядомыя героі, пісьменнікі і звычайныя людзі. І хоць тут цягнікі часцей за ўсё не рабілі прыпынак, але не заўважыць, хоць і праз вокны вагонаў, прыгожы будынак вакзала было немагчыма. Да таго ж знаходзіўся ён на памежжы дзвюх краін – далёка не кожны вялікі ці малы гарадок або вёска могуць гэтым пахваліцца – тут Гудагаю, можна сказаць, пашанцавала.

Але самыя дарагія ўспаміны аб Гудагаі і даніна ўдзячнасці яму ў тых, хто быў уцягнуты ў жахлівы вір падзей Вялікай Айчыннай вайны, каму лёс падараваў шчасце ўцалець, устаяць, выжыць і знайсці далёка ад свайго роднага кута дах над галавой, ежу і цяпло ў тыя ўжо далёкія пасляваенныя гады.

Адны засталіся тут пасля таго, як у складзе партызанскай брыгады вызвалялі гэтую мясцовасць; другім, што вярталіся з Нямеччыны, і ехаць не было куды: на іх радзіме, Ушаччыне ці Лепельшчыне, пасля блакады месца жывога не засталося, адны папялішчы ды коміны ад печаў; трэцім удалося ўцячы ад гітлераўцаў падчас вывазу ў Германію, і, паспытаўшы гора і пераадолеўшы тугу па Бацькаўшчыне, яны не маглі набрацца смеласці, каб вярнуцца назад. Прыпыніўшыся ў Гудагаі, многія думалі, што гэта на годдругі, але аказалася – на ўсе жыццё.

З часам твары гэтых людзей ажывалі і пачыналі свяціцца надзеяй. І хаця памяць аб вайне была яшчэ балючай, бо мноства пакалечаных блукала па чыгуначным вакзале і навакольных вёсках, просячы міласціны, людзі пачалі абжывацца, напаўняючы мясцовую мову сваёй асаблівай гаворкай. Ды і прозвішчы іх сведчылі, што людзі гэта не тутэйшыя: Купрэвічы, Емельянавы, Казначэевы, Бугаі, Сітнікавы, Чайкоўскія, Клачковы, Ляцкія, Дубаневічы, Ласоўскія ды іншыя.

Жылля свайго ў “прышэльцаў”, зразумела ж, не было. Кватаравалі. Нават у будынку сельскага Савета пасялілася каля дзясятка сем’яў – у цеснаце, ды не ў бядзе. Тут спраўлялі вяселлі, нараджалі дзяцей. А каб зарабіць на пражыццё, браліся за любую работу. Мужчыны будавалі склады на станцыі, уладкоўваліся ў Астравец ці ў Вільню, а вось жанчыны, як правіла, гатавалі ежу і прадавалі яе пасажырам цягнікоў, што спыняліся на станцыі. У пасляваенны час цягнікі затрымліваліся на вакзале для праверкі дакументаў і  багажу – вось жанчыны і выкарыстоўвалі гэты момант для заробку.

Сярод гнаных вайной гудагайцаў, якіх лёс закінуў сюды, быў нават кітаец. Цяжка сказаць, якім ветрам занесла яго ў Гудагай. Ён прыжаніўся да цёткі Полі і жыў на станцыі з дзясятак гадоў, а можа, і больш. Добра размаўляў па-нашаму, але вітаўся заўсёды на сваёй роднай мове:

– Цау шан хау! – прыжмурыўшы вочы, кожную раніцу з усмешкай кланяўся ён прахожым.

Меў залатыя рукі, і хутка пра яго даведаліся ва ўсіх навакольных вёсках. Цэлымі днямі ў павеці ён нешта перарабляў, вінціў, паяў. Не было ў хатняй гаспадарцы такой рэчы, якую ён не змог бы адрамантаваць. А цёплым летнім надвячоркам да захаду сонца, седзячы на лаўцы ў кветніку, самотна напяваў невясёлыя кітайскія песні...

І яшчэ адзін жыхар, якога лёс закінуў у пасляваенны Гудагай, запомніўся. Прозвішча яго было Дук. Гэта быў ужо досыць стары чалавек: насіў вялікую сівую бараду, а ў руках у яго заўсёды быў кіёк. Казалі, што ён цудам застаўся ў жывых, прайшоўшы праз вогненнае пекла блакады партызанскай зоны ва Ушачах. А пасля вайны, маючы яшчэ сілу, актыўна заняўся камерцыяй. Прывозіў з Вільні розную драбязу: цыгарэты “Парашутыстас”, цацкі для дзіцячых забаў, фарбу – і гэтым зарабляў на жыццё. А летам збіраў і сушыў лекавыя травы, развешваў іх па сценах хаты – і яна напаўнялася водарам разнатраўя. Калі нам, дзецям, даводзілася часам трапіць да яго ў хату, узнікала адчуванне, што тут задрамала сівая даўніна...

І ўсе ж Гудагай ніколі не жыў у цішыні і спакоі. І хаця жахі калектывізацыі праз кроў і гвалт яго шчасліва абмінулі, жыццё тут бурліла: увесь час нешта грымела, ляскатала, гуло. І не толькі таму, што чуліся гудкі далёкіх і блізкіх цягнікоў, – тут размяшчаліся шматлікія раённыя гаспадарчыя ўстановы, якія ўносілі ў працоўны рытм станцыі свае непаўторныя гукі.

А вечарам, калі прыходзіў цягнік з Вільні, паветра на вакзале напаўнялася радаснымі галасамі дзяцей, якія чакалі прывезеных бацькамі ласункаў, іржаннем коней, крыкамі пасажыраў з непад’ёмнымі сумкамі. Усе спяшаліся сесці на грузатаксі (так называлі грузавыя машыны, крытыя брызентам). Да гэтага часу не магу зразумець, як увесь гэты людскі натоўп умяшчаўся ў кузаве? Праз некалькі хвілін, калі не лічыць перастуку колаў праходзячых таварнякоў, Гудагай пагружаўся ў цішыню – каб раніцай зноў ускалыхнуцца рознагалоссем чарговага працоўнага дня.

Асабліва цяжкім і надакучлівым для слыху гукам было біццё камянёў. Зараз і ўявіць цяжка, якая гэта была катаржная праца. У краіне ішло актыўнае будаўніцтва, таму будаўнічых матэрыялаў трэба было шмат. Камяні збіралі на палях, звозілі на станцыю. Пападаліся агромністыя глыбы, сапраўдныя валуны – вось іх малатабойцы і разбівалі цэлымі днямі. Складвалі роўнымі штабялямі – атрымліваўся гарадок са сваімі вуліцамі і перакрыжаваннямі, недасведчанаму можна было заблудзіцца ў гэтых лабірынтах. Пасля такой знясільваючай працы дахаты рабочыя ледзь сунуліся. І сёння перад вачыма стаіць постаць жыхара Ліпак Сямёна Карабаня. Худы, з абвіслымі рукамі, патухлымі вачамі і перасохлымі губамі,кожны вечар ішоў ён каля нашай хаты – здаецца, у нікуды.

Не лягчэйшай працай была і разгрузка вагонаў з хімічнымі ўгнаеннямі. Гэта быў час, калі вялікая хімія прыйшла ў наша жыццё, з ёй звязвалі перспектывы дабрабыту народа. І гудагайцы шчодра пасыпалі свае агароды без усялякай меры суперфасфатам, салетрай і яшчэ нечым невядомым, ператвараючы зямлю ў чырвоныя, сінія, белыя палеткі. Прыгажосць стаяла такая, што аж дух займала. Але хутка, хоць са спазненнем, прыйшло разуменне: нешта тут нядобрае... А вось Чубэйцы быў нанесены непапраўны ўрон: разгрузка ішла якраз насупраць вёскі і школы. Не часта можна сустрэць такую прыгажосць, якую ўяўляла сабой Чубэйка: велічныя сосны, квітнеючы бэз, дурманячы водар чаромхі, стройная алея бяроз, трэлі птушак і крыніца з чысцюткай вадой. У адно імгненне гэтае райскае месца ператварылася ў мёртвую пустыню. Лес парыжэў, пацяклі ручаі, ад вады якіх усё жывое гінула, а сад ад цэментнага пылу нагадваў загадкавы парк застыўшых фігур. Ды што там прырода! Людзі, што працавалі тут, ідучы дадому, нагадвалі персанажаў з фільмаў жахаў ці іншапланецян. Доўга потым Чубэйка прыходзіла да сябе. Толькі ці ачуняла да канца? Ці вярнула сваю непаўторнасць і прыгажосць?

Так і працягвалася жыццё ў Гудагаі да канца 50-х – радасных і не вельмі, запамінальных і будзёных. Ды аднойчы восеньскай ноччу наваколле скаланула падзея – быццам пранізала маланкай:

– Гарым! Пажар! – гучалі перапалоханыя галасы з усіх бакоў.

Гарэлі зямля і неба. Гэта было нейкае пекла. Полымя рвалася ўверх, раскрыўшы сваё смяротнае жэрала, раскідваючы мільёны іскраў на лес, на дахі дамоў, склады райспажыўтаварыства. Жанчыны кленчылі і прасілі літасці ў Бога, каб агонь не пайшоў далей, не перакінуўся на жылыя пабудовы.

На шчасце, паступова полымя стала супакойвацца і затухаць. А раніцай у Гудагаі стаяла злавесная цішыня, пануры лес апусціў у знямозе да самой зямлі падпаленае голле. І толькі паравозы неўпапад гудзелі, яшчэ больш узмацняючы той страх, што давялося перажыць людзям ноччу...

Дык што ж адбылося? А вось што. Прыехаў рэвізор правяраць “Нарыхтоўлён”, кантора якога знаходзілася побач з крамай прамысловых тавараў, якую ўсе называлі “крамай Дорніка”. А праз дарогу знаходзілася другая арганізацыя – “Нарыхтоўсена”. Тут былі пабудаваны павеці, пад стрэхамі знаходзіліся дзясяткі тысяч тон сена і трасты. Прыехаўшы ў Гудагай, абласны  рэвізор сустрэў свайго таварыша з інспекцыі па кантролю за насеннем Папкова – і вырашылі сябры ў мясцовай забягалаўцы адзначыць гэтую падзею. Вечарам свята прадоўжылася ўжо ў канторы “Нарыхтоўлёну”. Што было далей, можна толькi здагадацца. Aдчуўшы, што гарыць начлег, абласны госць, кінуўся хавацца... у сена! Не прайшло і некалькі хвілін, як усё   запалыхала. Ад канторы застаўся толькі падмурак і згарэўшае цела Папкова, а ад “Нарыхтоўсена” – напамінак аб тым, што тут некалі існавала такая ўстанова.

А рэвізор, як ні дзіўна, выжыў. Яго, перапужанага і ледзь жывога, знайшлі ў астравецкім лесе. Доўга яшчэ жыхары пасля гэтага выпадку не маглі супакоіцца.

А вось успаміны пра школу захаваліся самыя светлыя і трапяткія. Яна жыла сваім, асаблівым, жыццём, абараняючы нас, дзяцей, ад нягод і цяжкасцей. Змешчаныя нядаўна ў газеце “Астравецкая праўда” здымкі будынкаў Гудагайскай школы абудзілі мноства ўспамінаў. Звычайная школа, такія сустрэнеш усюды – з урокамі, радасцямі, свавольствамі вучняў. Але яна і незвычайная. Незвычайная таму, што вучыліся чытаць мы не толькі па буквару, але і па старонках газеты “Піянер Беларусі”; што “Маладую гвардыю”, якую прынесла са сваёй бібліятэкі Эла Мікалаеўна Ажгірэвіч, па чарзе чыталі ўжо ў трэцім класе. А можа, незвычайнасць школы ў тым, што тут працаваў знакаміты Расціслаў Арсенцьевіч Герт? Мы і цяпер лічым яго гудагайцам. Ён хоць і перайшоў на іншую работу, але і ў далейшым выконваў сваю справу бездакорна. Нават у самыя цяжкія хрушчоўскія часы, калі стаялі даўжэзныя чэргі за хлебам, калі звычайнай мукі і ў паміне не было, у крамах на паліцах стаялі адны кансервы, а на палях, ледзь жывая, расла кукуруза, ён, узначальваючы аддзел адукацыі, знайшоў грошы для будаўніцтва майстэрні і сталовай у школе. У той час гэта былі самыя шыкоўныя пабудовы.

Адчуваючы такую ўвагу настаўнікаў, іх цеплыню і любоў да нас, школьнікаў, мы паспявалі ўсюды. А яшчэ паступалі ў самыя прэстыжныя ВНУ. Успамінаецца, якім аўтарытэтам карысталіся хлопцы з Вавяран – Заўялаў і Бондар, – калі яны вярнуліся з дыпломамі Ленінградскіх караблебудаўнічага і горнага інстытутаў.


Як бы доўга ні цягнулiся нашы жыццёвыя падарожжы, у кожнага застаецца свая памяць аб мінулым, свая прыстань, да якой заўсёды хочацца прыйсцi, прыгарнуцца. Яна аберагае нас ад будзёнай мiтуснi, прымушае лiшнi раз задумацца аб каштоўнасцi жыцця i нашай агульнай і асабістай будучыні.


-----------------------------

Леанiд Лебедзеў, г. Орша.