Гаспадары Каценавіч: былыя і сучасныя

У Каценавічах, прыгожай вёсачцы, што непадалёк ад Полацкага тракту, утульна прымясцілася сярод зялёнай раскошы навакольных лясоў… Д акладней, на яе ўскрайку, у абдымках старых ліпаў…
На каронным “панскім” месцы стаіць вялікі драўляны дом, якому, як сцвярджае яго гаспадыня Ірына Аляксандраўна Рылькова, сёлета спаўняецца 263 гады.

– Сама бачыла пашпарт гэтага дома, выпісаны на пана Янікоўскага, – гаворыць Ірына Аляксандраўна. – У 1939 годзе, перад прыходам Чырвонай Арміі, пан разам з сям’ёй выехаў у Польшчу. Пасля вайны ў адной палове дома размясцілася пачатковая школа, выкладаць у якой я пачала ў 1961 годзе. Другая палова дома выкарыстоўвалася ў якасці жылля для настаўнікаў.
Паводле расповеду цяперашняй гаспадыні жытла, у цагляным доме, збудаваным насупраць панскага, жыла чэлядзь. На падворку стаяла вялікая стайня, кароўнік, аўчарня, адрына. Была і лядоўня, якую Рыльковы з часам перарабілі ў хлеў для сваёй жывёлы. Існавала сістэма ставоў, у якіх разводзілі рыбу – і для панскага стала, і на продаж на віленскім кірмашы. Радаваў крамянымі пладамі вялізны сад. У ліпавай алеі гаспадарылі птушкі.
Парабкі, што і пасля ад’езду пана працягвалі жыць у цагляным дамку, любілі расказваць пра былы ўклад жыцця маёнтка: пра багацце пана, пра гасцей, якія да яго прыязджалі, пра вялікую і выдатна арганізаваную гаспадарку Янікоўскіх…
У канцы шасцідзясятых гадоў у дзверы Каценавічскай пачатковай школы пастукаліся нечаканыя госці: настальгія па родных мясцінах прывяла з Польшчы ў былы маёнтак жонку пана Янікоўскага і дзвюх яе дачок.
– Мяне тады якраз не было – наведвала родных на Віцебшчыне, – расказвае Ірына Аляксандраўна. – Размаўляў з імі Міхаіл Аляксеевіч. Што ён мог сказаць жанчынам у адказ на іх крыўду? Прыслалі па размеркаванні – ён і працуе. Жанчыны пахадзілі, паўздыхалі і пайшлі, нават не спрабуючы схаваць слёзы. Адна з дачок, казалі, працавала ў аптэцы, другая – у банку. Самога пана Янікоўскага на той час ужо на гэтым свеце не было.


Але стоп! Калі дому сапраўды 263 гады, значыць, пабудаваны ён быў у 1751 годзе! І значыць, менавіта ў ім жыў калісьці прафесар Віленскага ўніверсітэта Каятан Юстын Красоўскі!


Той, хто ўважліва чытае нашу газету, не мог не заўважыць матэрыял Уладзіміра Прыхача пра глінянае дойлідства. Дазволю сабе прывесці некалькі вытрымак з яго:
“Каятан Юстын Красоўскі пісаў: “Мой фальварак у Віленскім павеце Каценавічы ляжыць у 2 вярстах ад Полацкага тракта, у 5 вярстах ад Міхалішак і 8 мілях ад Вільні”.
Пасля закрыцця ў 1832 годзе Віленскага ўніверсітэта Каятан Красоўскі пачаў развіваць гаспадарку ў фальварку Каценавічы, які перайшоў у спадчыну яго жонцы Юзэфе з Пазнякоў. У кароткі тэрмін па таннай тэхналогіі ён узвёў шэраг гаспадарчых пабудоў з верасу і гліны. Такім чынам у 1832 годзе быў пабудаваны бровар, у наступным 1833-ім – вадзяны млын і аўчарня, а ў 1835 годзе – фальварачная афіцына (памяшканне для прыслугі).”
Прафесар Красоўскі выкладаў ва ўніверсітэце фізіку (вучыў нават Адама Міцкевіча!), але, мяркуючы па водгуках сучаснікаў, не быў у авангардзе навукі, прытрымліваючыся ў гэтым накірунку хутчэй рэгрэсіўных пазіцый. Затое яго сын…


Кароткая даведка, узятая з Савецкай энцыклапедыі:
“Апалінары Каятанавіч Красоўскі (нарадзіўся 27 студзеня (8 лютага) 1817 – памёр 9 чэрвеня (21 чэрвеня) 1875 года) – рускі інжынер, архітэктар, прафесар архітэктуры. Адукацыю атрымаў у Інстытуце інжынераў шляхоў зносін, затым быў там жа і ў Будаўнічым вучылішчы выкладчыкам. З 1851 чытаў лекцыі грамадзянскай архітэктуры ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце. Напісаў каштоўнае для свайго часу кіраўніцтва «Грамадзянская архітэктура. Часткі будынкаў. З атласам чарцяжоў на 102 лістах» (СПб., 1851).
Заснавальнік «рацыянальнай архітэктуры», належаў да ліку прадстаўнікоў перадавой тэхнічнай школы рускіх інжынераў-пуцевікоў. Сын выкладчыка фізікі Віленскага універсітэта Красоўскага К. Н., ён у 1836 годзе скончыў Інстытут Корпуса інжынераў шляхоў зносін, дзе быў пакінуты як лепшы студэнт выпуску з занясеннем яго імя на мармуровую дошку.
У 1845 годзе ва ўзросце 29 гадоў зацверджаны прафесарам архітэктуры ў Пуцейскім інстытуце і адначасова пачаў выкладаць архітэктуру ў Горным інстытуце.
З 1850 па 1860 гады займаў пасаду інспектара Будаўнічага вучылішча. Адначасова выкладаў у розных навучальных установах практычную механіку, аналітычную геаметрыю, грамадзянскую архітэктуру і тэорыю прыгожых мастацтваў. Аўтар шэрагу артыкулаў па пытаннях будаўнічай і транспартнай тэхнікі, кнігі «Грамадзянская архітэктура». Выдадзеная ў 1851 годзе, гэтая кніга ўяўляла сабой падручнік па будаўнічай справе і канструкцый грамадзянскіх будынкаў. Заснаваў выкладанне грамадзянскай архітэктуры як навукі ў вышэйшых навучальных установах.
Быў абраны ганаровым вольным сябрам Акадэміі мастацтваў і атрымаў ордэн Святой Ганны 2-й ступені.
Пахаваны на Выбаргскіх каталіцкіх могілках”.


Які ж ён рускі, калі рос на каценавічскіх абшарах, лавіў рыбку на ставах, гуляўся ў хованкі ў садзе і па звонкай ад птушак ліпавай алеі ехаў на брычцы ў Міхалішкаўскі касцёл на нядзельную Імшу?! Вунь на тым, некалі прыгожым і ўтульным, а сёння напалову разбураным ганку прафесар Красоўскі тлумачыў свайму сыну-падлетку асновы ўстройства Сусвету. І магчыма, якраз драўляныя калоны бацькоўскага дома натхнілі хлопца зрабіць справай свайго жыцця архітэктуру.
…Усё мае свой пачатак і сваё завяршэнне – добра, што ні Красоўскія, ні Янікоўскія не бачаць, у якім стане іх некалі прыгожы дом знаходзіцца сёння. Ці ўсё ж бачаць?..



СУЧАСНАЯ ГАСПАДЫНЯ ДАЎНЯГА МАЁНТКА

Расказвае Ірына Аляксандраўна Рылькова:
– Сама я родам з Віцебшчыны – нарадзілася ў 1923 годзе ў сяле Малыя Ульянавічы Сенненскага раёна. Бацька ведаў грамату – працаваў старшынёй сельсавета, потым рахункаводам. Мама была непісьменнай – хадзіла ў брыгаду. На вайну тату не забралі – ён быў ужо стары. Але расказваў, што абавязковую службу ў свой час праходзіў у Літве – быў кавалерыстам.



Да вайны я паспела закончыць шэсць класаў. Потым быў перапынак у чатыры гады, і ў сёмы клас пайшла пераросткам, зрэшты, як і ўсе астатнія дзеці. Потым – вучоба ў Лепельскім педагагічным вучылішчы, пасля заканчэння якога я атрымала размеркаванне ў Маладзечанскую вобласць. У выніку стала загадчыцай Чэрнішскай пачатковай школы.
Там, у Чэрнішках, выйшла замуж за Дамініка Бразевіча. Ён працаваў майстрам на Астравецкім цагляным заводзе. Неўзабаве ў нас нарадзіўся сын Віця.
Аднойчы, калі малому толькі-толькі споўнілася паўтара года, мяне выклікалі ў Варнянскі сельсавет – я была мясцовым дэпутатам. Занесла Віцю да свекрыві, забегла ў школу, каб перамовіцца з інспектарам з раёна, які якраз правяраў маю работу… Не паспела дабрацца да Варнян, як мяне дагнала страшная навіна: сынок, гуляючы на бабуліным панадворку, уваліўся ў чан з вадой…



Першынец… Адзіны сын… Думала, што звар’яцею. Тым больш што могілкі ад нашай хаты – праз агарод. І акно школы выходзіла якраз на Віцеву магілку…
У рэшце рэшт я не вытрымала – паехала да тагачаснага загадчыка РАНА Пятра Міхайлавіча Лугоўскага:
– Перавядзіце… Хоць куды… Не вытрымаю… Не магу…
Мяне перавялі ў Дайноўскую васьмігодку. Чатыры гады адпрацавала там настаўніцай малодшых класаў. Праз нейкі час нарадзіўся Саша, але жыццё з мужам у нас не заладзілася. Піў ён шмат. Тады, пасля вайны, людзі жылі ў нейкай эйфарыі, нібы кожны дзень – свята. А дзе гарэлка, там ладу не шукай…
Аднойчы Дамінік, вяртаючыся дадому, упаў і доўга праляжаў на зямлі – запаленне лёгкіх пры адсутнасці адпаведных лякарстваў скончылася сумна: на 29-ым годзе свайго жыцця муж памёр.
Вымушана была вярнуцца ў Чэрнішкі да свекрыві. Зноў стала працаваць у мясцовай школе…
Аднойчы пасля ўрокаў дзеці паведамілі мне: “Вас пытаецца нейкі дзядзька ў капелюшы”. Выйшла насустрач. Аказалася – завітаў у госці дырэктар Каценавічскай пачатковай школы Міхаіл Аляксеевіч Рылькоў. Ён нядоўга “падбіраўся” да тэмы.
– Вы – удава, і я – удавец, – сказаў мне. – Чаму б нам не аб’яднаць нашы лёсы?! Тым больш што мне ў школе даўно патрэбен памочнік – стаміўся працаваць у дзве змены.
Неўзабаве мы з сынам перабраліся ў Каценавічы. У Міхаіла Аляксеевіча было двое сваіх дзяцей: шасцігадовая дачка і сын-другакласнік. Цяпер стала трое. А з часам у нас нарадзілася агульная дачка Святлана.



Школа знаходзілася ў правым крыле панскага маёнтка, наша жыллё – у левай. Вельмі хутка абраслі гаспадаркай: куры, карова, свінні… Міхаіл Аляксеевіч таксама любіў выпіць, але не крыўдзіў ні мяне, ні дзяцей. Разам мы пражылі 47 гадоў. Нядрэнна, лічу, пражылі. Хоць багацця і не нажылі. Хіба што вось гэты дом, які ўжо ледзь дыхае.
…Я была ў санаторыі, калі да нас прыехаў тагачасны начальнік райфінінспекцыі Гаўрош:
– Будынак школы (да гэтага часу яна з-за адсутнасці дзяцей ужо была зачынена, а мы з мужам выйшлі на пенсію) мы спісалі і збіраемся прадаваць за суму ў 5 працэнтаў яе страхавой ацэнкі. Вы – першыя на чарзе выкупіць яго…



Муж узяў грошы і выкупіў – так мы сталі паўнапраўнымі ўладальнікамі панскага маёнтка.
Нічога зайздроснага, скажу я вам. Усё старое, гнілое, дабітае... Палавіна, у якой была школа, без догляду зусім развальваецца. Не нашмат лепшая і наша: частка фундаменту развалілася, сцены тонкія. Зімой у пакоі бывае нулявая тэмпература – здараецца, што вада замярзае ў вядры.
Прыязджалі тут да нас некалькі разоў з Мінска – аматары гісторыі. Прапаноўвалі прадаць ім дом. Гістарычная, маўляў, каштоўнасць. Але дзіўныя ў іх планы: ганак хочуць поўнасцю знесці, а сцены пакрыць фарбай. Хіба так бесцырымонна ставяцца да помнікаў гісторыі?
Хоць, калі казаць праўду, я прадала б: купіла б за выручаныя грошы маленькую цёплую хатку і жыла б, як у Бога за пазухай. Але сын, што жыве са мной, не згаджаецца…


----------------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота аўтара і з сямейнага архіва.