Фотоочерк. Островетчина готовится к праздникам
Да навагодніх і калядных святочных дзён засталося, лічы… Ды амаль нічога не засталося! Католікі Астравеччыны ўжо заўтра будуць святкаваць Нараджэнне Хрыстова. А там і да Новага года рукой падаць…Нягледзячы на выбрыкі прыроды, астраўчане актыўна рыхтуюцца да свят. І чым менш часу застаецца да 31 снежня, тым больш непазнавальным становяцца наш горад і раён. Такія мы, беларусы! Жывём насуперак цяжкасцям: няма снегу на двары – зробім з ваты! Не хоча мароз маляваць на шкле чароўныя ўзоры – намалюем самі ці наклеім папяровыя гурбы снегу і тут жа, на шкле, “злепім” снегавіка! Няма магчымасці ўбачыць паўночнае ззянне – упрыгожым дахі, сцены і вокны такімі пералівамі і фарбамі, што пазайздросцяць нават жыхары Далёкай Поўначы.
Святочнае ўпрыгожанне горада цяжка заўважыць днём. Затое ледзь пачне згушчацца змрок – і яркім святлом гірляндаў сустракаюць астраўчан і гасцей горада цэнтральная плошча, будынак райвыканкама, вузел паштовай сувязі, магазінаў… Набылі казачны выгляд будынкі школы мастацтваў, цэнтра творчасці, бальніцы, цэнтра культуры і народнай творчасці, ДРБУ-159…
Стараюцца не адстаць ад “ветэранаў” і новабудоўлі нашага горада: памяшканне Белдзяржстраха, новы будынак лясгаса, гімназія, яслі-сад №1… А за імі ўліваюцца ў спаборніцтва і жыхары дамоў, упрыгожваючы свае сядзібы, балконы і пад’езды: пераліваюцца рознакаляровымі агнямі фасады і вокны шматпавярховак і сыпе насуперак усяму, абяцаючы зусім новае светлае жыццё, у іх вокнах рукатворны снег…














