Читатель "АП" ставит проблему: дорога или направление?

1

Усім вядома выказванне класіка пра дзве расійскія бяды – адной з іх, як вы памятаеце, з’яўляюцца дарогі. Стан якіх часам напрамую залежыць ад першай…


Так, апошнім часам зроблена вельмі многае для паляпшэння якасці дарог. Можна толькі падзякаваць нашым дарожным рабочым, якія ўтрымліваюць асноўныя дарогі раёна ў прыстойным стане. Ва ўсякім выпадку, едучы па іх, можна гаварыць пра дарогі, а не пра накірунак руху, як у Расіі.
Але, на жаль, і ў нас ёсць “накірункі”, а не дарогі. У савецкія часы пасля вырубкі лесу і яго вывазкі лесанарыхтоўшчыкі павінны былі аднавіць стан дарогі, якой яны карысталіся, і гэта строга кантралявалася. Але сёння так не ўсюды і не заўсёды.
У нашым раёне засталася апошняя брукаваная дарога каля вёскі Соргаўцы працягласцю адзін кіламетр. Ёю карысталіся людзі больш чым сто гадоў, каб праехаць з Завельцаў у Кірэлі і далей – у Міхалішкі. На жаль, дарога “загадала доўга жыць” і ператварылася ў накірунак руху пасля прыходу чалавека з сякерай – прабачце, зараз ужо са “шведкай”. Сёння пра дарогу Соргаўцы – Кірэлі гаварыць не даводзіцца. Мясцовыя жыхары звярталіся ў мясцовыя ж органы ўлады – безвынікова.
Не хацелася б абагульняць, але даводзіцца канстатаваць: такое становішча становіцца традыцыйным пасля дзейнасці нашых лесанарыхтоўшчыкаў. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова праехаць па нашых лясных дарогах – напрыклад, з вёскі Барані ў Вялікае Сяло ці з Градаўшчызны на Катлоўку.
Што лепш – ехаць па дарозе ці карыстацца накірункам руху? – пытанне, думаю, рытарычнае.


Уладзімір ГІЧАНСКІ, Астравец.