В Страче работают неравнодушные люди

Вось, здаецца, адкінуць бы ўбок усе гэтыя нататнікі, фотаапараты, дыктафоны і з разбегу – у самую гушчыню травянога царства, у яго дурманячы водар... Схавацца тварам у рэшткі ранішніх росаў, не выпітых пакуль прагнымі вуснейкамі лістоты. Вольна раскінуць рукі, прытуліцца да грудзей матухны-зямлі, стаць мурашом, павучком, жужалкай, каб, забыўшыся на ўсе ўмоўнасці чалавечага існавання, блукаць па зялёных сцяблінках без аніякай мэты…

– Роўна датуль, пакуль да вашага царства не дабярэцца наша касілка, – адным сказам вяртае мяне ў рэальнасць загадчык участка №3 Эдуард Леанідавіч Янкойць. – Пасля яе праходу ад нядаўняй пышнасці застануцца адны “пянькі”.







Што ж, паслухмяна збіраю з травы так і не раскіданыя нататнікі, фотаапараты, дыктафоны і – “Баранкін, будзь чалавекам!” – вяртаюся ў рэчаіснасць.
Брыгада № 3 – гэта былы СВК “Страча”, тры гады таму далучаны да СВК “Міхалішкі”. Край узгорачкаў і пагоркаў, зараснікамі кустоўя сплеценых у маляўнічы вяночак. Гаспадар ланцужка водных пярлін-азёраў – “Сарачанскіх караляў”. Старонка, у якой печку не паляць, а “цепляць”, на гармоніку граюць “стройна”, моляцца шчыра…

– І працуюць – ад душы, – зноў “зазямляе” маю тыраду загадчык. – У тым ліку і на нарыхтоўцы кармоў.







Нарыхтоўка кармоў – адказны перыяд, які ў многім вызначае канчатковыя вынікі працы не толькі жывёлаводаў, а гаспадаркі ў цэлым. Назапасіш дастатковую колькасць якасных кармоў – чакай добрых надояў. Не назапасіш, прасядзіш палову зімы на прывазных – крыўдуй сам на сябе.
У “Страчы”, нягледзячы на багацце траў, праблемы з кармамі існавалі перманентна.

– У апошнія гады ў нас атрымліваецца нарыхтоўваць кармы не проста ў дастатку, а нават з пераходзячым запасам, – не хаваючы радасці, расказвае Эдуард Леанідавіч. – Працую загадчыкам участка тры гады і ведаю дакладна, колькі кожная з ферм “з’ядае” за зіму сенажу, сіласу, сена. Першапачатковая мэта – запоўніць так званыя “абавязковыя” ямы, а потым ужо надыходзіць чарга звышпланавых.
















– Складаная пара – нарыхтоўка кармоў, – працягвае гаспадар участка. Канешне, і сяўба, і жніво, і догляд пасеваў – ўсё патрабуе максімуму сіл, але асабіста для мяне корманарыхтоўка – найбольш адказная кампанія. Гэта таму, што ўсе яе работы спаяны ў адзін ланцужок: касілкі траву косяць, граблі зграбаюць у валкі, успушвальнікі варушаць, падборшчыкі падбіраюць, трактары і машыны вязуць падвяленую масу ў ямы, дзе “Амкадоры” яе трамбуюць у сянаж… Дасць прабуксоўку хаця б адно звяно – і спыніцца ўся работа. Вось таму я гатовы літаральна маліцца, каб тэхніка не падводзіла.

На нарыхтоўцы кармоў у брыгадзе працуюць пяць касілак, КЗР, двое грабляў, два ўспушвальнікі, прэс-падборшчык, два корманарыхтоўчыя камбайны, трактары, МАЗы.

















– Пакуль ідзе галоўным чынам нарыхтоўка сенажу, – працягвае Янкойць. – Але не толькі. Сухое надвор’е стараемся выкарыстаць напоўніцу. Вось у Масцянах у нас выраслі цудоўныя агратравы – мелі намер закруціць іх у плёнку. Вельмі добры, дарэчы, корм – каровы паядаюць яго з задавальненнем. Але дажджоў у бліжэйшыя дні не абяцаюць, таму паспрабуем нарыхтаваць з агратраў сена – закруціць у рулоны заўсёды паспеем. Дарэчы, мы яшчэ працягваем сеяць. пайзу – гэта аднагадовая культура, якую маем намер выкарыстаць для закладкі сіласу.

Эдуард Леанідавіч працягвае разважаць пра тонкасці раслінаводства з пункту гледжання дыпламаванага агранома, хаця неўзабаве высвятляецца, што па адукацыі ён – юрыст. Працаваў у СВК “Страча” ў аддзеле кадраў, потым – галоўным інжынерам, а тры гады назад перакваліфікаваўся ў загадчыка ўчастка. А гэта значыць, што з ранняй вясны і, лічы, да снегу ён – як вавёрка ў коле.

















– Ну і што?! – паціскае плячыма малады чалавек. – Клопатна, не без палення нерваў, затое як цікава! Цяпер і самому не верыцца, што некалі “перабіраў паперкі”… Ні за якія грошы не хацеў бы вярнуцца “за стол”. Тут – рух, тут – жывая справа. Кожны лапік брыгаднай зямлі паспеў вывучыць – і яго механічны склад, і папярэднікі. Так што пры складанні чарговага севазвароту галоўны аграном нашага СВК Андрэй Іосіфавіч Ствол да маёй думкі прыслухоўваецца.

Эдуард Леанідавіч гатовы расказваць пра жыццё брыгады бясконца. І расказвае. А я, слухаючы яго расповед, паглядаю на станоўчыя змены, што адбыліся на страчанскіх землях за апошнія гады, і думаю: “Добра, што тут працуюць неабыякавыя людзі”…


-------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.