Урожайный год на Островетчине

Назваць сёлетняе надвор’е спрыяльным для сельскай гаспадаркі можна хіба што заплюшчыўшы вочы: анамальную спёку красавіка змянілі па-асенняму халодныя май і чэрвень. Тоненькая чародка цёплых летніх дзянькоў прабегла скрозь ліпень, затрымалася на тыдзень у жніўні, і… зноў наступіла восень.
Праславутая сума эфектыўных тэмператур, якая ў многім вызначае велічыню ўраджаю, так і не змагла падняцца да сярэдняга ўзроўню. І тым не менш ураджай вырас. Прычым па многіх параметрах – рэкордны.
Растлумачыць падобны фенамен, а заадно і падвесці папярэднія вынікі работы раённага аграпрамысловага комплексу мы папрасілі першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэя Уладзіслававіча ЯНЧЭЎСКАГА.


– Андрэй Уладзіслававіч, народная мудрасць сцвярджае, што калі май халодны, то год – галодны. А 2012-ы, хоць і засмуціў нізкімі тэмпературамі, затое парадаваў цудоўным ураджаем. На ваш погляд гэта выключэнне з правіл?

– Не абавязкова. Хутчэй унясенне ў іх паправак. Справа ў тым, што новыя сучасныя тэхналогіі вырошчвання асноўных культур, якія актыўна ўкараняюцца на нашых палях, дазваляюць земляробам у значнай ступені вызваліцца ад дыктату надвор’я – пры прафесійным падыходзе да справы і ў так званай зоне рызыкоўнага земляробства ўраджай можна вырошчваць без асаблівай рызыкі. Вядома, цалкам застрахавацца ад прыродных катаклізмаў нельга, але наступствы многіх з іх можна выправіць своечасовым правядзеннем адпаведных агратэхнічных мерапрыемстваў.
– Сёлетні ўраджай па многіх параметрах з’яўляецца рэкордным…
– У першую чаргу гэта тычыцца валавога збору збожжа, які сёлета склаў 77 тысяч тон. Дадайце сюды тры тысячы тон зерня кукурузы… За гады свайго існавання Астравеччына яшчэ не дасягала васьмідзесяцітысячнага рубяжа ў валавой вытворчасці зерня. Абсалютнымі атрымаліся сёлета і ўраджайнасці бульбы і рапсу, велічыня якіх склала адпаведна 368 і 25,5 цэнтнера з гектара.
– Што, на ваш погляд, вызначыла гэтыя рэкорды?
– Лічу, што правільная накіраванасць стратэгічнай лініі. І асаблівую ролю тут сыграла своечасовае набыццё мінеральных угнаенняў. У сакавіку, калі стала ясна, што на пасяўную катастрафічна не хапае азотных угнаенняў, было прынята рашэнне ўзяць крэдыт для іх набыцця. Але аказалася, што на Гродзенскім азотна-тукавым заводзе азот не купіць і за грошы. І толькі намаганнямі Адама Дзмітрыевіча Кавалькі набыць неабходныя ўгнаенні ўсё ж такі ўдалося. У выніку азот быў унесены і ў перадпасяўную асноўную задзелку, і ў якасці пазакаранёвых падкормак. Гэта і стала стрыжнем будучай ураджайнасці. На сучасным узроўні земляробства ўсё большую ролю ў фарміраванні ўраджаю адыгрываюць пестыцыды – хімічная праполка высокаэфектыўнымі гербіцыдамі і фунгіцыдная апрацоўка супраць ліставых хвароб дапамаглі зберагчы колас.
– Якая культура са спектра наяўных збожжавых і зернебабовых аказалася найбольш эканамічна выгаднай?
– Пшаніца. Так, гэта культура далікатная – яна патрабуе стараннага догляду з абавязковым выкананнем усіх тэхналагічных патрабаванняў, але высокая закупачная цана на пшаніцу з лішкам кампенсуе ўсе затраты на яе вырошчванне. Прагнозная рэнтабельнасць вырошчвання гэтай культуры – больш за 20 працэнтаў.
Выгадна займацца і піваварным ячменем, план здачы якога, дарэчы, нашы гаспадаркі сёлета выканалі на 130 працэнтаў. Але зноў жа падкрэслю: дабіцца высокай якасці зерня піваварнага ячменю можна толькі акуратнай і планамернай работай, умелым унясеннем угнаенняў і сродкаў аховы раслін.
Разважаючы пра эканамічную выгаду раслінаводства, нельга не ўзгадаць і пра рапс…
– Яшчэ адзін “рэкардсмен” 2012 года?
– Так. Сёлетні валавы намалот рапсу перавысіў дасягненні папярэдніх гадоў у два разы і склаў больш за 6 тысяч тон. Перамножце на закупачную цану 3,1 тыс. руб. – чысты прыбытак ад рэалізацыі атрымліваецца цалкам нядрэнны. Што тычыцца высокай ураджайнасці гэтай культуры, то тут сваю ролю адыгралі тэрміны яе сяўбы – восенню 2011 года ўся плошча азімага рапсу была пасеяна ў аптымальныя тэрміны. Як вынік, рапс цудоўна перазімаваў і выдаў на-гара буйныя, цяжкавагавыя стручкі. Дарэчы, сёлета насенне крыжакветнага таксама трапіла ў глебу своечасова…
– Прыбаткам аддзячваюць селяніну за клопат і цукровыя буракі…
– Безумоўна. Хоць сёлета падчас вырошчвання гэтай культуры былі дапушчаны пэўныя промахі. Да прыкладу, у СВК “Гервяты”, які ў мінулым годзе быў лепшым цукраводам рэспублікі. Сёлета ў гаспадарцы пад караняплоды былі адведзены ўчасткі пасля вапнавання, а вапна, на думку кіраўніка гаспадаркі, блакіруе паступленне ў расліну шэрагу мікраэлементаў. У выніку на бацвінні назіралася так званая мазаічнасць, якая і справакавала недабор ураджаю. Хоць самы высокі ўраджай цукровікаў у раёне атрымаўся ўсё ж у “Гервятах”. І наогул ураджайнасць астравецкіх цукровых буракоў значна больш высокая, чым у сярэднім па рэспубліцы.
Рэнтабельнасць вырошчвання буракоў па раёне абяцае быць 23 працэнты.
– Немагчымым, абсалютна “бурачным” атрымаўся сёлетні ўраджай “другога хлеба”…
– Сярэдняя ўраджайнасць бульбы склала 368 цэнтнераў з гектара. Гэта трэці паказчык у вобласці і першы ў раённым бульбаводстве за ўсе папярэднія гады. Тут сваё станоўчае “слова” сказала аптымізацыя бульбянішч, якую правялі СВК Варняны”, “Гервяты” і “Гудагай”. Хоць канчатковыя “кропкі над і” расставіла ўсё ж высокаэфектыўная ахова ад фітафтарозу – бульбянішчы асобных гаспадарках былі апрацаваны фунгіцыдымі па пяць разоў, і гэта дазволіла захаваць  вегетацыйную масу бульбы практычна да моманту яе ўборкі. У выніку валавы ўраджай “другога хлеба” склаў 8464 тоны.
– І ўсё ж без расчараванняў у бульбаводстве не адбылося…
– Узніклі праблемы з рэалізацыяй. Дакладней, шляхі збыту клубняў ёсць, але закупачная цана, можна сказаць, умоўная. Сёння кілаграм харчовай бульбы каштуе як тры пачкі запалак. А прамысловую бульбу Гальшанскі крухмальны завод наогул прымае па 270 рублёў за кілаграм – хіба можа падобная цана пакрыць затраты на вырошчванне гэтай працаёмкай культуры?!
Дапушчаны яўны пралік – але, думаецца, не на нашым узроўні.
– Падводзячы вынікі раслінаводчага года, нельга не ўзгадаць і пра лён – якая сітуацыя назіраецца ў гэтым накірунку?
– Лён даўно стаў, калі можна так сказаць, планава- стратнай культурай. І не толькі таму, што глебы Астравеччыны не асабліва падыходзяць для яго вырошчвання. Але яшчэ і таму, што заводы-перапрацоўшчыкі затрымліваюць разлік з гаспадаркамі літаральна на год. Сёння за закуплены лён Смаргонскі льнозавод завінаваціўся гаспадаркам раёна больш за 500 мільёнаў рублёў.
Вырошчванне “беларускага шоўку” стала настолькі нерэнтабельным, што ад яго трэба наогул адмаўляцца.
– Яшчэ адной з асноўных культур, вырошчваемых на нашых палях, з’яўляецца кукуруза – якім плёнам адарыла земляробаў “каралева палёў”?
– Чацвёртае месца ў вобласці – як па зялёнай масе, так і па зерні. Хоць да ўзроўню мінулага года не дацягнула, таму што кукуруза – паўднёвая культура, і ў холадзе яе вегетацыя запавольваецца. Да паловы лета сітуацыя з “каралевай”, калі яна, ледзь дасягнуўшы мятровай вышыні, выкінула мяцёлку, непакоіла ўсур’ёз. А потым, дзякуючы паляпшэнню надвор’я і своечасовым азотным падкормкам, кукуруза кінулася ў рост, і канчатковы вынік атрымаўся нядрэнным.
– Кукуруза – нятаннае задавальненне: дарагое насенне, якое даводзіцца набываць за мяжой, вялікая колькасць мінеральных угнаенняў, імпартныя гербіцыды… Няўжо няма іншай, больш эканамічна выгаднай для нашых шырот кармавой культуры?
– Больш выгадная ёсць, няма  больш энергаёмістай. Кукурузны сілас сёння – асноўны кампанент кармавой базы грамадскага статка. Асабліва цяпер, калі мы сталі вырошчваць раннія сарты кукурузы, якія паспяваюць сфарміраваць і даспеліць пачаткі – пажыўная вартасць сіласу стала па-сапраўднаму каралеўскай. Пры ўсёй сваёй забяспечанасці бялком тая ж канюшына не ў стане замяніць кукурузу.
– Зіма ўжо на парозе… Якую кармавую базу ўдалося сфарміраваць на зімне-стойлавы перыяд?
– 106 тысяч тон сіласу, 79 тысяч – сенажу, 7 тысяч – сена… У сярэднім на ўмоўную галаву грубых кармоў у раёне нарыхтавана па 24,4 цэнтнера кармавых адзінак. Гэта на 2 цэнтнеры менш, чым у мінулым годзе. Прычым якасць часткі сенажу, які прыходзілася закладваць пад акампанемент  перманентных дажджоў, ніжэйшая, чым магла б быць… Пастараемся кампенсаваць гэта ўвядзеннем у рацыён жывёлы дадатковай колькасці зернефуражу – яго нарыхтавана 40,4 тысячы тон.
– Напэўна, ад кармавой базы будзе ўпаўне лагічным перайсці да яе спажыўца – грамадскага статка. Якім атрымаўся жывёлагадоўчы год раёна?

– Канчатковыя вынікі работы жывёлаводаў падводзіць ранавата – наперадзе яшчэ чатыры дэкады. Хоць грунтоўных скачкоў уверх або ўніз ужо, думаю, не будзе. Валавы надой малака за 10 месяцаў бягучага года перавысіў мінулагодні паказчык на 10 працэнтаў, а яго рэалізацыя – на 15 працэнтаў. Сярэдні надой на карову па стане на 15 лістапада складае 4701 кілаграм. На 1 студзеня ёсць магчымасць надаіць 5500–5600 кілаграмаў. У мінулым годзе, нагадаю, ад умоўнай каровы ў раёне было атрымана 5166 кілаграмаў малака.
– Прыбаўка ў надоях абяцае быць грунтоўнай. У чым вы бачыце асноўныя прычыны падобнага прыросту?
– Тэхналогія і яшчэ раз тэхналогія. Яна павінна быць адпрацаванай да дробязей і вытрымлівацца на 100 працэнтаў. А яшчэ – працоўная дысцыпліна работнікаў усіх узроўняў. Думаю, у гэтых двух накірунках сёлета былі зроблены пэўныя крокі. Прынесла плён і работа па ўдасканаленні рацыёна грамадскага статка – сёння на кармавы стол жывёлы трапляе корм, здобраны якасным камбікормам і збалансаваны па ўсіх пажыўных рэчывах. Дзякуючы штучнаму асемяненню, ідзе пастаяннае паляпшэнне пароды жывёлы. Сваю лепту, безумоўна, унесла паляпшэнне якасці пашы.  Сёння практычна ў кожнай з гаспадарак раёна створаны ўчасткі так званай палепшанай пашы, якія пасля рэкультывацыі былі засеяны спецыяльна падабранай сумессю высокаўраджайных траў – за сезон іх можна страўліваць па пяць-шэсць разоў. Увод у эксплуатацыю новых малочна-таварных комплексаў – яшчэ адна прычына прыбаўкі надояў.
– Калі ласка, на “комплекснай” тэме спыніцеся крыху больш падрабязна…
– Да ўжо не першы год дзеючых комплексаў “Кярняны”, “Рытань”, “Малі”, “Германішкі” далучыліся МТК “Рымдзюны” і “Маркуны”. Хутка будуць здадзены ў эксплуатацыю даільная зала, цэх сухастою і адзін з кароўнікаў малочна-таварнага комплексу “Дайлідкі”, а таксама даільная зала на ферме “Газа”. У будучым годзе адбудзецца ўвод у дзеянне МТК “Беразоўка” і “Ізабяліна”…
Дарэчы, стратэгія запаўнення новых комплексаў мяняецца з улікам вопыту правядзення падобнай работы на “першынцах”: цяпер новыя кароўнікі запаўняюцца паступова, на працягу амаль што года – гэта прыкметна змяншае стрэс “наваселля” ў жывёлы і не так адмоўна адбіваецца на надоях.
– Вытворчасць малака заўсёды была прыбытковай, а вось мясны накірунак прыносіў жывёлаводам, як правіла, страты. З якімі паказчыкамі завяршаюць вытворчы год адкормачнікі раёна?
– Таксама з прыбыткам. Валавая прывага буйной рагатай жывёлы за дзесяць месяцаў бягучага года склала 4493 тоны, што на 264 тоны больш, чым у 2011 годзе, сярэднясутачная прывага – 702 грамы (плюс 12 грамаў). Дадайце да гэтага прымальны ўзровень закупачных цэн на ялавічыну… Хоць рост цаны адмоўна адбіўся на дзейнасці перапрацоўшчыкаў – попыт на іх прадукцыю, кошт якой падняўся ў адпаведнасці з падаражаннем сыравіны, прыкметна знізіўся. Мясакамбінаты нясуць страты, а гэта значыць, цяпер яны не ў стане не толькі, як гэта было раней, авансаваць дзейнасць гаспадарак-здатчыкаў прадукцыі, але нават своечасова разлічыцца за закупленую ялавічыну.
– Якая сітуацыя назіраецца ў свінагадоўлі?
– Сярэднясутачная прывага свіней складае 595 грамаў, што на 5 грамаў больш мінулагодняга ўзроўню. Валавая прывага склала 1935 тон або 106 працэнтаў да ўзроўню 2011 года. Свінагадоўля – хуткаспелая галіна, таму больш выгадная. Рэнтабельнасць вытворчасці свініны – каля 10 працэнтаў.
– Андрэй Уладзіслававіч, навошта займацца ялавічынай, калі на свініне зарабіць лягчэй? Ці не  надышоў час памяняць прыярытэты ў раённай жывёлагадоўлі?
– Ну, калі кіравацца вашай логікай, тады і свінінай займацца не варта – самы час гаспадаркам раёна пераключыцца на птушкагадоўлю, хуткаспеласць (а значыць, і абарот сродкаў) якой, як мінімум, удвая карацейшы, чым у свінагадоўлі… Мы жывём у планавай гаспадарцы, нам даводзяцца планы, і ў сваёй дзейнасці мы павіннны кіравацца не толькі сённяшняй выгадай сваіх прадпрыемстваў, але і інтарэсамі насельніцтва краіны.
– Тады давайце перойдзем на персаналіі… Як вы ацэньваеце сёлетнюю работу гаспадарак раёна?
– У цэлым – на цвёрдую “чацвёрку”. А калі па персаналіях, то лепшых вынікаў дабіўся СВК “Гервяты”. Плённа спрацаваў і СВК “Варняны”, хоць на працягу года ў яго адрас прагучала нямала крытычных заўваг, якія падзейнічалі канструктыўна і па некаторых пазіцыях (ураджайнасць рапсу і бульбы) варнянцы ўзначалілі раёны “табель рангаў”. А вось СВК “Гудагай”, думаю, спрацаваў ніжэй сваіх магчымасцей. Хоць у фінансавым сэнсе менавіта “Гудагай” – самы моцны з кааператываў раёна. Як гэта ні парадаксальна, менавіта падобная зацыкленасць на фінансах (вірус скупасці!) стрымлівае развіццё гэтага працаздольнага калектыву. Годна пражыў год СВК “Міхалішкі”, асабліва з улікам далучэння да яго СВК “Страча” і будаўніцтва малочна-таварнага комплексу. А вось у саўгаса “Падольскі” справы склаліся куды менш спрыяльна…
– Напэўна, перадсвяточнае інтэрв’ю ўсё ж не варта заканчваць на мінорнай ноце…
– Безумоўна. Дазвольце, карыстаючыся выпадкам, падзякаваць усіх, хто працуе ў сельскай гаспадарцы – ад радавога работніка да кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства – за сумленную, часам нават  самаахвярную працу, за неабыякавыя адносіны да сваіх абавязкаў і творчы падыход у рашэнні ўсіх праблем. Што тычыцца святочных пажаданняў, то галоўнае з іх наступнае: няхай ажыццявіцца патрабаванне новага міністра сельскай гаспадаркі, які ратуе за тое, каб нядзеля стала абавязковым выхадным днём для працаўнікоў вёскі. А таксама хочацца пажадаць дастатку, здароўя, без якога жыццё не мілае, ладу ў сем’ях. Каб дзеці радавалі. А галоўнае, каб у душы кожнага чалавека існавала гармонія – тады будзе хацецца жыць, тварыць, працаваць напоўніцу. Са святам, паважаныя калегі! З Днём работнікаў аграпрамысловага комплексу.


-----------------------------------------
Гутарку вяла Ганна ЧАКУР.