Течет рукотворная речушка
Канешне, мы – не Венецыя, але каналы ёсць і ў нас. Няхай сабе і неглыбокія, затое доўгія – сумарная даўжыня меліярацыйных каналаў Атравеччыны складае амаль 800 кіламетраў. Іншая справа, што ў буйным разнатраўі лугоў мы заўважаем іх спакойнае цячэнне не часта. А і заўважыўшы, ставімся да іх па прынцыпу “навыкопвалі тут – ні прайсці, ні праехаць”. З незадаволеным выглядам спрабуем пераадолець нечаканую перашкоду – і большасці з нас зусім няўцям, што калі раптам не стане гэтай штучнай воднай артэрыйкі, разам з ёй знікне ўсё расліннае багацце – луг вельмі хутка перародзіцца ў балота і замест лугавых кветак закалышуцца асака ды рагоз.Тэхналогія дрэнажу – складаная навука. Кожная канкрэтная сістэма распрацоўваецца ў Гіпраземе. А далей яе “прывязкай” на мясцовасці займаюцца ўжо спецыялісты прадпрыемства меліярацыйных сетак.
У ліку іх, брыгадзір дрэнажнай брыгады Леанід Канстанцінавіч Казарэз. З дапамогай нівеліра ён разбівае поле на ўмоўныя ўчасткі, расстаўляе вешкі, уздоўж якіх спецыяльным агрэгатам выразаецца з глебы раўнюткая канаўка. Туды закладаецца водапранікальная дрэнажная трубка, і канаўка засыпаецца зямлёй – атрымліваецца так званы дрэн. Некалькі дрэнаў прыносяць назбіраную ў глебе ваду ў падземны калектар, адтуль яна трапляе ў канал – і ўжо па яго рэчышчы бяжыць, спяшаецца данесці сваё вільготнае багацце да рэчкі.
– Нават самая дасканалая сістэма дрэнажу без догляду будзе працаваць нядоўга, - тлумачыць дырэктар ПМС Вадзім Станіслававіч Вянгроўкі. – Зарасце хмызняком і травой, заб’ецца глеем, і ў выніку асушаная мясцоваць зноў стане балоцістай. З часткай меліярацыйных аб’ектаў менавіта так і здарылася, калі ў постперабудовачны перыяд іх перасталі даглядаць. Да гэтага часу “ваюем” з наступствамі той безгаспадарлівасці.
Мы едзем на аб’ект, і Вадзім Станіслававіч распавядае аб стане спраў у давераным яму прадпрыемстве. За год, што прайшоў з моманту нашай апошняй размовы, адбылося нямала. Адным з прыярытэтных накірункаў развіцця ПМС яго дырэктар лічыць тэхнічнае перааснашчэнне.
– Яшчэ дзевяць гадоў таму зношанасць тэхнічных сродкаў у нашай арганізацыі складала больш за 90 працэнтаў, - гаворыць ён. – Працаваць фактычна не было на чым. У 2009 годзе мы сур’ёзна абнавілі свой парк. Куплялі тэхніку па лізінгу або ў крэдыт. Рызыкавалі, вядома. Але з улікам інфляцыі нашы фінансавыя ўкладанні аказаліся выгаднымі. І мыпрацягвалі працаваць у гэтым накірунку. Дарэчы, мінулы год таксама не прайшоў без “абновак”- набылі экскаватар ЭО-3230, два бульдозеры, два трактары “Беларус 30-22” з плугамі і дыскатарамі, навясныя касілкі. Вядома, усё гэта пры фінансавай падтрымцы дзяржавы – атрымалі дапамогу і з абласнога, і з рэспубліканскага бюджэтаў. Укладанні вельмі салідныя – лік ідзе на мільярды рублёў, акупаемасць якіх чакаецца толькі ў 2020-м, але іншага шляху развіцця няма. Затое сёння зношанасць тэхнічных сродкаў нашага прадпрыемства складае 30 працэнтаў – гэта ў нарматыўных межах. Цяпер думаем пра набыццё машын для перавозкі людзей. І яшчэ адзін экскаватар не пашкодзіла б прыдбаць. І бульдозер…
– А з кадрамі, Вадзім Станіслававіч, у вас няма праблем? Ёсць каму працаваць на новай тэхніцы? Не спакусіла вашых работнікаў “доўгім” рублём разлучніца-АЭС?
– Былі і тыя, хто перайшоў на будаўніцтва АЭС. Дарэчы, некаторыя з іх ужо паспелі вярнуцца назад. Стараемся стварыць такія ўмовы, каб людзі ад нас не ўцякалі. Маю на ўвазе ўмовы і стан бяспекі працы. Між іншым, за мінулы год у галіне аховы працы наша арганізацыя была прызнана ў раёне лепшай сярод прамысловых прадпрыемстваў. Хаця галоўны “козыр” АЭС, канешне ж, высокая зарплата. У нас яна за красавік склала ў сярэднім па прадпрыемству 3,8 мільёна рублёў. Самыя высокааплачваемыя работнікі ПМС – экскаватаршчыкі, у сезон яны атрымліваюць па 8 – 9 мільёнаў рублёў. Згадзіцеся, нядрэнна. Тым больш, што працуюць на новай тэхніцы, абсталяванай кандыцыянерамі і іншымі зручнасцямі. Што тычыцца заработнай платы, то, лічу, гэтае пытанне павінна вырашацца на ўзроўні рэспублікі – у такіх раёнах, як наш, яна павінна быць апрыёры вышэйшай. Тады не будзе гэтага нездаровага для эканомікі прадпрыемстваў ажыятажу.
– Па адукацыі вы - эканаміст. Ці адчуваеце недахоп спецыяльных меліярацыйных ведаў?
– Не перашкаджае, таму што за дзевяць гадоў дырэктарства я ўжо паспеў “атрымаць” другую адукацыю: вопыт – лепшы настаўнік. Побач са мной працуе шмат вопытных спецыялістаў – ёсць у каго вучыцца. А калі браць наогул, дык сёння кожны кіраўнік павінен– умець пралічваць свае крокі наперад. Ды і ў заканадаўстве кожны год адбываюцца змены – эканамісту ў іх лягчэй разабрацца.
– З фронтам работ няма праблем? Не бывае вымушаных прастояў?
– У асноўным мы займаемся рэканструкцыяй меліярацыйных аб’ектаў – створаныя 30-50 гадоў назад, яны ўжо ў многім аджылі сваё. Таму робім дрэнаж па-новаму, выдаляем хмызняк, праводзім рэкультывацыю і здаём гаспадаркам ужо фактычна гатовае для сяўбы поле. Займаемся выдаленнем дарожных лесапалос. Распачынаем абкошванне каналаў. На аб’ектах АЭС таксама падзарабляем – робім для іх патрэб канавы. Знос закінутых хутароў – зноў жа наша прэрагатыва. Словам, без працы не сядзім – гэтага самага “фронту” хапае.
– Стварэнне новага вадаёма ў лесапаркавай зоне – вашых рук справа?
– Нашых. Пачысцілі Кавалёўку, устанавілі дамбу. Нават невялічкі востраў пасярэдзіне ракі зрабілі…
– Ну, у стварэнні астравоў прадпрыемства меліярацыйных сетак – дока. Зроблены вамі Востраў Кахання ля млына – любімае месца адпачынку і гараджан, і гасцей…
– Прыемна, што атрымалася добра. Нават традыцыя новая на востраве ўзнікла – у знак непарушнага кахання навешваць на парэнчы мосціка замкі…
– Рамонт жылля закончылі. У адміністрацыйным будынку – таксама парадак. Засталося завяршыць рамонт майстэрняў – яны пакуль гатовы напалову. Але наша будаўнічая брыгада шчыруе там на поўную.
– Працаваць умееце. А як з адпачынкам?
– Таксама атрымліваецца нядрэнна. У раёне па культурна-масавай рабоце за мінулы год мы занялі трэцяе месца. А ў рэспубліцы ў гэтай галіне наогул сталі пераможцамі сярод абслугоўваючых прадпрыемстваў АПК. Літаральна пазаўчора атрымалі грамату.
– Тады і пра спартыўныя поспехі варта ўзгадаць…
– Два гады наша футбольная каманда ўдзельнічала ў абласным турніры. Сёлета мы не гуляем –кадравыя праблемы. Касцяк з 6-7 ігракоў ёсць, але ж для гульні такога ўзроўню патрэбны ўсе 15. На нашу пляцоўку часам прыходзяць гуляць “атамшчыкі” – прыглядваюся, шукаю “легіянераў”. У маі мы выйгралі раённы чэмпіянат па міні-футболе. Чацвёртае месца занялі ў абласным чэмпіянаце па пляжным футболе. Зусім іншая гульня! Гуляць трэба босымі, па пяску… Думаем у сябе зрабіць спецыяльную пляцоўку для гэтай гульні…
– Вадзім Станіслававіч, столькі на вашых плячах праблем. Не надакучыла? Не бывае жадання кінуць усё і ўладкавацца ну хоць бы на тую ж атамную?
– Часам бывае. Вечарам. Калі ўжо дапякуць з усіх бакоў. Але раніцай прачынаюся, як ні ў чым ні бывала – і зноў цягне да працы. Як бы і не было дрэнных думак. Нездарма кажуць, што раніца мудрэй за вечар.
– Нашу размову давайце завершым традыцыйным віншаваннем у адрас калектыву. Заўтра ваша прафесійнае свята – Дзень меліяратара.
– З задавальненнем. Перш за ўсё хочацца падзякаваць усім працаўнікам ПМС за плённую працу. За адказнае стаўленне да абавязкаў і правільнае разуменне сітуацыі. А пажадаць хачу ўсім адразу і кожнаму паасобку моцнага здароўя, дабрабыту, паразумення ў сем’ях і наогул усяго самага найлепшага ў жыцці.
Бяжыць-бяжыць вадзічка па маленькіх штучных рачулках, зробленых меліяратарамі Астравецкага ПМС. Спяшаецца далучыцца да ракі сапраўднай, каб разам з яе хвалямі даплыць да мора. А потым – хто ведае? – можа, выпарыцца і вернецца да нас дажджлівай хмаркай…
____________________
Размову вяла Ганна ЧАКУР,
фота аўтара.

