Растущие показатели островецких животноводов

2012 год, на думку намесніка начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па жывёлагадоўлі Валянціна Часлававіча Далговіча, для сельскай гаспадаркі склаўся цалкам нядрэнна. У тым ліку і для жывёлагадоўлі. Колькасць жывёлы, якая ўтрымліваецца на фермах раёна, павялічылася за год на 1009 галоў (104 працэнты да ўзроўню 2011 года) і цяпер складае 29553 галавы. У тым ліку на 500 кароў (106 працэнтаў) вырас малочны статак, у якім па стану на 1 студзеня 2013 года налічвалася 8743 рагулі.



МАЛАКО

– Тэндэнцыя росту пагалоўя не можа не радаваць, – каменціруе стан спраў Валянцін Часлававіч. – Тым не менш, да аптымальных суадносін паміж плошчай сельскагаспадарчых угоддзяў і пагалоўем жывёлы нам яшчэ прыбаўляць і прыбаўляць. Сярэднераённая шчыльнасць кароў на 100 гектараў сельгасугоддзяў складае 16,4. Самая высокая яна на сённяшні дзень у СВК “Гудагай – 20,7, самая нізкая – у СВК “Гервяты” (14,3) і СВК “Міхалішкі” (13,5). А наогул па мерках сучасных інтэнсіўных тэхналогій, плошча сельскагаспадарчых угоддзяў і пагалоўе жывёлы павінны супадаць – лічыцца, што адзін гектар у стане “пракарміць” адну галаву буйной рагатай жывёлы. Факт павелічэння дойнага статка ўжо сам па сабе павінен быў паспрыяць росту валавога надою малака.
Але не толькі экстэнсіўны фактар спрацаваў у значнай прыбаўцы “вала”, якая склала 110 працэнтаў да ўзроўню 2011 года і дасягнула лічбы 46010 тон – асноўную долю поспеху забяспечыў якраз інтэнсіўны фактар, а іменна – павелічэнне прадуктыўнасці. Сярэдні надой малака ад каровы за 2012 год склаў 5480 кілаграмаў, што на 314 кілаграмаў больш, чым у папярэднім годзе.
Лідарам раённай малочнай валавой выторчасці 2012 года ў валавым вымярэнні стаў СВК “Гудагай”, які атрымаў за год 118,8 тон малака (прырост 109 працэнтаў), а самы высокі надой на карову – у жывёлаводаў СВК “Гервяты”, у якім у сярэднім ад каровы атрымана па 5858 кілаграмаў малака. Другое месца ў гэтай “намінацыі” – у СВК “Гудагай” (5610 кілаграмаў). Трэцяе – у СВК “Варняны” (5533). У СВК “Міхалішкі” ад каровы грамадскага статка надоена ў сярэднім 4969, у саўгасе “Падольскі” – 5190 кілаграмаў малака.
Паказальна, што пры павелічэнні валавога і сярэдняга надояў расце і яго рэалізацыя – таварнасць малака па выніках 2012 года склала ў сярэднім па раёне 88,8 працэнта. У СВК “Гервяты” гэты паказчык дасягнуў 90 працэнтаў, а ў СВК “Гудагай” – 89.
Аб якасці прададзенай сыравіны можна меркаваць па яе гатунковасці. Сортам “экстра” ў 2012 годзе было рэалізавана 3990,8 тоны малака, што складае 9,2 працэнта ад агульнай рэалізацыі.
І ў гэтым сэнсе жывёлаводы раёна зрабілі значны крок назад – у 2011 годзе лабаранты Смаргонскага малаказавода аднеслі да “экстра”-класа 19,2 працэнта “астравецкага” малака.
Самая вялікая ўдзельная вага гатунку “экстра” ў малака з саўгаса “Падольскі” – 34,1 працэнта яго агульнай колькасці былі прыняты сортам “экстра”. У СВК “Міхалішкі” – 19,3 працэнта, у СВК “Гервяты” – 4,9, а ў СВК “Варняны” і “Гудагай” – усяго толькі па 0,9 працэнта.
Хоць самым якасным у выніку (калі падсумаваць вагу малака, рэалізаванае гатункамі “экстра” і “вышэйшы”) яно аказалася ў СВК “Гудагай” – 92 працэнты. На другім па якасці месцы прадукцыя ферм СВК “Гервяты” – 91,3 працэнта. А самым нізкаякасным аказалася малако СВК “Варняны” – 84,6 працэнта. Хоць і тут не абышлося без кур’ёзу: пры ўсёй якаснасці гудагайскага малака менавіта ў СВК “Гудагай” самая вялікая колькасць вяртання нядобраякаснай прадукцыі – 14,6 тон (5 разоў).
Трэба сказаць, што на абласным узроўні якасць малака гаспадарак Астравецкага раёна выглядае нядрэнна – па суме гатункаў “экстра” і “вышэйшы” наш раён знаходзіцца на чацвёртым месцы, адстаючы ад трэцяга – Смаргонскага раёна – усяго на адну дзясятую працэнта. А па тлустасці малочнай прадукцыі наогул наперадзе ўсёй вобласці. З паказчыкам 3,85 працэнта тлустасці малочнай прадукцыі Астравеччына ўзначальвае абласны табель рангаў.
Калі ж больш пільную ўвагу звярнуць на ўнутрыраённыя жывёлагадоўчыя справы, то трэба адзначыць, што сем малочна-таварных ферм па выніках 2012 года надаілі ў сярэднім ад каровы больш, чым па шэсць тысяч кілаграмаў малака. Гэта “Міцюны” СВК “Гервяты” (загадчыца – З.С. Валанцэвіч) – 6503 кілаграмы малака (+496); “Дайлідкі” СВК “Гервяты” (загадчыца – М.К. Алітойць) – 6442 кілаграмы (+543); “Сакалойці” СВК “Гервяты” (загадчыца – М.З. Лапуня) – 6397 кілаграмаў (+742); малочна-таварны комплекс “Рымдзюны” СВК “Гервяты” (начальнік – Л.А. Шапура) – 6254 кілаграмы (+1067); малочна-таварны комплекс “Малі” СВК “Гудагай” (начальнік – Л.М. Драцкая) – 6224 кілаграмы (+970); “Карвэлі” СВК “Варняны” (загадчык – А.І. Мармыш) – 6186 кілаграмаў (+600), малочна-таварны комплекс “Кярняны” СВК “Варняны” (начальнік – М.У. Тумінская) – 6167 кілаграмаў (+214).





Дваццаць пяць даярак раёна надаілі ў сярэднім ад кожнай каровы сваёй групы больш як па 6 тысяч кілаграмаў малака. У СВК “Гудагай” гэта Людміла Раманаўна Цяшкевіч і Таццяна Раманаўна Жукоўская, абедзьве – з фермы “Індрубка”; Ірына Іванаўна Качкан – ферма “Рукшаны”, Таццяна Мікалаеўна Казлоўская – ферма “Палушы”. У СВК “Варняны” гэта Іна Станіславаўна Кузміцкая, Часлава Чаславаўна Паўкштэла, абедзьве – ферма “Варняны”; Галіна Андрэеўна Клімовіч – ферма “Карвэлі”, Марыя Станіславаўна Полаз і Тэрэса Леанардаўна Таргонская – ферма “Трокенікі”, Аліна Міхайлаўна Яновіч – ферма “Падварышкі”. У СВК “Гервяты” гэта Ядвіга Эдвардаўна Штура, Таццяна Уладзіміраўна Штура, Алена Антонаўна Ганчарэвіч, Яніна Рышардаўна Бараноўская, усе – з фермы Сакалойці”; Алена Зянонаўна Янковіч – фермы “Малюта”, Ніна Віктараўна Алексеявец,





Валянціна Станіславаўна Мажэйка, Надзея Пятроўна Таргун, Наталя Віктараўна Гарунова, усе – з фермы “Міцюны”; Ірына Эдуардаўна Алітойць, Алена Антонаўна Барташэвіч, Надзея Мечыславаўна Грамбоўская, Святлана Віктараўна Барташэвіч, усе – з фермы “Дайлідкі”. У СВК “Міхалішкі” гэта Валянціна Тадэвушаўна Кавалеўская – ферма “Супраненты” і Анжэліка Сяргееўна Сальмановіч – ферма “Страчанка”.



МЯСА

Валавая прывага буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме склала за 2012 год 5375 тон. З улікам пераходнага з 2011 года фонду на перапрацоўчыя заводы было рэалізавана 7019 тон ялавічыны, што да ўзроўню 2011 года склала 107 працэнтаў. Самай “мясной” гаспадаркай традыцыйна з’яўляецца СВК “Гервяты”, на комплексе па адкорме і дарошчванні якога была атрымана валавая прывага 1447 тон (104 працэнты да папярэдняга года). “Сярэбраным” вытворцам ялавічыны ў раёне стаў СВК “Гудагай”, які за мінулы год вырасціў 1182,3 тоны ялавічыны (110 працэнтаў).
Сярэдняя вага здадзенай на перапрацоўчы завод галавы – 447 кілаграмаў, што на 24 кілаграмы вышэй, чым у 2011 годзе.
Сярднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме ў сярэднім па раёне склала 700 грамаў (+1 грам). Самыя высокія яны атрымаліся ў СВК “Гервяты” – 774 грамы (хаця гэта на 6 грамаў ніжэй мінулагодняга паказчыка). Другое месца ў саўгаса “Падольскі” – 682 грамы сярэднясутачных прываг (+16).
За ім – адкормачнікі СВК “Гудагай”, якія да паказчыка 2011 года даплюсавалі 25 грамаў, што дало ў суме 673 грамы сярэднясутачнай прывагі.





Лепшыя жывёлаводы раёна па выніках 2012 года: Уладзіслаў Зянонавіч Казлоўскі – 1077 грамаў сярэднясутачнай прывагі кожнай галавы (+156), Генадзь Станіслававіч Заранковіч – 1046 грамаў





(+217); Крысціна Казіміраўна Лукашык – 1041 грам (+177) – усе трое працуюць на ферме “Слабодка” СВК “Гудагай”.





На ферме, зазначым, да гэтага часу працэс кармлення быкоў не механізаваны – даглядчыкі ўручную загружаюць грубыя кармы ў падводы і раскідваюць іх на кармавыя сталы. Канцэнтраты таксама выдаюцца ўручную. У падобных умовах працавалі і даглядчыкі А.Ч. і Я.Ч. Буката, сярэднясутачная прывага па групе адкорму якіх дасягнула 1051 грама (+148).


На дарошчванні маладняка найлепшых вынікаў





у мінулым годзе дабіліся: Ніна Васільеўна Паршутовіч, ферма “Германішкі” СВК “Гудагай”) – 941 грам; Малання Зянонаўна Пілецкая – 929 грамаў і Вікторыя Адамаўна Безляповіч – 894 грамы (абедзьве працуюць на ферме “Міндзяны” СВК “Гудагай”). На Гервяцкім комплексе лепшымі адкормачніцамі ў 2012 годзе





сталі Вера Пятроўна Кацяш (983 грамы), Надзея Аляксееўна Велянец (981 грам), Святлана Сцяпанаўна Сыс (979 грамаў).





Валавая прывага свіней склала ў 2012 годзе 2362 тоны свініны – 105 працэнтаў да ўзроўню 2011 года. Сярэднясутачныя прывагі ў сярэднім па раёне склалі 600 грамаў (+7).
Рэалізавана 2407 тон мяса свініны. Сярэдняя вага рэалізаванай галавы – 108 кілаграмаў (+5). На 1 цэнтнер прывагі ў 2012 годзе выкарыстана 4,6 цэнтнера кармавых адзінак, што на 10 кілаграмаў менш, чым у папярэднім годзе.


Матэрыялы старонкі падрыхтавала Ганна ЧАКУР, фота аўтара і Аляксандра ЮШЧУКА.