По урожайности Островецкий район занимает девятое место в области
Жнівень – гэта дастатак. Час, калі ўсе – з хлебам. Гэта вяселлі – нейкія асаблівыя, па-жнівеньску песенныя і радасныя. І бацькоўскія клопаты па экіпіроўцы сваіх “ламаносавых” да надыходзячага новага навучальнага года. І блізкае – рукой дастаць – неба, напоенае пахам кветак, падсветленае шчодрымі зоркападамі…Жнівень – гэта нястомны строкат нябачных краўчых-кабылак, што ноч навылёт спрабуюць зацыраваць прарэхі на паношанай сукенцы Лета, барвовыя ад спелых ягад бруснічныя паляны і чародкі гузічкаў-лісічак, ад якіх лясная сцежка зжаўцела…
Жнівень – гэта водар спелай збажыны. Час, калі зжатыя нівы – ужо не навіна. Гружаныя збожжам самазвалы пыхкаюць цэлы светлавы дзень. І, пэўна, гэта яны, бясконца сноўдаючы з поля да калгаснага склада, страцілі ў дарозе кавалачак хлебнага золата. Ветрык падхапіў гэтую згубу і закінуў яе на дрэвы. І вось ужо, гляньце, колеры збажыны зайгралі ў кроне бярозак і ліпаў…
На фоне вобласці
Па стане на 15 жніўня гаспадаркі раёна абмалацілі 14179 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, што складае 73 працэнты ад іх агульнай наяўнасці. Валавы намалот складае 50438 тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць – 35,6 цэнтнера з гектара. Для параўнання, летась на адпаведную дату земляробы Астравеччыны збіралі на круг па 45,4 цэнтнера з гектара. Розніца ва ўраджайнасці адчувальная – мінус амаль 10 цэнтнераў адразу. Але на карысць абумоўленай неспрыяльным надвор’ем прадвызначасці падобнага падзення гаворыць той факт, што з такім далёка не рэкордным паказчыкам Астравецкі раён па ўраджайнасці займае дзявятае месца ў вобласці. Нашы суседзі збіраюць адчувальна менш: Смаргонскі раён – 32,5, Ашмянскі – 29,3, Іўеўскі – 29,2, Лідскі – 28,2 цэнтнера з гектара.
Самым хлебным, як заўсёды, у вобласці стаў Гродзенскі раён, які намалочвае па 60,5 цэнтнера з гектара, за ім – Бераставіцкі (55,0) і Мастоўскі (51,0). Усім іншым раёнам не ўдалося пераадолець 50-цэнтнерны рубеж.
Справы раённыя
Тэмпы раённага жніва задаюць жнеяры СВК “Гудагай” – у гэтай гаспадарцы ўжо абмалочана 80 працэнтаў збожжавых і зернебабовых культур. Роўна на адзін працэнт ад лідара адстаюць раслінаводы СВК “Міхалішкі”. У СВК “Гервяты” ўбрана 73 працэнты, у саўгасе “Падольскі” – 67, у СВК “Варняны” – 64 працэнты.
Самая высокая ўраджайнасць па-ранейшаму ў СВК “Варняны” – толькі ў гэтай гаспадарцы пакуль ураджайнасць хоць крыху вышэй за 40 цэнтнераў з гектара.
Самым верным земляробу ў неспрыяльных умовах сёлета аказаўся азімы трыцікале – яго ўраджайнасць складае ў сярэднім па раёне 41,9 цэнтнера з гектара ( у СВК “Міхалішкі” – 49). Азімая пшаніца да 40-цэнтнернага рубяжа не “дацягнула” – дае на круг па 38,6 (у СВК “Варняны” – 51,4, у СВК “Міхалішкі” – 42,8). Жыта дае толькі па 29,5 цэнтнера з гектара (самае лепшае яно ў саўгасе “Падольскі” – 36,9), ячмень – 34,4 (у СВК “Гервяты” – 37,4), авёс – 33,9 (у СВК “Варняны” – 40,9).
Узнагароды з дастаўкай на поле
Як было абвешчана ў пачатку жніва, першыя дзесяць экіпажаў камбайнераў, якія намалацілі тысячу тон збожжа, лепшыя вадзіцелі і аператары сушыльных установак прымаюць падарункі.
У сераду спецыяльна для ўручэння перадавікам жніва-2013 грашовых прэмій і Падзячных адрасоў на Астравеччыну прыбыў старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Іван Станіслававіч Алізаровіч.
Перш чым узначаліць абласную прафсаюзную арганізацыю аграрнікаў, Іван Станіслававіч каля дваццаці гадоў працаваў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзенскага раёна і таму не са слоў ведае “смак” і складанасці жніва. Таму і яго размова з камбайнерамі насіла канкрэтны характар – старшыня абкама прафсаюза не толькі цікавіўся ўмовамі працы і тарыфамі яе аплаты, але і даваў жнеярам канкрэтныя парады: як лепш разбіць поле на “загонкі”, які накірунак руху будзе самым аптымальным і г.д.
Праязджаючы паўз пакуль не абмалочаныя участкі, Іван Станіслававіч абавязкова каменціраваў убачанае: “Тут пшаніца “пацягне” на 45 – не менш. А з гэтага яравога рапсу больш за 16-17 цэнтнераў не сабраць…” Асабліва спадабаліся Алізаровічу гервяцкія землі. “Браткі мае, дык гэта ж палі ўзроўню Верцялішак! – убачыўшы прыгожыя нівы СВК “Гервяты” ўсклікнуў ён. – Раўнюткі, як стол, рэльеф, урадлівыя, цёмныя глебы… На такіх 60 цэнтнераў збіраць трэба – ніяк не менш!”
– Збяром, – адказаў яму малады гервяцкі аграном Дзяніс Іванавіч Кірпа. – Абавязкова збяром. Дайце толькі адтэрміноўку. Невялікую. Хаця б на год.
--------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.





