По темпам косьбы Островетчина занимает десятое место в области
Па гарадскіх газонах (прынамсі, па тых, што пад вокнамі рэдакцыі) бензакаса паспела пагуляць ужо двойчы. А на вёсцы ў касавіцы іншыя аб’ёмы: першым укосам гаспадаркам раёна трэба скасіць 12235 гектараў сенакосаў. Па стане на 17 чэрвеня на 9909-ці з іх трава складзена ў валкі, што складае 81 працэнт да запланаванага. Па тэмпах касьбы Астравеччына – дзясятая ў вобласці (абганяем Масты, Смаргонь, Ашмяны, Дзятлава, Ліду, Слонім і Шчучын).– Неспрыяльнае надвор’е запаволіла тэмпы касавіцы, – каменціруе сітуацыю аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктар Багданавіч Чума. – Першымі ў раёне яе сёлета распачалі корманарыхтоўшчыкі СВК “Варняны”, якія прыступілі да касьбы траў 29 мая. Літаральна назаўтра да іх далучыліся ўсе астатнія гаспадаркі. Па папярэдніх разліках, зыходзячы з наяўнасці і стану адпаведнай тэхнікі, першы ўкос мы павінны былі завяршыць да 10 чэрвеня. Пазней гэты тэрмін быў падкарэкціраваны з улікам надвор’я – да 20 чэрвеня.
Скошаныя травы выкарыстоўваюцца галоўным чынам для закладкі сенажу – частыя дажджы не дазваляюць асабліва размахнуцца з нарыхтоўкай сена. Па плану нарыхтаваць яго трэба 6435 тон, пакуль жа ў пунях – усяго 1151 тон (18 працэнтаў). Хаця ў абласной “табелі рангаў” Астравеччына ў нарыхтоўцы сена на другім месцы – усяго на адзін працэнт у нарыхтоўцы сена нас абганяе Воранаўскі раён.
Асноўны від корму, які пад гнётам пагодных капрызаў можна нарыхтоўваць з большым ці з меншым поспехам – гэта сянаж. Яго гаспадаркі раёна назапасілі 36634 тоны (36 працэнтаў – дзясятае месца ў вобласці).
Усяго па стане на 17 чэрвеня корманарыхтоўшчыкі раёна назапасілі 10810 тон кармавых адзінак (17 працэнтаў да запланаванага). На ўмоўную галаву грамадскага статка нарыхтавана 4,8 цэнтнера кармавых адзінак, што на 0,6 цэнтнера менш, чым на адпаведную дату ў мінулым годзе.
У раёне на нарыхтоўцы кармоў лідзіруе СВК “Варняны”, касары якога склалі ў валкі 97 працэнтаў сваіх траў. У СВК “Гудагай” скошана 80 працэнтаў траў, у СВК “Гервяты” – 79, у СВК “Міхалішкі” – 79, у саўгасе “Падольскі” – 68 працэнтаў сенакосу.
Варнянцы і міхалішкаўцы насуперак непагадзі змаглі нарыхтаваць адпаведна 405 (30 працэнтаў) і 347 (35) тон сена, у “Гервятах” – 214 (13), “Гудагаі” – 126 (9), саўгасе “Падольскі” – 59 (6).
А вось у нарыхтоўцы сенажу гаспадаркі ідуць, так бы мовіць, дышаль у дышаль – у кожнай з гаспадарак у сянажных ямах ужо знаходзіцца ад 33 (СВК “Міхалішкі”) да 38 (саўгас “Падольскі”) працэнтаў запланаванай колькасці траў.
– Вымушаная расцягнутасць сёлетняй касавіцы прывяла да таго, што на ўчастках, якія былі скошаны першымі, ужо адрасла неблагая атава, – гаворыць Віктар Багданавіч. – Сітуацыя, відаць, складзецца так, што канец першага ўкосу і пачатак другога будуць ісці паралельна. Часу на “перадых” не будзе.
НА ЗДЫМКАХ: трамбоўкай сенажу ў СВК «Варняны» займаюцца Андрэй Юхневіч (на здымку) і Віктар Ромаш.
--------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.
