Планы намечаны. Справа – за выкананнем
14:14 / 30.03.2010

Напачатку з падрабязным аналізам спраў мінулага года і перспектыў развіцця сельскай гаспадаркі раёна ў гэтым годзе перад прысутнымі выступіў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віктар Аляксандравіч Славінскі. Пачаў ён з канстатацыі не самага прыемнага факта: хоць у мінулым годзе вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах склала 95 мільярдаў рублёў і павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам на 3,8 працэнта, аднак ніводная гаспадарка і раён у цэлым не выканалі прагнозны паказчык яе росту ў 110,7 працэнта. Аднак Віктар Аляксандравіч зазначыў, што дасягнуты ўзровень вытворчасці дазваляе павялічыць у гэтым годзе валавую вытворчасць да ўзроўню мінулага года на 10,5 працэнта.
За кошт чаго – пра тое гаварыў начальнік упраўлення ў сваім выступленні. У 2010 годзе ставіцца задача атрымаць валавы збор збожжавых культур не менш 87 тысяч тон у бункернай вазе пры ўраджайнасці 48 цэнтнераў з гектара, рапсу – 4400 тон пры ўраджайнасці 24 цэнтнеры, льновалакна 160 тон пры ўраджайнасці 9,4, бульбы – 4000 тон пры ўраджайнасці 250, цукровых буракоў – 30 тысяч тон пры ўраджайнасці 425 цэнтнераў з гектара.
Для стварэння асновы пад будучы ўраджай плануецца ўнесці ў глебу не менш як 422 тысячы тон арганічных угнаенняў – па 12,5 тоны на гектар ворыва (у 2009 годзе было ўнесена 10,2 тоны на гектар). Ужо сёння ёсць 4387 тон мінеральных тукаў у дзеючым рэчыве, ці 48 працэнтаў да патрэбы. З улікам паступленняў з абласнога і рэспубліканскіх бюджэтаў, а таксама за ўласныя сродкі гаспадарак плануецца поўнасцю забяспечыць патрэбу ў азотных угнаеннях, фосфарных набыць 89 працэнтаў да патрэбнага, а калійных – 105 працэнтаў.
У структуры пасяўных плошчаў збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць 53,1 працэнта ворыва, крыжакветкавыя — 5,5, лён і бульба – па 0,5, цукровыя буракі – 2,1 працэнта. Праведзена канцэнтрацыя пасеваў цукровых буракоў і лёну ў спецыялізаваных гаспадарках. «Цукровікі» ў гэтым годзе будуць вырошчваць тры гаспадаркі – СВК “Гервяты”, “Міхалішкі” і “Гудагай”, лён – дзве: СВК “Трокенікі” і саўгас “Падольскі”.
Павелічэнне ўраджайнасці збожжавых культур будзе забяспечана абавязковым прымяненнем інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання з інтэграванай сістэмай аховы раслін.
Пэўная работа праведзена яшчэ з восені. Пасеяна азімых 9276 гектараў, у тым ліку трыцікале займае 4195 гектараў, пшаніца – 2896, жыта – 2186 гектараў. Азімыя пасеяны насеннем не ніжэй І рэпрадукцыі. План яравой сяўбы — 15684 гектары, з іх збожжавыя і зернебабовыя зоймуць 8949 гектараў.
Адной з важнейшых задач у раслінаводстве на 2010 і наступныя гады застаецца павелічэнне вытворчасці высакаякасных кармоў, якія ў поўным асартыменце задавальнялі б патрэбы жывёлагадоўлі. Прагназуецца атрымаць у гэтым годзе ўсіх відаў кармоў, уключаючы летнія зялёныя, не менш 52,8 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. На зімова-стойлавы перыяд – па 27,3 цэнтнера, у тым ліку травяністых – 21 цэнтнер. Асноўнай задачай пры гэтым павінна стаць перазалужэнне лугавых угоддзяў, пераход на аднагадовае выкарыстанне канюшыны і двухгадовае – бабова-злакавых травасумесей, што дазволіць павысіць прадуктыўнасць траў на 25-30 працэнтаў і вырашыць праблему папярэднікаў. У гэтым годзе плануецца правесці падсеў шматгадовых траў на 2518 гектарах, з іх бабовых – на 2048 гектарах, у тым ліку люцэрны – на 450 гектарах. Перазалужэнне плануецца зрабіць на плошчы 2150 гектараў, з іх падсеў травасумесямі для стварэння пашы інтэнсіўнага тыпу – на 500 гектарах. Сёння ў гаспадарках ужо ёсць 1628 гектараў такіх паш, а патрэбна мець 2500 гектараў.
Для выканання пастаўленых задач у раслінаводстве ёсць неабходны парк тэхнікі: 398 трактароў, у тым ліку 9 – “Джон Дзір”, 6 – “Беларус 3022”. Практычна ўся яна адрамантавана. Для правядзення работ у аптымальныя тэрміны гаспадаркі раёна плануюць набыць у гэтым годзе яшчэ 8 трактароў “Беларус 3022” са спецыяльнымі пасяўнымі агрэгатамі і плугамі, чатыры збожжаўборачныя камбайны КЗС 1218, 8 прэс-падборшчыкаў, 9 касілак і іншыя сельскагаспадарчыя машыны. Перспектыўным накірункам ў агратэхніцы з’яўляецца выкарыстанне камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, якія выконваюць за адзін праход усе аперацыі перадпасяўной апрацоўкі і дазваляюць значна знізіць сабекошт прадукцыі. У 2008 годзе імі было засеяна 8217 гектараў, у мінулым годзе – 8862 гектары. Сёлета плануецца не менш 80 працэнтаў збожжавых пасеяць такімі агрэгатамі, што дазволіць зэканоміць на сяўбе да 40 тон дызельнага паліва.
Жывёлагадоўля з’яўляецца асноўнай таварнай галіной сельскагаспадарчай вытворчасці – удзельная вага жывёлагадоўчай прадукцыі ў агульнай выручцы ад рэалізацыі займае 80 працэнтаў. У гэтым годзе плануецца прадоўжыць работу па павелічэнню колькасці пагалоўя як буйной рагатай жывёлы, так і свіней. Валавую вытворчасць малака ў 2010 годзе плануецца давесці да 40,8 тысячы тон, надой малака ад каровы – да 5420 кілаграмаў, атрымаць валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы 5300 тон, свіней – 2330 тон, 700 грамаў сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы і 605 – свіней. Запланаваны ўзровень вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі дазволіць выканаць неабходную пастаўку сыравіны на перапрацоўчыя прадпрыемствы і ўмацаваць фінансавае становішча сельгаспрадпрыемстваў.
Прынятыя мерапрыемствы будуць выконвацца за кошт перааснашчэння існуючых памяшканняў, будаўніцтва новых комплексаў з прымяненнем навейшых тэхналогій утрымання і кармлення жывёлы. У раёне будуецца чатыры такія малочна-таварныя комплексы: у саўгасе “Падольскі” — ферма “Рытань”, у СВК “Гудагай” — “Германішкі”, СВК “Гервяты” — “Рымдзюны”, СВК імя Гашкевіча — “Малі”, дзе будзе ўтрымлівацца 38 працэнтаў дойнага статку – гэта дазволіць значна палепшыць умовы ўтрымання кароў, скараціць затраты ручной працы і знізіць сабекошт прадукцыі.
Тэхналогія кармлення жывёлы на выгульных пляцоўках з кармавымі сталамі дзейнічае на 60 працэнтах малочна-таварных ферм, на 24 працэнтах ферм па адкорму буйной рагатай жывёлы і 64 працэнтах ферм па вырошчванню цялушак узнаўлення. Палавіна ферм па адкорму і вырошчванню буйной рагатай жывёлы старэй 6 месяцаў пераведзена на аднатыпнае круглагадавое кармленне. У трох чвэрцях ферм гной выдаляецца бульдозерамі. На малочна-таварных фермах зманціраваны 24 халадзільныя ўстаноўкі апошніх мадэляў. На 117 малочнатаварных фермах (38 працэнтаў ад агульнай колькасці з утрыманнем 49 працэнтаў дойнага статка) прыгатаванне і раздача кармоў вядзецца кормараздатчыкамі-змешвальнікамі.
Для выканання прынятай праграмы неабходна прадоўжыць работу па ўдасканаленню прадуктыўнасці дойнага статка, паляпшэнню селекцыйна-племянной каштоўнасці жывёлы, павышэнню генетычнага патэнцыялу статка.
Значнае месца ў структуры вытворчасці мяса займае свінаводства, удзельная вага якога складае 30 працэнтаў. Палепшыць работу ў свінагадоўлі павінны перш за ўсё дробнатаварныя гаспадаркі, павялічваючы колькасць пагалоўя і павышаючы сярэднясутачныя прывагі – гэта тычыцца СВК “Міхалішкі”, “Гервяты”, “Трокенікі”, “Страча”.
У мінулым годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі ўзрасла на 14,5 працэнта і склала 74,4 мільярда рублёў. Атрымана 8,9 мільярда рублёў прыбытку пры ўзроўні рэнтабельнасці па раёну 12,5 працэнта. Рэнтабельнай стала вытворчасць збожжа – 10,8 працэнта, цукровых буракоў – 20,1, рапсу – 25,7, льнотрасты – 1,1, малака – 10,8, свініны – 8,4, бульбы – 28,4 працэнта.
Істотна павысіліся якасныя паказчыкі рэалізуемай прадукцыі. Сярэдні працэнт тлушчу ў малацэ склаў 4,09 працэнта супраць 3,94 у мінулым годзе. Гатункам “экстра” прададзена 55 тон малака – 1,1 працэнта агульнай колькасці, вышэйшым гатункам – 83 працэнта, што на 26,6 больш узроўню папярэдняга года. СВК “Варняны” ўсё малако рэалізоўваў толькі вышэйшым гатункам пры сярэднім працэнце тлушчу 4,13, СВК “Гервяты” прадаў 5,2 працэнта малака гатункам “экстра” і 90,5 працэнта – вышэйшым. Палепшылася і якасць рэалізоўваемай ялавічыны. Зменшаны затраты працы на вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі; малака – на 12 працэнтаў, прываг буйной рагатай жывёлы – на 10, свіней – на 8 працэнтаў.
У бягучым годзе плануецца атрымаць ад рэалізацыі прадукцыі сельскай гаспадаркі 86,5 мільёна рублёў выручкі – гэта перавысіць узровень 2009 года на 16 працэнтаў. Рост грашовай выручкі будзе абумоўлены як ростам аб’ёмных паказчыкаў, так і павышэннем якасці рэалізуемай прадукцыі. Выкананне ўсіх гэтых мерапрыемстваў дазволіць атрымаць 11 мільярдаў рублёў прыбытку пры ўзроўні рэнтабельнасці 16,5 працэнта.
Віктар Аляксандравіч у сваім дакладзе падрабязна прааналізаваў таксама ход будаўніцтва розных аб’ектаў у гаспадарках раёна, работу з кадрамі, стан аховы працы і іншыя пытанні, якія тычацца дзейнасці сельскагаспдарчай галіны.
На нарадзе былі заслуханы выступленні некаторых кіраўнікоў гаспадарак – і не таму, што справы там ідуць горш, чым у астатніх. СВК “Гервяты”, “Варняны”, “Міхалішкі”, як і ўсе іншыя гаспадаркі раёна, летась не выканалі прагнозныя паказчыкі па росту вытворчасці валавой прадукцыі, але ўклад іх у скарбонку раённых паказчыкаў найбольшы – таму і недабраная імі прадукцыя стала ільвінай доляй у агульных паказчыках. А.У. Янчэўскі, У.Э. Рук і А.І. Чаплінскі з трыбуны тлумачылі, як і чаму адбыўся недабор прадукцыі ў мінулым годзе, якія мерапрыемствы плануецца рэалізаваць, каб іх не было сёлета, уздымалі праблемы, што існуюць у дзейнасці кааператываў. У СВК “Гервяты”, гэта, да прыкладу, камплектаванне комплекса па адкорму буйной рагатай жывёлы маладняком – запоўніць яго толькі сіламі свайго раёна праблематычна, а набыць маладняк за яго межамі – яшчэ больш. Уладзіслаў Эдвардавіч Рук тлумачыў прычыну рэзкага зніжэння прываг на свінакомплексе ў пешыя месяцы гэтага года – сярод жывёлы ўзнікла інфекцыя, разабрацца з якой дапамагалі вучоныя са сталіцы. Цяпер справы на свінакомплексе наладжваюцца.
Шэраг пытанняў паставіў перад кіраўнікамі гаспадарак і абласной камісіяй старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька. Рост валавой вытворчасці ён назваў галоўнай задачай, бо гэта — абаротныя сродкі гаспадарак на тыя ж угнаенні, паліва, зарплату, якая павінна быць дастойнай – калі думаць пра тое, каб утрымаць у сельгаскааператывах лепшых працаўнікоў. А таму як мага менш прадукцыі раслінаводства трэба прадаваць у чыстым выглядзе – асноўная маса яе павінна быць прапушчана цераз жывёлагадоўчыя фермы і прынесці дадатковы даход. У чарговы раз старшыня райвыканкама паставіў задачу канцэнтрацыі жывёлы на буйных комплексах – як мяснога, так і малочнага накірунку. Гэта ж тычыцца і свінаферм – дробнатаварныя толькі тады маюць права на жыццё, калі там адладжана тэхналогія і атрымліваюць прывагі на ўзроўні 500-600 грамаў. У будаўніцтве гаспадаркі павінны па магчымасці адходзіць ад вельмі дарагіх паслуг падрадчыкаў, а пэўную частку работ выконваць гаспадарчым спосабам — гэта дазволіць істотна зменшыць кошт узводзімых аб’ектаў, і як вынік – іх далейшую акупаемасць. А.Д. Кавалька паставіў перад гаспадаркамі задачу як мага больш прадукцыі прадаваць з высокімі якаснымі паказчыкамі – бо гэта дадатковая крыніца даходаў. І адначасова ўзняў перад абласной камісіяй праблему рэалізацыі малака ад хворых кароў. Сёння яго нельга здаваць на перапрацоўчыя прадпрыемствы – але каровы хварэць не перастануць і не перастануць і іх лячыць. Расходаваць усё малако ад пралечанай жывёлы на ўнутрыгаспадарчыя патрэбы нерэальна, таму трэба прадугледзець магчымасць рэалізацыі яго, хай па значна ніжэйшай цане, для далейшай перапрацоўкі.
Абласная камісія таксама паставіла перад кіраўнікамі і спецыялістамі сельскагаспадарчай галіны нямала пытанняў, часта даволі нязручных і спрэчных. І ўсё ж пасля дакладаў, выступленняў, дыскусій і спрэчак распрацаваныя раёнам мерапрыемствы па павелічэнню вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі і выкананню прагнозных паказчыкаў вырашана было прыняць. Цяпер засталося працаваць над іх выкананнем. Для гэтага ёсць усе ўмовы, і калі нашым аграрнікам крышку дапаможа Усявышні, то намечаныя планы абавязкова будуць выкананы.
Ніна АЛЯКСЕЕВА.