«Кушать подано!», или Как на Островетчине налажено питание механизаторов на посевной

12:30 / 04.04.2025

Здавён казалі, што сыты работнік – добры работнік. З дзедаўскім выказваннем не паспрачаешся. Праўда, за некалькі дзесяцігоддзяў харчаванне працаўнікоў сельскай галіны падчас галоўных аграрна-палявых кампаній змянілася непазнавальна.

Калі раней у поле ежу прывозілі ў вялікіх металічных ёмістасцях і на месцы разлівалі-раскладвалі ў жалезны посуд, то цяпер працаўнікам універсальны набор з першага, другога, салаты і “кампоту” дастаўляюць у індывідуальных аднаразовых экалагічных ланч-боксах, да якіх абавязкова дадаюцца аднаразовыя сталовыя прыборы.

Аднаразавы посуд (кафэ “Мельніца”)

Як арганізавана харчаванне для механізатараў і вадзіцеляў падчас веснавой пасяўной, хто для іх гатуе абеды і колькі яны каштуюць – пра гэта і іншае даведаліся падчас маніторынгу, зладжанага Астравецкай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з раённай газетай.

– Вясенняя сяўба – адзін з самых напружаных перыядаў у сельскай гаспадарцы. Таму ў гэтыя дні асаблівую значнасць набывае стварэнне камфортных умоў, калі адным з ключавых фактараў становіцца якасная арганізацыя гарачага харчавання для механізатараў і вадзіцеляў. Важна, каб рацыён быў збалансаваным і ўключаў разнастайныя стравы; каб у кожную кропку, дзе шчыруюць хлебаробы, абед давозілі патрэбнай тэмпературы, а не халодным, – напачатку паездкі па гаспадарках патлумачыў прафсаюзны лідар Юрый Адула.

Повар кафэ “Мельніца” Ніна Касач расказвае прафсаюзнаму лідару аграрыяў пра арганізацыю харчавання

Забягаючы наперад зазначу, што нікога пра візіт зарання не папярэджвалі, каб на месцы ўбачыць усе нюансы “хлебнай кухні”, а таксама з першых вуснаў даведацца, ці смачна есці ў полі.

Хоць хлебаробы – з большага народ вясковы, але паспрабуй ты кожнаму дагадзіць, калі камусьці не “заходзіць” пярлоўка, а іншаму ледзь не штодзень падавай стравы з бульбы. Зразумела, што ўсім не дагодзіш, але, згадзіцеся, далёка не кожны работнік можа пахваліцца штодзённымі абедамі з рэстарана і за сімвалічную аплату. Але пра ўсё па парадку.

Па жаданні задзейнічаныя на вясенне-палявых работах механізатары і вадзіцелі ўсіх гаспадарак забяспечваюцца гарачымі абедамі. Яшчэ гадоў сем назад іх рыхтавалі ў “калгасных” сталоўках, якія былі пры кожнай гаспадарцы. Але па аб’ектыўных прычынах, пачынаючы ад санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў правяраючых органаў і заканчваючы эканамічнай немэтазгоднасцю такіх харчовых “дадаткаў”, многія зачыніліся.

Цяпер, напрыклад, работнікам РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” і КСУП “Варняны” абеды прывозяць з рэстаранаў “Мармарэ” і “Радуга” Смаргонскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. У астатніх гаспадарках іх гатуюць на месцах ва ўласных кафэ (“Эдэм” КСУП “Гудагай”, “Мельніца” КСУП “Гервяты”, “Вілія” КСУП “Міхалішкі”). Туды і накіраваліся.

Кафэ “Вілія”

Нябачны, але смачны “фронт”

Пабывалі на ўсіх кухнях кафэ гаспадарак – і паўсюль у прамым сэнсе кіпела работа. Абеды для механізатараў былі ўжо прыгатаваны, “упакаваны” ў ланч-боксы, тэрма-сумкі і адпраўлены ў “дарогу”, але повары і кухонныя работнікі рабілі нарыхтоўкі, чысцілі бульбу, наразалі салату… Гэта зразумела, таму што кормяць яны не толькі сваіх работнікаў, але і наведвальнікаў кафэ. А іх, да слова, у абедзенны перапынак дастаткова шмат. Напрыклад, у гервяцкай “Мельніцы” мы налічылі каля 2-3 дзясяткаў чалавек, якія прыехалі на экскурсію ў аграгарадок.

Повар кафэ “Эдэм” Лідзія Сцефановіч

Повар кафэ “Эдэм” Лідзія Сцефановіч

Для сябе адзначыла парадак на кухнях, іх аснашчанасць неабходным тэхналагічным абсталяваннем. На ўсіх трох харчовых аб’ектах работнікі былі ў спецадзенні.

Усюды нас запэўнілі, што кожны дзень – новыя стравы і кухары стараюцца ўлічыць пажаданні хлебаробаў і зрабіць іх рацыён разнастайным. Катлеты і шніцэлі, боршч і расольнік, бульбяная каша і рыс з гароднінай – мясцовыя гаспадыні стараюцца прыгатаваць ад душы, смачна і сытна. Гэта пацвердзілі і механізатары, якіх “злавілі” на полі падчас аб’езду кафэ. А таксама даведаліся пра гарнір, які смела можна заносіць у “стоп-ліст”, – гэта пярлоўка. Відаць, сваю ролю ў нелюбові хлебаробаў да гэтых круп адыгралі далёкія савецкія армейскія будні, калі гэта каша была на сняданне-абед-вячэру.

Загадчык кафэ “Вілія” Святлана Часнойць

Загадчык кафэ “Вілія” Святлана Часнойць

Слова – хлебаробам

Уладзімір Грынцэвіч, вадзіцель КСУП “Варняны”:


– Кормяць смачна, нічога не скажу. Малайцы дзяўчаты-повары з “райпо”! Але і калі ў нашым калгасе была свая сталовая, было зручна: усё на месцы. Абеды прывозяць гарачыя ў асобнай тары, хлеб і той абгорнуты ў цалафан. Даюць і катлеты, і адбіўныя. Учора, напрыклад, на другое былі два галубцы – вялізныя, як мая далонь. Добра падсілкаваліся!

Яўген Пішчака, механізатар КСУП “Міхалішкі”:


– Быў на рамонце, толькі другі дзень збожжа да сеялкі падвожу. Абеды гатуюць у нашым кафэ. Стравы выдатныя, ніякіх нараканняў няма. Сытна і смачна, як кажуць, пальчыкі абліжаш.

З заўважанага

* Ад наведвання кафэ і гутаркі з кухоннымі работнікамі ў мяне засталіся толькі станоўчыя ўражанні. Парадавала, што і большасць апытаных механізатараў нараканняў на абеды не выказалі.

* У гаспадарках штодзень колькасць порцый вар’іруецца. У дзень нашага візіту “гудагайскія” гаспадыні прыгатавалі 130 абедаў, а “міхалішкаўскія” – 40. І гэта толькі для хлебаробаў!

* У КСУП “Міхалішкі”, у адрозненне ад іншых гаспадарак, ежу развозяць не ў парцыённых ланч-боксах, а ў тэрмабаках і раздаюць прама на раслінаводчых аб’ектах.

* Спадабалася, што ў некаторых кафэ, у прыватнасці гудагайскім “Эдэме”, “кухонная справаздача” вядзецца ў кам’ютары ў эксэлеўскай праграме. У “меню патрабаванняў” бачна закладка на адну порцыю, на ўсіх людзей, колькасць неабходных прадуктаў на кожную страву, іншае.

Што на абед?

  • “Гудагай”: салата “Любімая”, ленінградскі расольнік, шніцаль, макароны, кампот з апельсінаў .
  • “Міхалішкі”: вінегрэт, боршч, шніцаль, рысавая каша, кампот.
  • “Гервяты”: салата са свежых капусты і перца, боршч, шніцаль, рыс, чай.

“За такія грошы абед вельмі “харошы!”

Не траціць сваёй актуальнасці і тэма даступнасці харчавання. Большасць гаспадарак субсідзіруюць яго за кошт сродкаў наймальніка, што дазваляе знізіць кошт абедаў да 1-2 рублёў. У КСУП “Гервяты” работнікі палёў увогуле харчуюцца бясплатна. Для параўнання, сярэдні кошт абедаў у горадзе складае каля 10-12 рублёў.

Каб механізатары былі накормлены, важна не толькі прыгатаваць смачны абед, але і своечасова яго даставіць. У КСУП “Гудагай”, напрыклад, задзейнічана ажно 4 аўтамабілі, якія атрымалі спецыяльныя для гэтага дазволы.

Каментарый

Юрый Адула:

Юрый Адула і Святлана Часнойць

– Перад КСУП “Варняны” і “Міхалішкі” стаіць задача павелічэння колькасці транспарту, неабходнага для дастаўкі харчавання падчас масавых палявых работ. Асабліва з пачаткам уборачнай кампаніі абавязкова патрабуецца пашырэнне ахопу аб’ектаў – а гэта будзе праблематычна выканаць з ўлікам колькасці машын, якія займаюцца дастаўкай абедаў на сяўбе.

З заўважанага

* У КСУП “Варняны” падчас маніторынгу механізатары самастойна вырашалі пытанне з мыццём рук, хоць забеспячэнне вадой, мыючым сродкам і папяровымі ручнікамі – абавязак наймальніка.

Р.S. Пытанне забеспячэння работнікаў палёў харчаваннем раённая прафсаюзная арганізацыя будзе і надалей трымаць на кантролі, хоць масавая сяўба ранніх збожжавых на Астравеччыне набліжаецца да фінішу. Свайго часу чакае насенне буракоў, кукурузы, бульба. А наперадзе яшчэ корманарыхтоўка, а потым, не паспеем азірнуцца, падаспее і жніво.

Па словах Юрыя Адулы, з пытаннямі працоўных адносін, харчавання і іншых аспектаў працоўнага працэсу работнікі сельскай гаспадаркі могуць звяртацца ў райкам па тэлефоне 7-93-53.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич