Неделя postfactum: когда стихнут страсти по валюте?

Не паспелі мы адсвяткаваць паспяховае завяршэнне “канца свету”, як інфармацыйную прастору Беларусі ўскалыхнула новае апакаліптычнае прароцтва. На гэты раз яно тычылася фінансаў і ад таго было ўспрынята суайчыннікамі, магчыма, нават больш балюча, чым прадказанні заакіянскіх індзейцаў.


Фінансавы канец свету ў адной асобнаўзятай Беларусі прадказаў ананімны добразычлівец, які шляхам СМС-рассылкі зрабіў здабыткам галоснасці планы нацыянальнага банка краіны па чарговай дэвальвацыі беларускага рубля. Вераломная акцыя нібыта была прымеркавана на першы пасля калядных свят працоўны дзень 8 студзеня. У тым жа СМС раілася немарудзячы бегчы за валютай у банкі і абменныя пункты.
Людзі ўважлівыя, праўда, адразу адзначылі, што ў якасці нумара адправіцеля значыцца стацыянарны “гарадскі” тэлефон…
Маючы на ўвазе далікатныя, нават трапяткія адносіны нашых суграмадзян да замежнай валюты, такімі рэчамі ў нас жартаваць не прынята.
Долары і еўра ўвогуле маюць для нас асаблівае значэнне. Гэта вам не проста плацежны сродак іншай дзяржавы, а нешта значна большае. Па наяўнасці альбо адсутнасці ў асабістай скарбонцы замежных грашовых знакаў мы вызначаем статус чалавека, узровень яго дабрабыту і, адпаведна, паспяховасці ў жыцці.
У доларах мы вымяраем уласную зарплату, хоць і атрымліваем яе ў рублях. Нават нешта купляючы за рублі, у галаве ўсё роўна трымаем цану рэчы ў “зялёных”.
Гэта, да прыкладу, у Расіі пытанне аб вартасці тавару ў доларах ці еўра прыводзіць субяседніка ў стан лёгкага ступару, нібы яго спыталі аб цане, выражанай у нейкіх тугрыках. У нас жа любы першакласнік без праблем суаднясе рубель з доларам, а долар з еўра. А расіяне ж, як і беларусы, неаднойчы перажывалі дэвальвацыю. І нічога, не шалеюць ад гэтага па замежнай валюце, як гэта робім мы!
Долар, а з нядаўняга часу яшчэ і еўра – гэта наша ўсё! Сэнс існавання і працы, запаветная мэта.
Ніякія аналітычныя даведкі, весткі з рынкаў і меркаванні экспертаў не адвернуць нашых сімпатый ад долараў і еўра. З таго самага моманту, як заакіянскія плацежныя сродкі ўпершыню трапілі да нас у рукі і перасталі атаясамлівацца з артыкулам крымінальнага кодэкса, яны ператварыліся для нас у нейкае падабенства фетыша і прыводзяць іх уладальніка ў гэткае ж захапленне, якое адчувае туземец з басейна Амазонкі пры выглядзе шкляных пацерак.
Таму мы хутчэй перажывем адсутнасць у магазіне хлеба і малака, чым пагодзімся на дэфіцыт у абменніках замежнай валюты. Нават іх кароткачасовая адсутнасць можа спарадзіць у нашым грамадстве самыя непрадказальныя наступствы. Весткі з міжбанкаўскай біржы для нас – што зводкі з фронту. А кожная раніца звычайна пачынаецца са знаёмства з курсамі валют і дзелавітага цокання языком: “Бач ты, на 20 рублёў вырас (паменьшыўся)!”
Ведаючы такую амаль што агульнанацыянальную заклапочанасць замежнай валютай, нячыстыя на руку зламыснікі час ад часу гэтым актыўна карыстаюцца. Тэхналогія, трэба сказаць, не новая і добравыпрабаваная. Яе вынаходніцтва прыпісваюць сумнавядомаму Джорджу Форасу, які ў 1992 спарадзіў у Вялікабрытаніі так званую “чорную сераду” 16 верасня – абрынуў фунт сцерлінгаў і за адзін дзень нібыта паклаў у кішэню каля 1 мільярда 500 тысяч долараў!
У Беларусі эканамічныя перадумовы дапаўняюцца яшчэ і палітычнымі мэтамі. Вельмі многім выгадна “запусціць хвалю”, нешта абрынуць, справакаваць, спарадзіць паніку, а затым тыцнуць пальцам: глядзіце да чаго людзей давялі!
Што да 8-га студзеня, то ён на мінулым тыдні стаў самым звычайным працоўным днём без катаклізмаў і ўзрушэнняў. У тым ліку і фінансавых. Рубель цэлы тыдзень трымаўся прыкладна на тым жа ўзроўні, на якім знаходзіўся ўвесь папярэдні год. Дарэчы, за час з 9 студзеня 2012 года да 8 студзеня 2013 года беларускі рубель патаннеў у адносінах да амерыканскага долара на… 140 рублёў.


Мiнулы тыдзень вачамi журналiста Эдуарда СвIрыда