На время жатвы милиционер Артём Бабойть становится хлеборобом

Старшы сяржант міліцыі Арцём Віктаравіч Бабойць служыць у Ашмянскім аддзеле аховы міліцыянерам-кінолагам групы затрымання ўзвода міліцыі. Працуе старанна і добрасумленна. Але як толькі надыходзіць гарачая пара жніва, хлопец ідзе ў адпачынак і з міліцыянера перакваліфікоўваецца ў хлебароба. Чацвёрты водпуск ён праводзіць за штурвалам камбайна.

Навыкі хлебароба, імкненне і прагу да працы хлопец атрымаў яшчэ ў дзяцінстве. Яго дзед, Генрык Станіслававіч, і родны дзядзька прывучалі дзяцей з малых гадоў любіць родную зямлю, хлеб і працу. І навука не прайшла дарэмна.
Сёлета Арцём таксама не прапусціў бітвы за ўражай. Разам са сваім старшым камбайнерам Т.І. Юркойцем яны прадэманстравалі прыклад стараннай і ўмелай работы. Што ў выніку прывяло іх зладжаны адной справай дуэт у лік перадавікоў-тысячнікаў.
Працоўны дзень экіпажа пачынаецца, як толькі абсохне раса на зерневых культурах, і працягваецца да самай цемры. Арцёму нават прыйшлося на час уборкі пераехаць да радні.
– Калі прыязджаць дадому, – адзначае хлопец, – то толькі паспееш памыцца, паесці і практычна адразу трэба зноў выязджаць. Няхай праца і нялёгкая, але вынікі прыносяць маральнае задавальненне. Галоўнае – своечасова сабраць вырашчаны ўраджай. А адаспацца пасля паспею.
Маладая жонка Анастасія з разуменнем адносіцца да выбару мужа аказаць дапамогу ва ўборцы ўраджаю. Да таго ж, гэта добрая магчымасць папоўніць сямейны бюджэт.
З павагай адгукаюцца аб сезонным работніку і часовыя калегі з СВК, кіраўніцтва гаспадаркі нават звярнулася з хадайніцтвам аб прадастаўленні сацыяльнага водпуску супрацоўніку, каб дайсці да фінішнай прамой у ліку лідараў.
Чэснасць, стараннасць, адданасць справе, гатоўнасць прыйсці на дапамогу – такія характарыстыкі выказваюць у адрас Арцёма кіраўніцтва аддзела аховы і калегі па службе. Ці не гэта найлепшы прыклад маладым работнікам?


--------------------------------------------------
А. МІЦКЕВІЧ,
памочнік начальніка Ашмянскага аддзела Дэпартамента аховы.