Молочно-товарный комплекс вступил в строй
– Яшчэ манціравалася даільная зала, – расказвае начальнік комплексу Святлана Іосіфаўна Кісель. – Не была падключана вентыляцыя. Тым не менш, мы вырашылі арганізаваць наваселле.
Па адукацыі Святлана Іосіфаўна бухгалтар – працавала ў бухгалтэрыі калгаса “Зара”. А калі гаспадарку далучылі да СВК “Міхалішкі”, перакваліфікавалася ў загадчыцы насеннага склада ў Крываносах. Там, як вядома, “напруга” бывае падчас уборкі, а пасля – цішыня і спакой. Калупайся паціху, наводзь парадак, выдавай, што трэба ў адпаведнасці з разнарадкай…
Калі старшыня гаспадаркі прапанаваў ёй узначаліць новы комплекс, Святлана Іосіфаўна адмовілася. Маўляў, няма ні спецыяльнай адукацыі, ні адпаведнага вопыту – не справіцца ёй з такой задачай. А потым па настаянні ўсё таго ж Аляксандра Іванавіча Чаплінскага з’ездзіла на сам “аб’ект”. І ўразілася. І ўлюбілася. А як было не ўразіцца?! Пасля напаўцёмнага халоднага склада як было не ўлюбіцца ў светлыя прасторныя памяшканні? А якімі ўтульнымі і зручнымі аказаліся пакоі для адпачынку! І душ! І пральная машына-аўтамат! І “куток” з мікрахвалёўкай…
Калі б Святлана Іосіфаўна ведала, які шквал праблем абрушыцца на яе галаву на новым месцы працы, адказ яе быў бы куды больш катэгарычным… А так, натхнёная ўбачаным на комплексе, яна (няхай сабе і не без сумненняў) прыняла прапанову.
– Першыя дойкі ўспамінаем з жахам, – прызнаецца начальнік комплекса. – Вячэрнюю заканчвалі ў дзве гадзіны ночы. Дадому вярталіся літаральна на “аўтапілоце”… Пакуль сфарміравалі групы, пакуль прывучылі статак да даільнай залы, пакуль самі прывучыліся да ўсёй гэтай механізацыі і камп’ютарызацыі… Сёння нават не верыцца, праз што давялося прайсці напачатку.
Няма, як кажуць у народзе, таго кепскага, каб на добрае не выйшла! Гляньце на сённяшнія “Маркуны” – больш прыгожага і дагледжанага комплексу ў раёне няма. І надоі грунтоўныя.
– Надой у многім вызначаюць кармы, – гаворыць Святлана Іосіфаўна. – А з імі, нягледзячы на зацяжную зімоўку, перабояў не было. На кармавыя сталы рагуль трапляе акуратна здробненая і старанна перамешаная аднародная сумесь, якую мы рыхтуем і раздаём з дапамогай спецыяльнага агрэгата “Гаспадар”. У здробненым выглядзе кожная карова атрымлівае 25 кілаграмаў сіласу, 10 сенажу, 2 саломы, шрот і іншыя дабаўкі. Дарэчы, сёлета мы ўпершыню паспрабавалі ўвесці ў рацыён дойнага статка збожжафураж – скасілі і, не абмалочваючы, заклалі ў ямы ячмень, трыцікале, авёс, якія знаходзіліся ў фазе васковай спеласці. Спачатку новы від корму каровы праігнаравалі– адмовіліся есці. Але паступова рассмакавалі. У яго ж пах вельмі прыемны: нешта сярэдняе паміж водарам лідскага квасу і мочаных яблыкаў – хоць сам частуйся!
Вядома, не з першых дзён засялення, але паступова дойны статак быў паздзелены на групы па прадуктыўнасці. У першай – гонар жывёлаводаў комплексу, каровы, якія даюць 20 і больш кілаграмаў малака ў суткі. Рацыён гэтай групы ўзбагачаны дадатковай колькасцю канцэнтратаў, кармавых дабавак і інш. Патомства ад малочных кароў – вытворчая надзея кааператараў, таму яно знаходзіцца на асаблівым кантролі ў селекцыянера малочна-таварнага комплексу Галіны Аўгусцінаўны Шчамялёвай.
– Высокаўдойная карова, якую пакрылі семем пародзістага быка, – здавалася б, усе перадумовы для атрымання цялушкі-рэкардсменкі вытрыманы, – гаворыць Галіна Аўгусцінаўна. – Але канчатковы вынік не заўсёды бывае станоўчым – часам, як кажуць, “прырода адпачывае” на патомстве геніяў, і першацёлка ад добрых бацькоў можа аказацца не малочнай – дае вартых жалю 8 літраў. Трымаць такіх “нахлебніц” на комплексе няма сэнсу – мы іх выбракоўваем.
Селекцыйная работа на падобнай “фабрыцы” малака – важны складальнік паспяховасці агульнай справы. Паляпшэнне пароды і вытворчых якасцей дойнага статка – асноўны шлях павышэння надояў, а значыць, і акупнасці вялікіх грашовых укладанняў у будаўніцтва гэтай самай “фабрыкі”.
Яшчэ адзін адказны накірунак работы на комплексе – асемяненне. Яго “закрывае” – прычым вельмі паспяхова – Міхаіл Міхайлавіч Другаль. Да таго ж ён займаецца не толькі штучным асемяненнем кароў, але яшчэ і выконвае абавязкі ветэрынара-гінеколага. Іншымі словамі, Міхаіл Міхайлавіч “вядзе” карову ад яе пакрыцця і да моманту шчаслівага вызвалення ад цяжару плода. А калі пасля ацёлу ўзнікаюць нейкія ўскладненні, то і далей – да поўнага выздараўлення рагулі.
А малышамі тым часам займаюцца ветэрынар Тэрэса Яраславаўна Вайцяховіч, цялятніцы Ірына Іосіфаўна Хаткевіч і Вольга Мікалаеўна Міхновіч. Спецыяльныя прышчэпкі ад небяспечных хваробаў, прадуманая вітамінізацыя, своечасовая (у выпадку патрэбы!) ветэрынарная дапамога – гэта далёка не поўны пералік абавязкаў Тарэсы Яраславаўны.
А вось за кармленне, аптымальны мікраклімат і нават за добры настрой адказваюць цялятніцы. Працэс кармлення малышоў на комплексе “ваенізаваны” – малако, якое ідзе на выпойванне цялятам, пастэрызуецца і награваецца да вызначанай тэмпературы з дапамогай спецыяльнага агрэгата – малочнага танка. Хаця і самы суперсучасны агрэгат не ў стане замяніць пальцы даглядчыц, за якія, нібы за вымя каровы-мамы, хапаюцца цяляты.
У дарослых “пакоях” комплексу гаспадараць мужчыны: Анатоль Іванавіч Пяткевіч, Міраслаў Вітольдавіч Ляшчэўскі, Аляксандр Іосіфавіч Лаздоўскі. Іх задача – накарміць статак, пачысціць кармавыя сталы, падсунуць корм бліжэй да каровіных пысаў. А вось Зянон Зянонавіч Багдановіч, Станіслаў Францавіч Сільвановіч і Дзмітрый Аляксандравіч Бразевіч уваходзяць у асаблівую “групоўку” – яны займаюцца падгонам жывёлы. І назваць іх працу простай або бяздумнай не выпадае – падгоншчыкі павінны своечасова і ў правільным парадку даставіць кароў на дойку і вярнуць іх у “спальні”, не пераблытаўшы пры гэтым групы кароў. А таксама – вылучыць рагуль, якія прыйшлі ў ахвоту, выдаліць выбракаваную жывёлу і г.д. І ў тым, што траўматызм на МТК – рэдкая з’ява, немалая заслуга гэтых мужчын.
Ёсць на комплексе і цэх раздою – у ім гаспадараць Таццяна Леанідаўна Куцько і Наталля Рыгораўна Сільвановіч. Першацёлкі і каровы, якія ацяліліся нядаўна, – гэта кантынгент, з якім працуюць даяркі. Праца, адразу скажам, вельмі няпростая. Асабліва што тычыцца першацёлак, якіх спачатку дояць уручную – у спецыяльныя бачкі, спакваля прывучаючы да даільнага апарата. І ў кожнай з маладых кароў – свае характар і тэмперамент…
Ну а цэнтр аўтаномнай “дзяржавы” “Маркуны” – усё ж даільная зала. А яго гаспадыні – Альбіна Мечыславаўна Ляшчэўская і Наталля Іванаўна Рымша.
Кожны раз, бываючы на малочнатаварных комплексах, не магу не здзіўляцца таму спрыту і зладжанасці, з якой працуюць вопытныя даяркі – ніводнага лішняга руху, ніякай мітусні. Усё адладжана, выверана, праверана на практыцы. І канвеер каровіных вымяў іх не палохае – дойкі да двух гадзін ночы засталіся ў мінулым.
Цяпер МТК “Маркуны” працуе ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснай тэхналогіі.
А што ж яе начальнік Святлана Іосіфаўна Кісель? Ды прывыкла яна да даручанай ёй складанай гаспадаркі. І нягледзячы на тысячу штодзённых клопатаў, мяняць месца працы не збіраецца.
_____________________
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.




