Хозяйства Островецкого района продолжают продажу зерна нового урожая

Гаспадаркі раёна працягваюць продаж зерня новага ўраджаю. Па стану на 29 жніўня агульны план паставак выкананы на 85 працэнтаў, што ў лічбавым выражэнні выліваецца ў 11014 тон. Узначальвае спіс пастаўшчыкоў СВК “Міхалішкі”, які даведзенае яму заданне выканаў ужо на 94 працэнты.
Як расказаў дзяржінспектар па нарыхтоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі Аляксандр Віктаравіч Шчука, пакуль праблематычнымі ў той ці іншай ступені з’яўляюцца авёс і піваварны ячмень – план пастаўкі ўсіх астатніх збожжавых і зернебабовых культур выкананы.

Найбольш паспяхова ў рэалізацыі аўса спрацаваў саўгас “Падольскі”, які дзяржзаказ выканаў на 108 працэнтаў. Разлічыўся з дзяржавай і СВК “Міхалішкі” – на хлебапрыёмныя пункты ён паставіў 180 тон аўса. А вось для СВК “Гудагай”, “Гервяты” і “Варняны” авёс пакуль з’яўляецца праблемнай культурай – яго натуральная вага не адпавядае стандартным патрабаванням. Таму гаспадаркі вымушаны праводзіць дадатковую ачыстку зерня, каб аддзяліць найбольш легкаважнае і давесці вагу да стандартнай.
Складаная сітуацыя стварылася і з выкананнем плана продажу піваварнага ячменю. СВК “Варняны”, ячмень якога не адпавядае стандартам па ўтрыманні бялку, пакуль не змог рэалізаваць ні тоны. На 70 працэнтаў выканаў сваё заданне саўгас “Падольскі”, на 34 – СВК “Міхалішкі”. Затое ў СВК “Гудагай” і “Гервяты” праблем з рэалізацыяй не ўзнікла – гэтыя гаспадаркі не толькі выканалі даведзены ім план, але і пайшлі насустрач раёну, згадзіўшыся паставіць звышпланавую колькасць піваварнага ячменю.
Не лішнім будзе адзначыць, што эканамічная выгада ад гэтай пастаўкі відавочная: кілаграм піваварнага ячменю каштуе 1900 рублёў, а кілаграм фуражнага – 1125 рублёў. Да таго ж, пры павышаным утрыманні бялку ў зерні яго цана ўзрастае, а пры адпаведнасці іншых паказчыкаў якасці фактычная вага збожжа пераводзіцца ва ўмоўную. Да прыкладу, 685 тон піваварнага ячменю, якія паставіў на збожжапрыёмны пункт СВК “Гервяты”, “вырастаюць” такім чынам да 715 тон. У выніку пасля ўсіх пералікаў цана на піваварны ячмень падвойваецца.
Добрай якасцю парадавала сёлета і пшаніца, асноўная колькасць якой была рэалізавана трэцім класам. Некаторыя праблемы з яе продажам узніклі толькі ў СВК “Варняны” і “Міхалішкі” – 690 і 156 тон (адпаведна) пшаніцы ў гэтых гаспадарках былі рэалізаваны чацвёртым класам. Розніца ў цане адчувальная: кілаграм пшаніцы 3-га класа каштуе 2100, кілаграм 4-га – 1840. Гэта значыць, што вышэйназваныя гаспадаркі з-за нізкай якасці збожжа страцілі мільёны рублёў.
Днямі распачалася ўборка грэчкі. Першым да выканання дзяржзаказу ў гэтай галіне прыступіў саўгас “Падольскі” – гэтая гаспадарка паставіла на хлебапрыёмны пункт 3,5 тоны будучых круп. Сёння свой “грэчкавы” самазвал адпраўляе на рэалізацыю і СВК “Гервяты”.
Па словах Аляксандра Віктаравіча, ураджай грэчкі сёлета атрымаўся добрым, яе якасць – высокай, так што праблем з выкананнем даведзенага плана быць не павінна. Нават наадварот – хутчэй за ўсё пасля рэалізацыі абумоўленай дзяржзаказам колькасці ў засеках гаспадарак яшчэ застанецца салідны запас зерня гэтай крупяной культуры.
Між тым, на першы план агульнай нарыхтоўчай карціны выходзіць чарговая культура – лён, першую, так бы мовіць, пробную машыну якога сёння адпраўляе на Смаргонскі ільнозавод саўгас “Падольскі”.
Вось-вось “запросіцца” на прыёмныя пункты бульба. За ёй надыдзе час цукровых буракоў.
“Нарыхтоўчае” кола працягвае свой прывычны рух.


------------------------------
Францішка КРАСКО.