Что нужно знать об африканской чуме свиней

1
У сувязі з выяўленнем на тэрыторыі рэспублікі ачагоў афрыканскай чумы свіней Савет Міністраў прыняў пастанову аб часовай забароне ўтрымання свіней у асабістай і фермерскіх гаспадарках у населеных пунктах, якія размяшчаюцца ў радыусе пяці кіламетраў ад свінагадоўчых ферм.

У Астравецкім раёне ў такую пяцікіламетровую зону патрапілі наступныя населеныя пункты:
Астравец;
СВК “Варняны”:
Бабраўнікі, хутар Бабраўнікі, Гродзі, Вашкуны, Больнікі, Варняны, Слабада, Рудзішкі, Стаўбуры, Бадзівалы, Грэбалы, Карлаўшчызна, Гайголі, Попішкі, Чыжоўшчына, Кярняны, Дзірмуны, Філіпаны,
Чэрнішкі.
СВК “Гервяты”:
Соргаўцы, Керэлі, хутар Яцыны, Завельцы, Пугавічы, Ключнікі, хутар Малюта, Гялюны, Бязданы, хутар Усцізер’е, Багданішкі, Зарэчча.
СВК “Міхалішкі”:
Жукойні-Жалядскія, Навасёлкі, Вялікія Стаўпяняты, Асташышкі, Малыя Стаўпяняты, Косцевічы, Страчанка, Гурнікі, Селевічы, хутар Будышкі, Вялікая Страча, Талаі, хутар Глінішча, хутар Кіркішкі.
СВК “Гудагай”:
Едаклані, Паракіці, Бабічы, Дравянікі, Смілгі, Ліпнішкі, Кумпяны, Мешкуці, Задворнікі, Палушы.

Жыхары пералічаных населеных пунктаў абавязаны ў тыднёвы тэрмін адмовіцца ад утрымання на сваіх панадворках свіней. Для кантролю за сітуацыяй, а таксама для правядзення тлумачальнай работы сярод насельніцтва ў кожным сельскім Савеце створаны спецыяльныя камісіі на чале з яго старшынёй, якія будуць праводзіць рэгулярны падворны абход вышэйназва¬ных вёсак.
Лішнюю свініну можна здаць нарыхтоўшчыкам – Астравецкі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства гатовы закупіць у насельніцтва свініну па ніжэйпрыведзеных цэнах:

Адзін кілаграм забойнай вагі прымаецца па цане (у рублях):
1 катэгорыі без скуры – 25867
у скуры – 23167
2 катэгорыі без скуры – 24595
у скуры – 22393
3 катэгорыі без скуры – 20567
у скуры – 18804
4 катэгорыі без скуры – 15911
у скуры – 14507


Даведкі можна атрымаць па тэл.: 38-8-13.

Выпадкі невыканання Пастановы будуць расцэнены як спробы свядома распаўсюдзіць інфекцыйнае захворванне – свінні ў такіх гаспадароў будуць ліквідаваны прымусова без ніякай аплаты.

--------------------------------------------------
Раённая ветэрынарная станцыя.



Што трэба ведаць...


Уладальнікі асабістых падсобных гаспадарак, якія жывуць па-за межамі азначанай пяцікіламетровай зоны, павінны выконваць шэраг правіл, якія дазволяць захаваць здароўе жывёлы і пазбегнуць эканамічных страт.
Пазбегнуць небяспечнай афрыканскай чумы свіней дапаможа выкананне наступных прафілактычных і санітарных мерапрыемстваў:


1. Утрымліваць свіней трэба толькі ў закрытых памяшканнях.
2. Выгульнае ўтрыманне забараняецца.
3. Для догляду за жывёлай неабходна выкарыстоўваць асобнае спецадзенне і інвентар, дэзінфекцыю якіх трэба праводзіць рэгулярна.
4. Нельга дапускаць кантакт свіней з іншай жывёлай, птушкамі або са староннімі людзьмі.
5. Для кармлення свіней можна выкарыстоўваць камбікорм толькі завадской вытворчасці.
6. Катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць для кармлення свіней прадуктовыя адходы, адхо¬ды забою хатніх і дзікіх жывёлін і камбікорм сумнеўнай якасці, набытыя ў прыватных прадаўцоў ва ўпакоўцы без этыкетак і адпаведнай маркіроўкі.
7. Пры наведанні лесу і ўдзелу ў паляванні ў абавязковым парадку трэба змяніць адзенне, перш чым заходзіць у хлеў.
8. Адзін раз у 10 дзён неабходна праводзіць апрацоўку свіней і памяшканняў для іх утрымання супраць крывасмокчучых насякомых (вошай, блох, кляшчоў), а таксама – пастаянна змагацца з грызунамі.
9. Нельга рабіць падворны забой і рэалізацыю свініны без папярэдняга перадзабойнага агляду і правядзення ветэрынарна-санітарнай экспертызы мяса і прадуктаў забою спецыялістамі дзяржаўнай ветэрынарнай службы.
10. Не купляйце жывых свіней і мясную прадукцыю ў месцах несанкцыянаванага гандлю без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, не завозьце свіней і прадукцыю свінаводства з іншых рэгіёнаў без узгаднення з дзяржаўнай ветэрынарнай службай.
11. Па запатрабаванні ветэрынарнай службы абавязкова прадастаўляйце пагалоўе свіней для ветэрынарнага агляду і правядзення спецыяльных апрацовак.
12. Не выкідвайце трупы жывёлін, адходы ад іх утрымання і перапрацоўкі на звалкі, абочыны дарог, на закопвайце іх на сваім агародзе або на іншым зямельным участку.
13. Не спрабуйце пера¬працаваць мяса вымушана забітай жывёлы – гэта можа прывесці да далейшага распаўсюджання хваробы.

Памятайце: за дзеянні, якія паспрыяюць узнікненню ачагоў афрыканскай чумы свіней, прадугледжана адміністратыўная і крымінальная адказнасць.
Аб усіх выпадках захворвання і раптоўнага паморку свіней неадкладна паведамляйце ў дзяржаўную ветэрынарную службу па месцы жыхарства або ў сельскі Савет.