Не оставляйте место ДТП!
Па-ранейшаму на дарогах вобласці і раёна адбываюцца дарожна-транспартныя здарэнні, калі вадзіцелі пакідаюць месца аварыі, бо баяцца пакарання. Але каму яны робяць горш? І калі чалавек не адчувае сябе вінаватым, чаго яму баяцца? На самой справе, гэта не толькі здзейсненае ДТЗ і спалох, тут стаіць нешта іншае. Такія вадзіцелі часта знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення або не маюць права кіравання транспартнымі сродкамі.
У мэтах прафілактыкі ДТЗ, з якіх вадзіцелі ўцякаюць, 22 лютага ў Беларусі праводзіцца адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Пакідаючы месца аварыі – здзяйсняеш злачынства”.
Вадзіцель, які з’яўляецца ўдзельнікам аварыі, проста абавязаны да прыезду супрацоўнікаў ДАІ прыняць усе меры для захавання слядоў здарэння, а калі магчыма – і абгарадзіць гэты ўчастак з доказамі, каб пазбегнуць іх пашкоджання. Таксама неабходна запісаць нумары аўтамашын, якія праязджаюць міма і тэлефоны сведак здарэння. Магчыма, пасля яны змогуць пацвердзіць якія-небудзь факты. Дзеянні вадзіцеляў, удзельнікаў ДТЗ, таксама рэгламентуюцца і правіламі дарожнага руху. У адпаведнасці з імі, вадзіцель абавязаны: спыніць транспарт, нічога не змяняць на месцы здарэння; уключыць аварыйную светлавую сігналізацыю і выставіць знак аварыйнага прыпынку і застацца на месцы ДТЗ; прыняць меры па аказанні неабходнай дапамогі пацярпеўшым, выклікаць “хуткую медыцынскую дапамогу”, а ў экстраных выпадках адправіць на спадарожным, а калі гэта немагчыма, даставіць іх на сваім транспарце ў бліжэйшую медыцынскую ўстанову і вярнуцца на месца здарэння.
Уцякаць з месца аварыі не мае сэнсу, бо рана ці позна, вадзіцель, які свядома пакінуў месца здарэння, будзе знойдзены і яго чакае суровае пакаранне – пазбаўленне права кіравання на тэрмін да двух гадоў. Як правіла, яго транспарт адразу ж аб’яўляецца ў вышук, заўсёды знойдзецца сведка здарэння, які запомніў рэгістрацыйны знак аўтамашыны, яго асноўныя прыкметы і іншае. Ды і сумленне не дазволіць спакойна спаць такім вадзіцелям.
Здзейсніць ДТЗ і пакінуць пры гэтым у бядзе пацярпеўшага чалавека ці разбіты аўтамабіль – гэта злачынства, за якое прымаюцца самыя строгія меры ў адпаведнасці з заканадаўствам.
--------------------------------------------------
У. АЛЕКСАНДРОВІЧ, начальнік ДАІ.
Фота з сайта 16.mvd.ru.