Заколыхались рядочки маленьких сосен и берёз...
Штогод вясной у нашай краіне праводзіцца рэспубліканскі Тыдзень лесу – добраахвотная акцыя, падчас якой кожны жадаючы можа пасадзіць кавалачак лесу.Як і ў мінулыя гады, на прапанову паўдзельнічаць у Тыдні лесу ў Астравецкім раёне адгукнулася шмат добраахвотнікаў.
Прадстаўнікі моладзі Астравеччыны з гімназіі №1, СШ №1, СШ №2, Гудагайскай СШ, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай раённай бальніцы, супрацоўнікі Прадстаўніцтва АТ “НІАЭП” у Беларусі і ДП “Беларуская АЭС” адправіліся садзіць лес у Гервяцкае лясніцтва.
Перш чым прыступіць да справы, галоўны ляснічы Астравецкага лясгаса Аляксандр Шостак праводзіць невялікі інструктаж, а работнікі Гервяцкага лясніцтва раздаюць рабочы інвентар.
І вось рашучы ўдар мяча Колесава – і першы саджанец апусціў свае карэньчыкі ў матухну-зямлю. Работа закіпела! Хутка дружна закалыхаліся свежыя радочкі пасаджаных маленькіх сасонак і бяроз.
Дарэчы, некаторыя ўдзельнікі акцыі прыехалі саджаць дрэвы, цэлымі сем’ямі.
– Любіць і шанаваць прыроду трэба прывучаць з маленства. Ды і працаваць разам дружней і весялей, – аргументуюць яны такі падыход да справы.
І сапраўды, работа сямейным падрадам праходзіла дружна і зладжана. Старанна і шчыра працавала моладзь.
– Мы з радасцю згадзіліся прыняць удзел у гэтай акцыі, тым больш у Год моладзі, – гаворыць першы сакратар райкама БРСМ Аксана Лазарава. – Сабрацца разам, папрацаваць на свежым паветры, даць жыццё маленькім дрэўцам – гэта не толькі карысна, але і сімвалічна: моладзь – будучае краіны, а лес – будучае багацце краіны. Зрабіць уклад у развіццё нашай Радзімы – святы абавязак кожнага чалавека.
У выніку дружная каманда добраахвотнікаў пасадзіла ў Гервяцкім лясніцтве каля трох гектараў маладых сасонак і бяроз. Кожны з іх за шчырую і старанную працу атрымаў на памяць прыгожыя сувеніры ад Астравецкага лясгаса.
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
