Впервые в Островце прошли турнир по мини-футболу на кубок Белорусской АЭС и показательные выступления по греко-римской борьбе

греко-римскаяСупрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турізму Астравецкага райвыканкама таксама не абышлі ўвагай “Паўночны вектар Гродзеншчыны” і прынялі ў ім актыўны ўдзел – праўда, на суд гледачоў яны прадставілі не толькі ўласную прадукцыю і аказваемыя паслугі, але і цікавыя і відовішчныя спаборніцтвы.

Падчас рэгіянальнай выставы на гарадскім стадыёне прайшоў першы турнір па міні-футболе на кубак Беларускай АЭС, які будзе праходзіць штогод. Прадэманстраваць здольнасць удала пасаваць і забіваць галы на поле выйшлі 12 каманд прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў, задзейнічаных на пляцоўцы будаўніцтва БелАЭС. Па жараб’ёўцы каманды былі падзелены на 4 групы. Спаборніцтвы праходзілі па алімпійскай сістэме: выйграўшыя працягвалі барацьбу, прайграўшыя пераўтвараліся ў гледачоў.
футбол северный векторГарадскі стадыён быў падзелены на дзве пляцоўкі, таму можна было атрымаць задавальненне адначасова ад двух матчаў. А паглядзець было на што – нездарма ж футбол лічыцца адным з найбольш відовішчных відаў спорту. Дакладныя пасы і крыўдныя промахі, прыгожыя галы і здрадлівы палёт мяча міма варот – з кожным матчам каманд заставалася менш, гульня станавілася больш напружанай, інтрыга закручвалася, а сіл у ігракоў заставалася няшмат. Сваё “масла ў агонь” падлівала і шчодрае на цёплыя абдымкі жнівеньскае сонца – ігракі толькі паспявалі змахваць пот з твару, а запасы вады знікалі проста на вачах… Са сцэны летняга амфітэатра ўжо даносіліся першыя мелодыі вядомага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга, а на полі яшчэ панавалі жарсці: у першым паўфінале з лікам 3:0 каманда “Гроднапрамбуд” выйграла ў “БелАЭС”, у другім “БелЭлектраМантаж” з лікам 3:1 перамог “Гомельпрамбуд”. Такім чынам, развязка была блізкай, а гледачоў чакала двайное задавальненне: адначасова назіраць за фіналам і гульнёй за 3 і 4 месцы. Барацьба была напружанай і відовішчнай.
футбол северныйУ выніку пераможцай турніру стала каманда “БелЭлектраМантаж”, якая з лікам 7:2 выйграла ў “Гроднапрамбуда”. А футбалісты “Гомельпрамбуда” перамаглі сапернікаў з “БелАЭС” з лікам 7:1 і сталі бронзавымі прызёрамі. Акрамя гэтага, лепшым бамбардзірам быў прызнаны Уладзімір Марголін (“БелЭлектраМантаж”), лепшым варатаром – Аляксандр Піцко (“Гроднапрамбуд”), а лепшым іграком – Дзяніс Амяльчук (“Гомельпрамбуд”). Лепшыя каманды і футбалісты былі ўзнагароджаны спецыяльнымі прызамі.
А непадалёк ад стадыёна заклікаў скінуць абутак і паспрабаваць моц удару па мячы пляжны валейбол. І хоць гэта спаборніцтва было не такім маштабным, як міні-футбол, гульні былі таксама цікавымі і прыносілі ўдзельнікам і гледачам шчырае задавальненне.
футбол северный1Упершыню да нас завіталі з паказальнымі выступленнямі і барцы грэка-рымскай барацьбы і вольных стыляў.
– Грэка-рымскай барацьбе ў нашай краіне надаецца ўсё большае значэнне, і нашы спартсмены вяртаюцца з медалямі з еўрапейскіх і міжнародных алімпаў, – расказвае выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання “Беларуская Федэрацыя барацьбы” Валерый Краўчонак. – Асаблівую ўвагу мы надаём развіццю гэтага віду спорту ў невялікіх гарадах. Астравец – прыгожы і перспектыўны горад, які ўражвае сваёй утульнасцю і чысцінёй. Прызнаюся, мы даўно чулі пра поспехі астравецкіх спартсменаў, асабліва гэта тычыцца вашых баксёраў – выхаванцаў трэнера Аляксея Маргужа. У бліжэйшых планах адкрыць у Астраўцы і аддзяленне па грэка-рымскай барацьбе. Зараз Астравецкая ДЮСШ падрыхтоўвае ўсе неабходныя дакументы на акрэдытацыю.
Пакуль жа на спецыяльным дыване прайшлі паказальныя выступленні гасцей. І калі дзяўчаты больш грацыёзна і мякка дэманстравалі прыёмы, у юнакоў барацьба насіла больш энергічны і жорсткі характар. Некалькі секунд паядынку на руках – і праціўнік у імгненне вока праз плячо адпраўляецца на дыван. У другі раз – літаральна праз галаву, трэці – здзейсніўшы неверагодны манеўр вакол тулава. Што тут казаць – відовішча захопліваючае! Гэтую думку падзяляла і група хлапчукоў 8-9 гадоў, якія зачаравана, не прапускаючы ніводнага руху, назіралі за барцамі і абменьваліся ўражаннямі: “Вось бы і мне так!” Думаецца, хутка ў іх з’явіцца такая магчымасць.

----------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.