В Гервятах состоялся турнир по мини-футболу среди команд Островецкого и Ошмянского районов

У восьмы раз сабраліся аматары здаровага ладу жыцця на турнір па міні-футболе сярод зборных каманд Астравецкага і Ашмянскага раёнаў.


Дзве каманды з нашага раёна – «Меліяратар» і «Беларуская АЭС» і прадстаўнікі Ашмянскага раёна – каманды «Ветэраны» і «Моладзь» сустрэліся напярэдадні 8 сакавіка ў Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе, каб вызначыць мацнейшых.

Гульня ішла па кругавой сістэме – ва ўсіх быў шанс стаць пераможцам.

Адразу на пляцоўку выйшлі ашмянскія «Ветэраны» і астравецкія «Меліяратары» – і з першых хвілін гульні стала зразумела, хто будзе мацнейшым. Так і атрымалася: з лікам 8:2 перамогу святкавалі «Меліяратары».

Не прынесла сюрпрызаў і другая гульня паміж камандамі «Беларуская АЭС» і ашмянскай «Моладзю»: з лікам 6:2 перамаглі астраўчане.

У трэцяй гульні сустракаліся ашмянскія «Ветэраны» і «Моладзь»: наперад вырываліся то адны, то другія. А літаральна на апошняй хвіліне з лікам 6:5 перамаглі «Ветэраны».

А потым надышла чарга памерацца сіламі астравецкім камандам: на пляцоўку выйшлі «Меліяратар» і «Беларуская АЭС». Гульня была напружанай, але не прынесла сюрпрызаў – перамог «Меліяратар».

У барацьбе за другое і трэцяе месцы сустрэліся астравец кая «Беларуская АЭС» і ашмянскія «Ветэраны». І калі напачатку ігракі «БелАЭС» уступалі, то напрыканцы гульні ўсё ж вырвалі перамогу, чым узрадавалі сваіх балельшчыкаў.

Апошняя гульня, у якой сустрэліся ашмянская «Моладзь» і астравецкі «Меліяратар», нічога не вырашала, аднак і яна прайшла на пад'ёме.

У выніку чацвертымі сталі прадстаўнікі ашмянскай «Моладзі», на трэцім месцы – «Ветэраны», на другім – каманда «Беларускай АЭС». Перамогу святкавалі «Меліяратары», якія былі ўзнагароджаны Кубкам Пераможцы.

Падарункі, спонсарамі якіх выступілі Астравецкі ФСК і Астравецкае ПМС, атрымалі лепшы бамбардзір Аляксандр Арлоўскі («Меліяратар»), лепшы ігрок Яўген Гарбацэвіч («Беларуская АЭС»). Спецыяльным прызам «За волю да перамогі» адзначаны ігрок каманды «Ветэраны» Сяргей Александровіч.


НА ЗДЫМКУ: каманда «Беларуская АЭС».


--------------------------

Алена СВЕТЛАЯ.