Студенты-строители стали участниками профилактической акции а рамках реализации проекта "Островец - здоровый город"
Другі год у Астраўцы рэалізуецца праект “Астравец – здаровы горад”. Сёння наш раённы цэнтр – адзін з гарадоў Беларусі, які будуецца бурнымі тэмпамі і хутка развіваецца. Аднымі з тых, хто кожнае лета праводзіць у Астраўцы, з’яўляюцца студэнты будаўнічых атрадаў, якія працуюць на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі на аб’ектах Беларускай АЭС. Менавіта таму на гэты раз паўдзельнічаць у прафілактычнай акцыі запрасілі моладзь, якая на два летнія месяцы становіцца ў Астраўцы сваёй.На сустрэчу да моладзі завіталі спецыялісты Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіатрыя – наркалогія”, Раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, якія і сталі арганізатарамі прафілактычнай акцыі.
Прафілактычны дэсант, паўдзельнічаць у якім змаглі больш за сто студэнтаў, складаўся з дзвюх частак.
Спачатку прысутным прапанавалі паглядзець відэафільм “Штучнае шчасце”, размова ў якім ішла пра выкарыстанне наркатычных і псіхатропных сродкаў, а потым студэнты разышліся па аўдыторыях на своеасаблівыя прафілактычныя майстар-класы.
Так, загадчыца аддзела грамадскага здароўя абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Дубок расказала студэнтам пра шкодныя наступствы курэння. Урач-валеолаг гэтага ж цэнтра Людміла Валкуновіч правяла прафілактычныя заняткі па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. Спецыяліст па сацыяльнай рабоце абласнога цэнтра “Псіхіятрыя – наркалогія” Наталля Тальвінская расказвала пра наступствы выкарыстання псіхатропных рэчываў. Актуальную тэму для асвятлення выбрала і псіхолаг абласнога цэнтра гігіены Ларыса Капцеўская – яна вучыла студэнтаў пазбягаць стрэсаў. А ўрач Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Касіла правёў заняткі па аказанні першай медыцынскай дапамогі.Напрыканцы сустрэчы студэнты паўдзельнічалі ў бліц-апытанні “Я і здароўе” і яшчэ раз упэўніліся ў тым, што, каб быць здаровым, трэба гэтага хацець.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
