Педагоги-ветераны Островца совершили экскурсию по району

Настаўнікі – людзі, як вядома, творчыя, ініцыятыўныя, цікаўныя. І былых настаўнікаў не бывае: тое, што яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку, гэтых якасцей ніколькі не змяншае. Не дзіва, што педагогам-ветэранам вельмі хацелася ўвачавідкі пабачыць, як змяняецца наш раён у сувязі з будаўніцтвам на яго тэрыторыі першай у краіне атамнай электрастанцыі. Пры арганізацыйнай, тэхнічнай і матэрыяльнай падтрымцы старшыні райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі Ларысы Васільеўны Ярмоліч, ветэранаў педагагічнай працы Ванды Міхайлаўны Вайшнаровіч, Раісы Пятроўны Куц, Любові Аляксееўны Іванчыкавай, а найперш і найбольш – генеральнага дырэктара Беларускай АЭС Міхаіла Васільевіча Філімонава і супрацоўнікаў інфармацыйнага цэнтра АЭС Эдуарда Іванавіча Свірыда і Аліны Валер’еўны Белай гэтае жаданне ўдалося ажыццявіць у поўнай меры.


Прыпынак першы


Інфармацыйны цэнтр

Гэты цікавы і насычаны дзень пачаўся ў інфармацыйным цэнтры Беларускай АЭС – тут мы паглядзелі відэафільмы аб тым, як будуецца Беларуская атамная электрастанцыя, якім неўзабаве стане наш горад, паслухалі цікавую і падрабязную інфармацыю, задалі шмат пытанняў – і на ўсе атрымалі вычарпальныя адказы.

Сустрэча адбывалася напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі – і гэта стала важкай нагодай успомніць сваіх былых калег – ветэранаў педагагічнай працы, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны: Заслужаных настаўнікаў Мікалая Іванавіча Багачова, Міхаіла Іванавіча Пырачкіна, краязнаўцаў і стваральнікаў школьных музеяў Міхаіла Андрэевіча Кляцоўскага, Івана Мікітавіча Мартынава, кіраўнікоў школ Міхаіла Андрэевіча Буцянава, Уладзіміра Платонавіча Буракова, Аляксея Іосіфавіча Пекара, Віктара Данілавіча Казакевіча, Пятра Іларыёнавіча Кезлю, настаўнікаў Уладзіміра Цімафеевіча Насякайлу, Станіслава Людвікавіча Шаколу, Здзіслава Здзіслававіча Шырынскага, Мікалая Канстанцінавіча Алейнікава, Мікіту Іванавіча Багачова – яны былі яркімі асобамі, неардынарнымі творчымі людзьмі, выдатнымі прафесіяналамі, добрымі таварышамі і шчырымі сябрамі.

Акрамя ваенных ордэнаў і медалёў, большасць з іх мелі ўзнагароды за самаадданую педагагічную працу. Усе яны назаўсёды застануцца ў памяці родных, калег, удзячных вучняў.


Прыпынак другі


Новы Астравец

Другім этапам нашай экскурсіі стала знаёмства з будаўніцтвам новага горада энергетыкаў, які вырастае з нашага роднага, звыклага, ходжанага ўздоўж і ўпоперак Астраўца.

Спачатку мы наведалі новабудоўлі другога мікрараёна, што ўзводзіцца на тэрыторыі колішняга аэрадрома: нам расказалі, што ў будучым тут будзе жыць 5 тысяч чалавек, тут з’явіцца яшчэ адна школа і два дзіцячыя садкі, новая раённая бальніца. А галоўнае – пры ўзвядзенні другога мікрараёна выкарыстоўваецца новая архітэктура 21-га стагоддзя: гэта будзе прыгожы, сучасны, зручны для жыцця жылы раён.

А ў першым мікрараёне, які ўжо абжываюць астраўчане, мы наведалі новыя будынкі гімназіі і дзіцячага садка. Кіраўнікі гэтых адукацыйных устаноў з цеплынёй сустрэлі педагогаў-ветэранаў, паказалі ім сваю гаспадарку – выдатна аснашчаныя школьныя класы і садкоўскія групы, спартыўныя пляцоўкі. А найбольш прыемна было бачыць задаволеных дарослых і шчаслівых дзяцей.


Прыпынак трэці


Будаўнічая пляцоўка

Трэці этап нашай экскурсіі быў самы цікавы: мы на свае вочы пабачылі, як узводзіцца першая ў Беларусі атамная электрастанцыя. На пляцоўцы ў два квадратныя кіламетры кіпіць напружаная праца: уздымаюцца стрэлы дзясяткаў пад’ёмных кранаў, некаторыя з якіх па сваіх характарыстыках з’яўляюцца унікальнымі – такіх больш няма ў краіне. Працуе шмат іншай будаўнічай тэхнікі, тысячы людзей – але не відаць ніякай мітусні, усюды – парадак і зладжанасць. Акрамя энергаблокаў, уражваюць сваімі памерамі і веліччу выпаральныя градзірні, цыркуляцыйныя вадаводы. Ствараецца самая сучасная сістэма бяспекі, якой, на жаль, не было ні на Чарнобыльскай АЭС, ні на Фукусіме ў Японіі.

Ветэраны-педагогі былі ўражаны грандыёзнасцю, велічнасцю самай значнай і важнай будоўлі ў нашай краіне – і шчыра парадаваліся, што ім давялося стаць сведкамі гэтага велічнага працэсу.


Прыпынак чацвёрты


Гервяты

Па дарозе дамоў мы не маглі абмінуць Гервяты. Наведалі Гервяцкую СШ – цудоўна адрамантаваную і аснашчаную, з грунтоўным і цікавым музейным пакоем.

Парадаваліся, што школа гэтая мае добрыя вынікі ў вучэбна-выхаваўчай рабоце,у фізічнай культуры і спорце. У сельскім Доме культуры наведалі выстаўку вядомай літоўскай мастачкі Бірутэ Куцкайтэ, ураджэнкі вёскі Кністушкі. І, канешне ж, не змаглі абмінуць цудоўны Гервяцкі касцёл – адзін з прыгажэйшых храмаў краіны, слава аб якім даўно выйшла за межы раёна.

Экскурсія атрымалася цікавай, пазнавальнай, запамінальнай – усе яе ўдзельнікі шчыра дзякуюць кіраўніцтву і супрацоўнікам Беларускай АЭС за магчымасць дакрануцца да той гісторыі, якая зараз на нашых вачах ствараецца на тэрыторыі раёна.


Леанід БАТУРА, ветэран педагагічнай працы.