Педагоги Островетчины посетили город-побратим Сосновый Бор

Канец чэрвеня выдаўся насычаным для спецыялістаў аддзела адукацыі і адміністрацыі школ і садкоў  раёна. 25 педагогаў з розных навучальных устаноў Астравеччыны наведалі горад-пабрацім  Сасновы Бор.


Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж навучальнымі ўстановамі Астраўца і Сасновага Бора было падпісана ў 2012 годзе падчас правядзення ў нашым горадзе выставы “Паўночны вектар Гродзеншчыны”. З таго часу візіты паміж школьнікамі і педагогамі  нашых гарадоў  сталі частымі.

Літаральна ў маі астравецкія гімназісты і іх педагогі ў рамках супрацоўніцтва сустрэліся са сваімі аднагодкамі і калегамі, якія вучацца і працуюць у сасноваборскай сярэдняй школе №1.

А ў чэрвені ў  Сасновы Бор адправіліся нашы педагогі, каб пазнаёміцца з  вопытам  кіраўніцкай дзейнасці ў сістэме адукацыі Сасноваборскай гарадской акругі.

Знаёмства з сістэмай адукацыі горада Сасновы Бор пачалося з наведвання  сярэдняй школы №6.

– Школа сапраўды заслугоўвае ўвагі, – дзеліцца ўражаннямі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Баніцэвіч. –  Гэтая навучальная ўстанова з’яўляецца членам асацыяцыі “Універсітэцкая адукацыйная акруга”, тут на старшай ступені адукацыі забяспечваецца профільная падрыхтоўка па гісторыі і грамадазнаўстве, плённа супрацоўнічае з некалькімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі –  і,  як вынік,  з’яўляецца пераможцай конкурсу лепшых адукацыйных устаноў у рамках Прыярытэтнага нацыянальнага праекта “Адукацыя” і  пераможцай абласнога конкурсу “Школа года-2014”.

Не менш уражанняў атрымалі педагогі падчас наведвання Цэнтра развіцця дзіцяці-дзіцячага сада №15, які спецыялізуецца на фізкультурна-аздараўленчай рабоце. Менавіта таму ўстанова аснашчана басейнам, трэнажорнай і фізкультурнай заламі, а таксама саунай.

Ёсць у Сасновым Боры і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей. Адна з іх – Цэнтр развіцця творчасці дзяцей і юнацтва –  спецыялізуецца на рабоце з адоранымі школьнікамі. У цэнтры дзеці могуць пашырыць веды па сямі накірунках: навукова-тэхнічным, спартыўна-тэхнічным, мастацка-эстэтычным, сацыяльна-педагагічным, культуралагічным, прыродазнаўчым і эколага-біялагічным. Тут жа можна атрымаць інфармацыю па розных прафесіях і самавызначыцца.

– Наш Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі чымсьці падобны да гэтай навучальнай установы. Аднак ёсць і адрозненні, –  расказвае намеснік дырэктара Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Рыта Дрэма. –  Сістэма работы з выхаванцамі тут наладжана так, што групы фарміруюцца не толькі з пастаянным складам дзяцей, але і з пераменным,  і з часовым.  Ва ўстанове складзены індывідуальныя адукацыйныя маршруты – і заняткі могуць праводзіцца  індывідуальна. А якія цудоўныя лабараторыі для правядзення доследаў па фізіцы, хіміі і біялогіі створаны тут!

Штогод  на базе ўстановы адкрываецца  дзённы летнік “Ветразь”. Праўда, у адрозненні ад нашых лагераў, куды дзеці залічваюцца на ўвесь перыяд адпачынку, сюды могуць прыходзіць школьнікі, пачынаючы з любога дня – было б жаданне. А жадаючых  хапае, бо дзень тут праходзіць цікава і запамінальна: сустрэчы, конкурсы, акцыі, многія з якіх, дарэчы, арганізоўваюць самі школьнікі.

– Мы сустрэліся з намеснікам кіраўніка  адміністрацыі Сасноваборскай гарадской акругі Юліяй Скаўронскай, прэзідэнтам беларуска-расійскага фонда “Белыя Росы” Ірынай Рогавай і старшынёй камітэта па адукацыі Святланай Пыльцынай,  –  расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталля Баніцэвіч. –  А таксама прынялі ўдзел у “круглым стале”, падчас якога абмеркавалі планы супрацоўніцтва. У бліжэйшы час сасноваборская дэлегацыя плануе наведаць Астравецкі  раён, каб пазнаёміцца з нашымі ўстановамі адукацыі і заключыць новыя дагаворы аб узаемадзеянні.

Акрамя таго, астравецкія педагогі наведалі знакамітыя мясціны горада, пазнаёмілася з  дзіцячым гарадком “Андэрсанград”, пабывалі ў Пецяргофе і ў Санкт-Пецярбургу.


---------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.

Фота Аліны БАНІЦЭВІЧ.