На базе Островецкого района прошло выездное совещание президиума Гродненского областного совета ветеранов
На мінулым тыдні на базе Астравецкага раёна адбылося выязное пашыранае пасяджэнне прэзідыума Гродзенскага абласнога савета ветэранаў, асноўнай тэмай якога стала ўвекавечванне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. У яго рабоце, акрамя старшынь райсаветаў ветэранаў Гродзеншчыны на чале са старшынёй Гродзенскага абласнога раённага савета ветэранаў Іванам Фёдаравічам Туставым, прынялі актыўны ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Уладзімір Віктаравіч Даманеўскі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, камандзір 52-га асобнага пошукавага батальёна падпалкоўнік Папоў, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы аблвыканкама Іван Васільевіч Калбаска і іншыя.
Сустрэча распачалася з выступлення старшыні раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалькі, падчас якога ён пазнаёміў прысутных з асноўнымі накірункамі жыццядзейнасці Астравеччыны, асаблівы ўпор зрабіўшы на будаўніцтве атамнай станцыі.
– Сёння ўзводзяцца адразу два блокі АЭС, – у прыватнасці, расказаў Адам Дзмітрыевіч. – Сабекошт атамнай электраэнергіі ў два разы значна меншы, чым энергіі, атрыманай іншымі спосабамі. І таму за ёй – будучыня. Перад беларускімі будаўнікамі Прэзідэнт Рэспублікі паставіў канкрэтную задачу: працаваць так, каб расійскі бок быў упэўнены ў гарантаванай надзейнасці атамнай электрастанцыі ў будучым зрабіў сваім пастаянным дзелавым партнёрам пры будаўніцтве АЭС у іншых краінах.
Шматлікія пытанні, якія ўдзельнікі пасяджэння задалі старшыні Астравецкага райвыканкама, тычыліся амаль выключна будаўніцтва АЭС.
Уладзімір Віктаравіч Даманеўскі выказаў шмат цёплых слоў у адрас ветэранскай арганізацыі вобласці, расказаў аб іх ролі ў патрыятычным выхаванні моладзі і падзякаваў за вялікі ўклад у справу ўшанавання бессмяротнага подзвігу народаў у Вялікай Айчыннай і іншых войнах, што ў свой час адбыліся на нашай зямлі.
Падпалкоўнік Папоў рас-казаў аб дзейнасці 52-га асобнага пошукавага батальёна, які займаецца пошукам, эксгумацыяй і перазахаваннем астанкаў людзей, загінуўшых на вайне. Намаганнямі байцоў батальёна за год пазбаўляюцца статусу “безымянныя” да трыццаці невядомых раней магіл.
Цэнтральным дакладчыкам сустрэчы стаў старшыня Астравецкага раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсеньцевіч Герт. У сваім выступленні ён распавёў аб рабоце, якая праводзіцца ў раёне для ўвекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войн і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
– У раёне пашпартызавана 12 пахаванняў: 1 – часоў грамадзянскай вайны, 2 – часоў Першай сусветнай вайны, 5 – брацкія магілы Вялікай Айчыннай вайны, 2 – адзінкавыя пахаванні, – расказаў Расціслаў Арсенцьевіч. – Узведзены мемарыяльны помнік “Сцяганосцы” па праекту скульптара Печкіна. Дзейнічаюць дзевяць музеяў, сярод якіх асаблівае месца займае Спондаўскі музей баявой славы імя Маркава. Вядзецца актыўная работа па адкрыцці раённага музея, у якім плануецца стварыць аддзел, прысвечаны ваеннай тэматыцы. Арганізавана работа двух ваенна-патрыятычных класаў у школах Гудагая і Астраўца. Масавы характар набыла ў раёне акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, а таксама цімураўскі рух і акцыі, прысвечаныя клопату аб ветэранах вайны і працы.
Пасля абмеркавання даклада ўдзельнікі выязнога пасяджэння накіраваліся да помніка воінам Вялікай Айчыннай вайны, дзе ўсклалі вянок і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
“Аб’ект павышанай зацікаўленасці” – так ветэраны ахрысцілі для сябе будаўнічую пляцоўку атамнай станцыі. Наведванню пляцоўкі папярэднічала цікавая размова ў інфармацыйным цэнтры “атамкі”, якую правёў Эдуард Іванавіч Свірыд. Загадчык інфацэнтра расказаў аб канструкцыйных асаблівасцях будучай станцыі, аб ступенях бяспекі яе рэактара, прадэ-манстраваў на спецыяльным стэндзе, як будзе выглядаць АЭС. А потым адказаў на шматлікія пытанні прысутных.
І ўсё ж самым незабыўным для ўдзельнікаў рабочай сустрэчы стала наведванне будаўнічай пляцоўкі, якое дало магчымасць не толькі пазнаёміцца з будаўніцтвам АЭС, але і сфатаграфавацца ля памятнага каменя, ля сімвалічнай капсулы, на фоне “лесу” будаўнічых кранаў…
Калі пачуццё цікаўнасці было поўнасцю задаволена, наступіў час эстэтычных захапленняў – архітэктура і ўнутранае хараство Гервяцкага касцёла Святой Тройцы, а таксама скульптуры, незлічоныя кветкі і экзатычныя дрэвы вакол яго не пакінулі раўнадушнымі нікога. Пробашч касцёла ксёндз Леанід Нясцюк расказаў аб гісторыі храма і парафіі, падзяліўся планамі па далейшым удасканаленні святыні.
А потым за справу ўзяўся арганіст касцёла Андрэй Міхневіч – і зачараваныя магутнымі гукамі Баха ветэраны і іх госці патрапілі ў іншае вымярэнне, імя якому – класічная музыка.
На падвядзенні вынікаў выязнога пасяджэння рабоце Астравецкага савета ветэранаў была пастаўлена добрая адзнака. Прынятая па выніках работы прэзідыума пастанова ў многім тычылася падрыхтоўкі да блізкай сустрэчы 70-ай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ад’язджаючы, госці шчыра дзякавалі гаспадарам за цікавае, прыгожае і змястоўнае падарожжа.
---------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.