У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праходзілі арыгінальныя навагоднія ранішнікі – арганізатары вырашылі вярнуць сваіх гасцей у пару іх дзяцінства.
Сімвал адышоўшага года Заяц падсумаваў вынікі работы за мінулы адрэзак часу. Прысутныя з захапленнем глядзелі 20-хвілінны відэаролік пра мерапрыемствы, што праводзілі ў цэнтры. А іх было шмат, арыгінальных, цікавых, запамінальных. Адзначалі юбілейныя дні нараджэння актыўных наведвальнікаў цэнтра. Былі паспяхова апрабаваны дзве навінкі: дыскатэка для пажылых і інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі?». І яны настолькі спадабаліся, што абавязкова будуць паўтораны ў годзе надышоўшым. А яшчэ – майстар-класы па саломапляценні і мылаварэнні. Былі розныя конкурсы ў сваіх сценах і на выездзе, спартыўныя спаборніцтвы – вядома, з перамогамі і прызамі. Былі сяброўскія сустрэчы з наведвальнікамі Смаргонскага ТЦСАН «Цёплы дом», паездкі з канцэртамі ў дом сумеснага пражывання адзінокіх людзей аграгарадка Падольцы і экскурсіі па Беларусі. І пад «занавес года» – паездка ў Магілёў, дзе астравецкія валанцёры паспяхова прэзентавалі творчы праект «Марафон маленькіх мар». Словам, Зайцу было што расказаць і паказаць. А сімвалу года 2024-га – Зялёнаму Дракону – годна прыняць эстафету добрых спраў, каб потым прадоўжыць і памножыць. А якое свята без цудаў і чарадзейства? У залу, апярэдзіўшы Дзеда Мароза і Снягурку, прыбегла Чараўніца і сказала ўсім загадаць запаветнае жаданне на новы, а потым раскрыла сакрэт: што і ў якой форме збудзецца.
Вядома ж, Дзед Мароз са Снягуркай не затрымаліся ў дарозе, прыбылі з вялізным мехам падарункаў. А сівавалосыя бабулі і дзядулі, як некалі даўным-даўно, расказвалі вершы, спявалі песні і танцавалі. Цудоўнае атрымалася свята!