Островецкий дом пионеров и школьников стоял в городском сквере
Прапануем вам, паважаныя чытачы, завочную экскурсію па астравецкіх вуліцах. Тое, што сёння будуецца, адкрыта, працуе вы можаце ўбачыць, прагуляўшыся па горадзе. У гэтым артыкуле мы перанясёмся ў мінулае Астраўца і ўзгадаем некаторыя яго аб’екты, якіх ужо няма. А дапамаглі нам у гэтым мясцовыя жыхары.
Калі глядзець з боку плошчы, будынак колішняга Астравецкага раённага дома піянераў і школьнікаў размяшчаўся ў скверы злева ад дарожкі, што вядзе да сярэдняй школы №2. Гэта быў невялікі драўляны дамок, у якім да гэтага месціўся раённы аддзел народнай асветы.
Дырэктарам папярэдніка сённяшняга Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі працавала Тэрэса Драган:
1-шы рад (злева направа): Вольга Штура, Галіна Неціоўская, Тэрэса Драган, Раіса Кацікава; 2-гі рад (злева направа): рэвізор, які курыраваў работу гурткоў, Наталля Рэвака, Пётр Каранеўскі, Ніна Рудзь, Таццяна Граблеўская
– Мяне прызначылі ў 1990-м, а ўжо праз год – у 1991-м – установу перайменавалі ў Астравецкі дзіцяча-юнацкі цэнтр. (Хоць назву і змянілі, але ў памяці астраўчан менавіта той будынак так і застаўся Домам піянераў. – Заўв. аўт.)
Працаваў ён штодзень, у тым ліку і ў нядзелю – акрамя заняткаў гурткоў, праводзілі і мерапрыемствы для дзяцей, якія з задавальненем прыходзілі, нягледзячы на тое, што выхадны. Кіраўніцтва не абавязвала нас арганізоўваць такі нядзельны адпачынак, мы кіраваліся інтарэсамі выхаванцаў і магчымасцямі педагогаў. Паколькі школьнікі вучыліся ў дзве змены, у буднія дні гурткі працавалі і ранкам, і вечарам.
Прыгадаю некаторых работнікаў і аб’яднанні па інтарэсах, якія функцыянавалі ў час майго дырэктарства. Дэкаратыўна-прыкладному мастацтву – вязанне, макрамэ, вышыўка, габелен, лепка з гліны і пластыліну, фларыстыка, саломапляценне, бацік – вучылі Юлія Тумкевіч, Ганна Папкова, Данута Петрык, Святлана Праказава, Наталля Рэвака. Выяўленчае мастацтва: малюнак выкладала Аляксандра Каваленка (цяпер – Букель), Ганна Папкова рыхтавала па гэтым накірунку дзяцей для паступлення. Авіямадэліраванне вёў Уладзімір Бадрыцкі. Дрэваапрацоўкай займаўся Пётр Каранеўскі, разьбе па дрэве вучыў Сяргей Папкоў. Ваеннае мадэляванне выкладаў Барыс Праказаў. Кіраўнікамі харэаграфічных гурткоў былі Тамара Батура (народны танец) і Алена Уласенка (сучасны танец). Вакалам з дзецьмі займаліся Аляксандр Альховік і Аляксандр Якіменка. Клуб інтэрнацыянальнай дружбы вяла Раіса Кацікава, а Ніна Рудзь і Галіна Неціоўская – клубы для падлеткаў. Таццяна Граблеўская займалася з выхаванцамі краязнаўствам. Спартыўныя накірункі былі за Аляксеем Маргужам – бокс, Эдуардам Лакевічам – шашкі… Намеснікам па гаспадарчай дзейнасці працавала Антаніна Мялешка. Да слова, ацяплялі Дом піянераў печкамі – за гэта адказвала сямейная пара Дарашкевіч: муж працаваў у нас рабочым, а жонка прыбіральшчыцай.
У пачатку навучальнага года нашы педагогі рабілі так званую рэкламу: хадзілі ў школы, расказвалі дзецям пра свае гурткі, запрашалі запісвацца на іх, настаўнікі цэлымі класамі прыводзілі вучняў да нас, «працавала» і сарафаннае радыё.
Козич Нина, Букель Александра, Нетиовская Галина
Акрамя арганізацыі занятасці дзяцей Дом піянераў аказваў метадычную дапамогу ўстановам адукацыі па вядзенні пазашкольнай работы – метадыст Ніна Козіч адказвала за гэты накірунак, быў яшчэ метадыст па гуртковай рабоце – ім у розныя часы працавалі Галіна Неціоўская, Валянціна Дземеш. А дзесьці ў годзе 1995-м увялі стаўку сацыяльнага педагога – ім стала Галіна Паўлаўна (Неціоўская. – Заўв. аўт.). Нашы спецыялісты займаліся выданнем метадычных дапаможнікаў, распрацоўкай мерапрыемстваў да летняй аздараўленчай кампаніі. А вось што тычыцца дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, перыяд 90-х характарызаваўся ідэалагічным вакуумам: піянерскія і камсамольскія арганізацыі перасталі існаваць, у школах пачалі рабіць упор на хрысціянскія каштоўнасці.
Штогод на вобласць мы адпраўлялі лепшыя работы нашых выхаванцаў – у асноўным па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным накірунках. А потым да нас прыехалі гродзенскія метадысты. Яны пазнаёміліся з установай, паглядзелі, як арганізавана работа, і прапанавалі зладзіць выставу нашага Дома піянераў у абласным Палацы піянераў. Дарэчы, мы былі першымі ў вобласці (калі не памыляюся, 1994 год), хто так маштабна прэзентаваў талент сваіх выхаванцаў. Да сённяшняга часу помню, як калегі з іншых раёнаў падыходзілі да стэнда, дзе змяшчалася наша візітоўка, і недаўменна пыталі: гэта вы працуеце ў такім дамку? (Смяецца.) Канешне, у параўнанні з тымі ж Ашмянамі ці Лідай, якія мелі шыкоўныя двухпавярхоўныя будынкі, здзіўляцца было чаму.
І тым не менш, умовы ніяк не ўплывалі ні на якасць работы педагогаў, ні на цікавасць да заняткаў нашых выхаванцаў. Дзеці да нас хадзілі ахвотна, часам у памяшканні месца не хапала, каб змясціць усіх жадаючых. Яшчэ не скончылася работа аднаго гуртка, а ў калідоры ўжо стаяла ў чаканні наступная група.
Праблему перанапоўненасці часткова вырашылі дзесьці ў 1995-1996 гадах, калі нам перадалі будынак (таксама гэта быў невялікі драўляны дом), які калісьці стаяў на тэрыторыі сярэдняй школы №2 – справа ад будынка пачатковай школы.
Другі (дадатковы) будынак Дома піянераў, які стаяў на тэрыторыі СШ №2