Первая пекарня райпотребобщества в Островце

11:26 / 20.08.2023

IMG_3629.JPG

Першая астравецкая пякарня райспажыўта­варыства стаяла на вуліцы Ленінскай непадалёк моста праз Лошу. Туды ў пачатку 1950-х прыйшла падмайстэркам Галіна Мілешка (у замужжы Грабоўская). Дзе і як працавалі хлебапёкі, распавядае жанчына:

Грабовская Галина Петровна.JPG

– Пякарня займала два будынкі – два цэхі: мураваны, дзе знаходзіцца прадуктовы магазін «Лира», і насупраць яго праз дарогу драўляны – сёння гэта прыватны дом. 
Я працавала ў мураваным. Там было 4 памяшканні: справа ад уваходу – кабінет дырэктара (пякарняй загадвала жанчына па прозвішчы Рыбакова), потым месца, дзе стаяла печ, тады пакой для гатовай прадукцыі і гаспадарчая, дзе стаяла мука, туды і асобны ўваход быў. 
Работнікі мелі ўніформу: халат, на які надзявалі доўгі фартух і нарукаўнікі, і хустка.
У кожным цэху працавала 2 змены хлебапёкаў, хадзілі па сутках з 9-ці да 9-ці раніцы. Ставілі па дваіх: аднаго майстарам, другога падмайстэркам. Стараліся, каб у пары жанчына з мужчынам былі, бо работа цяжкая і ўсё ўручную: дроў напілаваць і нашчапаць, цеста ў чанах вялізных замясіць, формы пасадзіць у печ, потым павыцягваць адтуль… Я там са сваім мужам і пазнаёмілася – разам працавалі. 

Работники пеарни Андралойть (Лаврецкая) Апалония Грамбовский Станислав Милешко (Грабовская) Галина.JPG

Рабілі мы толькі хлеб-«цаглінку» двух відаў: іржаны чорны і пшанічны белы. За раз каля сотні буханак выпякалі, а за змену – па сем такіх партый выпадала.
У чан сыпалі мяшок мукі, улівалі 7 вядзёр вады, солі жмені дзве дабаўлялі, а тады ж замясіць трэба – без пуда яшчэ мех туды – і ўсё ўдваіх. Вымешвалі ўручную, а потым па змазаных сланечнікавым алеем металічных формах раскладалі – у адну кілаграм цеста лезла. Як «цаглінкі» спякуцца, з печы вілцамі вымалі формы і «пускалі» па каляіне на цэментаванай падлозе ў памяшканне, дзе захоўваўся хлеб. Калі крыху прыастыне, формы пераварочвалі і пастуквалі па іх, каб «выбіць» буханкі. «Цаглінкі» раскладвалі на стэлажы. 
Па хлеб у пякарню прыязджалі з магазінаў – астравецкіх і вясковых. Буханкі не лічылі, а адпускалі па вазе. Хто чым мог забіраў: адзін на кані вёз, другі машынай. Выдавала тавар дырэктар, яна ж прымала муку, дровы і вяла неабходныя дакументы. Як сёння помню, што чорны хлеб каштаваў 18 капеек, а белы – 28. Але мы яго прадаваць у розніцу не мелі права.
Печы паляцца, дроў нашчапана хаця б на адзін «заход», закваска падрыхтавана, цеста заведзена, усё пачышчана – так перадавалі работу наступнай змене.
Даволі часта да нас прыходзілі работнікі санстанцыі. Не толькі ўмовы глядзелі, а і выпечку правяралі: выберуць любую буханку, разрэжуць – і калі ўбачаць, што мякіш скалісты (падобны да пластыліну), то ўсю партыю забракуюць.

Текст:
Фото: Рита Дремо и Г.ГРАБОВСКОЙ.