Завтра "Астравецкай праўдзе" исполнится 75 лет
2
Час хуткаплынны. Здаецца, зусім нядаўна мы шырока, з размахам адзначалі 70-годдзе газеты “Астравецкая праўда” – а вось ужо і 75 заўтра “стукне”.Часта можна пачуць спрэчкі: трэба лічыць юбілеем такую “паўкруглую” дату ці не, варта яго адзначаць ці не абавязкова – адказ на гэтае пытанне, мусіць, павінен даваць сам юбіляр. Мы ж палічылі, што гэта дастатковая нагода, каб успомніць людзей, якія некалі працавалі ў газеце і сёння стараюцца, каб кожны нумар “Астравецкай праўды” быў насычаны, цікавы, прыгожы, а наша ўстанова была стабільнай і паспяховай: успаміны былых супрацоўнікаў “Астравецкай праўды” і адказы на “Пяць пытанняў аб галоўным” сённяшніх работнікаў чытайце ў гэтым нумары.
Да свайго 75-годдзя наша газета прыйшла – зазначым без лішняй сціпласці – з добрымі вынікамі: сёлета “Астравецкая праўда” ў другі раз стала пераможцам Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера”, больш таго – атрымала Гран-пры за лепшы творчы праект. Няшмат у Беларусі раённых газет, якія прызнаваліся лепшым выданнем краіны ў той ці іншай намінацыі – яшчэ менш тых, каму ўдалося паўтарыць такі поспех.
І гэтая перамога – не адзіная ў скарбонцы “Астравецкай праўды”. Двойчы мы прызнаваліся лепшай газетай вобласці па выніках спаборніцтва сярод раённых газет, некалькі разоў былі яго прызёрам. Пра перамогі ў розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсах сведчаць шматлікія дыпломы і граматы.
Усё гэта пацвярджае, што сённяшні калектыў “Астравецкай праўды” – творчы, таленавіты і працавіты. У ім цудоўна спалучаецца імпэт маладых супрацоўнікаў і вопыт прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Сярэдні ўзрост калектыву рэдакцыі складае крыху больш за 32 гады. Маладыя поўныя творчых планаў і задум – а гэта дае падставы спадзявацца, што наперадзе ў “Астравецкай праўды” – яшчэ не адна перамога.
І не адзін юбілей. Вядома, усюдыісны інтэрнэт прымушае газету трансфармавацца, прыстасоўвацца да новых умоў, шукаць новыя формы падачы матэрыялу і стасункаў з чытачамі – але мы верым, што яна не знікне, пакуль людзі не развучацца чытаць, думаць, адчуваць.
Сёння ж з нашым агульным святам хочацца павіншаваць усіх, для каго “Астравецкая праўда” – член сям’і, сяброўка і дарадца: нашых заснавальнікаў – раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў, нашых ветэранаў, якія ў свой час аддалі шмат гадоў працы ў рэдакцыі, сённяшні калектыў – і, канешне ж, нашых чытачоў, бо мы з вамі – адна сям’я і ўсё, што мы робім, – дзеля вас.
Заставайцеся з намі – і будзем і надалей разам у будні і ў святы!
Ніна РЫБІК, галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда”.
