У вас в семейном архиве хранится дорогой вам номер "Астравецкай праўды"? Расскажите нам об этом

автравецкая 1968 годаКажуць, газета жыве адзін дзень – і ў гэтым ёсць доля ісціны. Задача любога сродку масавай інфармацыі паведамляць аб падзеях, навінах – і чым больш аператыўна, тым лепш.
А яшчэ нехта з вялікіх назваў газету секундамерам гісторыі. І гэтае сцвярджэнне мне больш даспадобы, але не таму, што хочацца дадаць значнасці нашай журналісцкай працы.
Мне здаецца, што яно больш дакладнае: секунда, імгненне прамільгне – і кане ў вечнасць. Але не заўсёды бясследна: калі гэтае імгненне паспела заўважыць і адзначыць газета – яно застанецца ў гісторыі. Магчыма, мёртвым, ніколі і нікім не запатрабаваным грузам – але ёсць верагоднасць, што па некалі некім наспех напісаных радках нашчадкі будуць рабіць высновы пра час і пра людзей… Я ведаю, што на падставе газетных артыкулаў мінулых гадоў часта пішуцца сур’ёзныя навуковыя працы.
Вельмі цікава гартаць газеты даўнейшых часоў: пра што тады пісалі журналісты, аб чым паведамляла сваім чытачам наша “раёнка”? Што турбавала людзей? Чым мы жылі? Часам зусім абстрактныя звесткі – нумары тэлефонаў, назвы вуліц, прозвішчы людзей – утойваюць у сабе столькі інфармацыі!

Не так даўно, напярэдадні Новага года, нашая даўняя і шчырая прыхільніца Марыя Вайнілка з вёскі Завідзіненты перадала стары, пажоўклы – але цудоўна захаваны! – нумар “Астравецкай праўды” за 1 студзеня 1968 года (!) Так сталася, што ў рэдакцыйным архіве захоўваюцца газеты, пачынаючы з 1969 года, – пры тым, што першы нумар раённай газеты выйшаў яшчэ ў 1941 годзе. Таму пераацаніць каштоўнасць такога падарунка цяжка. Мы спадзяёмся, што калі-небудзь у рэдакцыі “Астравецкай праўды” ўсё ж з’явіцца свой музей, і гэтая газета зойме там сваё пачэснае месца.
Цікава зараз, амаль праз 50 гадоў пасля яе выхаду, пачытаць гэтую газету. У святочным чатырохпалосным нумары жыхары райцэнтра і вёсак раёна расказвалі, якім быў для іх мінулы год, і дзяліліся планамі.
Узгадваліся працоўныя поспехі пакуль яшчэ не Героя Сацыялістычнай Працы, а проста экскаватаршчыка Астравецкага БМУ Франца Паташкевіча і многіх іншых перадавікоў раёна: механізатара Казіміра Бразінскага з калгаса “Маладая гвардыя”, цялятніцы саўгаса “Кямелішкі” Ванды Сляпіка, калгасніка сельгасарцелі “XXII партз’езд” Адольфа Ляўданскага і іншых.
Старшыня Астравецкага пасялковага Савета У. Філатаў распавядаў аб тым, што ў бліжэйшы час збіраюцца пабудаваць у Астраўцы – асноўнымі пунктамі гэтых планаў былі пасялковая школа на 640 месцаў, будынак хлебакамбіната магутнасцю 8 тон хлеба ў суткі, будынак Дзяржбанка – тады ён быў адзіны…
Сваёй радасцю ад паступлення ў Астравецкае медыцынскае вучылішча дзялілася першакурсніца Марыя Шапуцька – цікава, як далей склаўся лёс гэтай сімпатычнай дзяўчыны?
Паштальён Варнянскага аддзялення сувязі Я. Красінкая расказвала пра змесціва сваёй сумкі – у прыватнасці, аб тым, што Людміла Радлінская часта атрымлівае пісьмы ад сяброўкі па перапісцы з Казахстана: для нас, сённяшніх супрацоўнікаў газеты, гэта асабліва цікава, таму што жыццё Людмілы Іванаўны Сцяфанчык, у дзявоцтве – Радлінскай, цесна звязана з раённай газетай: амаль усё сваё жыццё яна працавала спачатку ў раённай друкарні, а затым – у рэдакцыі “Астравецкай праўды”.
Чытачы дзякавалі за дапамогу ўрачам Валянціну Аляксандравічу Ражко і Ніне Аляксандраўне Кулаковай.
Рэдакцыйны Шэршань інтэрв'юіраваў Дзеда Мароза, які, аказваецца, пасяліўся ў халодным Палацы культуры сельгасарцелі імя Леніна – напэўна, ніводзін даследчык не зможа дакладна падлічыць, колькі разоў раённая газета пісала пра шматпакутны клуб у Чэхах – ды ўсё безвынікова…
Дарэчы, тыраж раённай газеты на той час складаў 4 622 экзэмпляры – на 1 200 экземпляраў менш, чым сёння, хоць колькасць насельніцтва ў раёне тады была амаль у два разы большай, чым зараз. Рэдактарам з’яўляўся У.І. Царэвіч. Тры (калі меркаваць па колькасці тэлефонных нумароў) кабінеты рэдакцыі знаходзіліся ў будынку райкама партыі, друкарня – па вуліцы Савецкай, 14. А вось двухпавярховы будынак пасялковага Савета (з якога нядаўна выехала наша рэдакцыя) толькі збіраліся будаваць. Нумары тэлефонаў тады былі трохзначныя – і Шэршань не раіў Дзеду Марозу віншаваць знаёмых з Новым годам па тэлефоне: маўляў, пакуль камутатар звяжа з абанентам, дык хутчэй будзе схадзіць пешшу...
…Беражліва перагортваючы пажоўклыя старонкі газеты 1968 года выдання і спрабуючы правесці паралелі паміж скупымі газетнымі радкамі 50-гадовай даўнасці і рэаліямі сённяшняга жыцця, міжволі падумала: напэўна ж, колішнія газеты захоўваюцца ў многіх сямейных архівах жыхароў Астравеччыны – і Марыя Вайнілка ў гэтым сэнсе не з’яўляецца выключэннем. І цікава было б не толькі пабачыць гэтыя газеты – і няважна, колькі ім гадоў, пяцьдзесят ці дзесяць, але найперш – даведацца, чаму з усіх газет, тэрмін жыцця якіх – адзін дзень, менавіта гэты нумар стаў “доўгажыхаром”? Што ў ім было такога, што прымусіла людзей беражліва захоўваць яе на працягу многіх гадоў?
І таму мы вырашылі звярнуцца да сваіх чытачоў з вялікай і шчырай просьбай: падзяліцеся, калі ласка, з намі сваімі архіўнымі “раёнкамі”. Канешне, нам было б цікава пабачыць ці нават атрымаць у падарунак гэтыя нумары – але, калі яны вельмі дарагія для вашай сям’і, мы не будзем настойваць на гэтым: можна абмежавацца фота ці ксеракопіямі. Дапоўненымі, вядома ж, расповедамі аб тым, чаму менавіта гэтая газета стала для вашай сям’і такой важнай, што яе не выкінулі, не спалілі, а беражліва захоўваюць на працягу многіх гадоў і дзесяцігоддзяў.
Тым больш што і нагода для такіх вось архіўных успамінаў ёсць, і даволі важкая: “Астравецкай праўдзе” сёлета спаўняецца 75 гадоў. А гісторыя – гэта не толькі колішнія супрацоўнікі, будынкі, традыцыі, гэта – і нашы чытачы, і іх узаемаадносіны з газетай.
Таму мы чакаем вашых расказаў і архіўныя газеты. Лепшыя з іх знойдуць сваё адлюстраванне на старонках ужо сённяшняй газеты – і, магчыма, зноў зоймуць месца ў вашым сямейным архіве.

--------------------------------------------
Ніна РЫБІК, галоўны рэдактар “Астравецкай праўды”.