"Среда размышления". Звёзды светят в глубинке

2
У апошні час астраўчанам, каб пабыць на канцэртах айчынных і нават расійскіх зорак, зусім неабавязкова ехаць у вялікія гарады. У нас выступалі Дзмітрый Калдун і яго брат Георгій, мы чакаем у госці Ірыну Дубцову, ну а арт-група «Беларусы», Аляксандр Саладуха, Ірына Дарафеева і многія іншыя сталі на Астравеччыне частымі гасцямі. Усё часцей зоркі самі едуць да нас, у правінцыю.


Не бяруся меркаваць, чаму так і якія праблемы «гоняць» зорак у глыбінку. Але нас, жыхароў сельскіх раёнаў, гэта не можа не радаваць. Больш таго: мне здаецца, што астраўчане ўжо крыху, прабачце за гэты выраз, «наеліся», і не кожны вядомы ў Беларусі калектыў ці артыст можа сабраць нават такую залу, як «Астравец».

І ў той жа час вясковыя жыхары ў гэтым (ды і не толькі ў гэтым!) плане застаюцца абдзеленымі. Ім па-ранейшаму, каб пабываць на канцэрце любімага артыста ці паглядзець цікавы спектакль, трэба перш за ўсё вырашыць праблему: як дабрацца, як вярнуцца?

Але і тут лёд, здаецца, крануўся! Наша газета ўжо расказвала пра цікавы праект вядомага тэлевядучага Дзмітрыя Карася, які вырашыў “ашчаслівіць” жыхароў гервяцкага краю канцэртамі сваіх сяброў – вядомых беларускіх артыстаў: на Рымдзюнскай сцэне ўжо выступіла група “Дразды”, зараз у Гервятах чакаюць беларускіх артыстаў на вечар шансона.

А не так даўно, на каталіцкі Вялікдзень, у Варону “на агеньчык” зазірнуў знакаміты калектыў, ансамбль народнай музыкі “Бяседа”. Так-так, той самы, якім кіруе народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь кампазітар Леанід Захлеўны, дзе спявае Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Суседчык, чароўны тэмбр голасу якой не зблытаць ні з кім і ні з чым. Урэшце, тая самая “Бяседа”, чыю “Чарку на пасашок” ведае і спявае ўся Беларусь.

Ах, які гэта быў канцэрт! Сцэна вясковага Дома культуры стала цеснай ад артыстаў, якія выкладваліся па поўнай: спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах. Гледачы не шкадавалі далоняў: літаральна кожная песня – народная, аўтарская, так званая “застольная” – суправаджалася шчырымі воклічамі “Брава”, і зала бісіравала, аж пакуль не пачыналіся акорды наступнай. Пра творы “Бяседы” не скажаш “кампазіцыі”, словы немагчыма назваць “тэкстамі” – гэта сапраўды песні ва ўсёй паўнаце гэтага слова: музыка, вершы, выкананне.

А якія музыкі суправаджалі выступленні салістаў! Скрыпачка, гармонік, баян, цымбалы – кожны музыка са сваім інструментам мог бы даць сольны канцэрт.

Раўнадушных у зале не было. І калі прагучала заключная “Чарка на пасашок”, гледачы яшчэ доўга не разыходзіліся і не адпускалі артыстаў.

Тыя, хто прыехаў на канцэрт з Астраўца, пасля наракалі: “Ну чаму такі канцэрт у Вароне, а не ў райцэнтры? Несправядліва!”

А мне здаецца, што якраз справядліва. Бо вяскоўцы маюць права не толькі на цяжкую працу, але і на цудоўнае свята. У дадзеным выпадку – на цёплую, шчырую, вясёлую сяброўскую “Бяседу”. А калі гараджане хочуць далучыцца да яе – то і яны калі-нікалі могуць выбрацца ў вясковы клуб.

Так што – брава, “Бяседа”! Прыязджайце яшчэ да нас, у правінцыю, у народ, у гарады і вёскі! А мы не пашкадуем грошай і далоняў, каб аддзячыць вам за ваш талент і вашу творчасць!


-------------------

Ніна РЫБІК.