"Среда размышления". "Значит, нужные книги ты в детстве читал"
Увогуле слова “акцыя” я не люблю. Амаль гэтак жа, як “мерапрыемства” ці “праект”. Патыхае ад гэтых і шматлікіх іншых слоў, якія апошнім часам так упадабалі афіцыйныя і не толькі асобы, нечым казённым, прапахлым пылам канцылярскіх папак, тым, што робіцца дзеля “галачкі”, для справаздачы, а не для людзей. Але мы ўжо зараз так забюракраціліся, што праводзім выключна “акцыі” і “мерапрыемствы”. У тым ліку і тыя, якія перад усім вымагаюць душэўнай пяшчоты і духоўнай шчырасці. Ну як “Чытаем разам”, напрыклад.У яе назве я б найперш вылучыла слова “разам” – пры ўсёй маёй павазе да кнігі і чытання. Бо менавіта гэтае слова вызначае, застанецца аб’яўленая акцыя (ну, добра, хай ужо будзе “акцыя”, калі інакш мы разам пачытаць не зможам!) радком у справаздачы – ці ператворыцца ў асветленыя цеплынёй вашай духоўнай еднасці дні і вечары.
…Тыя вечары, калі ўся сям’я збіраецца РАЗАМ – доўгія цёмныя восеньскія ды зімовыя гадзіны перад сном для гэтага самы падыходзячы час. Калі ўсе сямейнікі рассаджваюцца ля запаленага каміна ці печкі… Ці раскідваюць на падлозе падушкі – і на іх валяцца, прагнучы адпачынку, малыя і дарослыя… Ці ўсе рассаджваюцца на канапе ды ў фатэлях, закруціўшыся ў цёплы плед, прыхапіўшы кубак гарбаты ці шклянку соку…
І тады…
Магчыма, у такі цёплы ва ўсіх сэнсах і ўтульны вечар, які застанецца светлай плямкай ва ўспамінах вашых дзяцей аб прыцягальнай сіле роднага дома, вы станеце разам глядзець тэлевізар. Ці слухаць музыку. Ці гуляць у настольныя гульні. Ці рабіць нейкія хатнія справы.
Але вельмі хочацца думаць, што сярод гэтых шматлікіх “ці” не ў апошнюю чаргу ўзнікне слова “чытаць”… Чытаць услых ці паасобку, але разам. Ці, што найбольш верагодна, абмяркоўваць тое, што нехта з хатніх прачытаў надоечы – і яго гэта так уразіла, так спадабалася, што захацелася падзяліцца.
Магчыма, вы станеце спрачацца, абмяркоўваючы ўчынкі і паводзіны герояў, вызначаючы іх першапрычыну. Можа, нават захочаце знайсці патрэбную старонку ў кнізе, каб яшчэ раз упэўніцца і пераканаць іншых, што меў на ўвазе аўтар.
І, магчыма, мама, адарваўшыся ад серыяла, папросіць сына ці дачку: “Дай ты мне, нарэшце, пачытаць таго “Гары Потэра”! Што ж такога асаблівага ў гэтых кніжках, што ты ўсе вушы прагудзеў?” А тата адарвецца ад “танчыкаў”, каб расказаць сыну, якое незабыўнае ўражанне на яго ў дзяцінстве зрабілі “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра – сённяшнія блокбастэры адпачываюць. А бабуля, адклаўшы ў бок пруткі ці вышыванне, узгадае, як яны ў дзяцінстве з нецярплівасцю чакалі, калі ў бібліятэцы вызваліцца “Чалавек-амфібія” Аляксандра Бяляева ці “Дзеці капітана Гранта” Жуль Верна. А потым усе наперабой будуць цытаваць “Доктара Айбаліта” і “Мыйдадыра”, спаборнічаючы, хто памятае больш і лепш…
Я не ведаю, як праходзяць у вашым доме доўгія асеннія вечары. Толькі хочацца спадзявацца, што вы іх праводзіце РАЗАМ. І што пры гэтым прысутнічае яшчэ адзін член вашай сям’і – добрая разумная кніга. І, чытаючы і абмяркоўваючы прачытанае, даючы ацэнку героям і ставячы сябе на іх месца, дарослыя навучаць дзяцей – і саміх сябе, бо працэс пазнання і навучання бясконцы – разуменню, што такое дабро і зло, і як адрозніць сапраўдныя каштоўнасці ад фальшывых, і як важна ўмець адчуваць чужы боль і чужую радасць, умець разумець, спачуваць, дапамагаць.
І аднойчы вашым дзецям – а значыць, і вам! – нехта дасць вычарпальную характарыстыку словамі Высоцкага: “…Значыць, патрэбныя кнігі ты ў дзяцінстве чытаў!”
Ніна РЫБІК.
