"Среда размышления". Жыватворны агонь любові
1
Мы, дарослыя, зусім па-іншаму ўспрымаем свята Божага Нараджэння. Здаецца: рыхтуешся, разам са сваімі дзецьмі робіш вянок і прымацоўваеш да яго чатыры адвэнтовыя свечкі, стараешся шчыра маліцца, ачысціцца ўнутрана праз добрыя справы… Але чаканне Збаўцы ўжо не тое, як некалі ў дзяцінстве, калі ў вясковай прасторнай хаце бабулі і дзядулі ўсе разам – такая вялікая і дружная сям’я! – рыхтаваліся да Вігілійнай вячэры. Калі ніяк немагчыма было дачакацца, каб падзяліцца аплаткай і скласці сумесныя пажаданні. Калі праз паўгадзіны тузаў заўсёды добрага дзядулю, каб разам з ім выйсці на вуліцу і паглядзець, ці запалілася нарэшце на небе першая зорка. Калі бабуля пільнавала нас, малых, каб мы не сцягнулі раней часу “вушкі”, бо цеста замешана на малацэ… Тады здавалася, што так будзе заўсёды.Ужо трэці год запар Божае Нараджэнне я буду сустракаць без тых людзей, якія мяне навучылі маліцца, давялі да касцёла і з якімі я кожны год дзялілася аплаткай. І ўпершыню за гэты час я ізноў з радасцю прадчуваю прыход Дзіцятка Езуса, як і некалі ў такім далёкім дзяцінстве. Благадатны агонь з Віфліему, дзе больш за два тысячагоддзі назад маленькага Хрыста ў яслях саграваў не хатні ачаг, а цяпло жывёл, і пялюшкамі Яму было мулкае сена, абудзіў у маім сэрцы тую ж шчымлівую радасць і дзіцячае нецярпенне, якія чамусьці знікаюць з гадамі. Ізноў хочацца спяваць Маленькаму песні і шчасліва ўсміхацца свету, людзям і сабе…
Другі год мы будзем вітаць у сваіх дамах, сем’ях і сэрцах Дзіцятка Езуса пры благаданым святым агні, які сагравае самотных, умацоўвае надзею і сілкуе веру ў жыццясцвярджальную ісціну верхавенства Божай дабрыні над нашымі грахамі, заганамі і слабасцямі.
З базілікі, пабудаванай у Віфліеме, напярэдадні Божага Нараджэння па ўсім свеце разлятаюцца святыя агеньчыкі. Вернікі Гродзенскай дыяцэзіі сёлета, як і ў мінулыя гады, сталі першымі ў Беларусі, хто вітаў Божае святло. З польска-беларускай мяжы харцэры даставілі яго ў катэдральны касцёл святога Францішка Ксаверыя, дзе біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Святую Імшу. Пасля яе шматлікія дэлегацыі павезлі благадатны агонь у свае парафіі. І каб можна было падняцца да самых аблокаў, на зямлі заўважыў бы маленькія кропачкі Божага святла, якія праз некалькі дзён запалілі тысячы новых агнёў – каб асвяціць дарогу ў гэты свет Дзіцятка Езусу; каб раздзяліць пры віфліемскім агні шчымлівую радасць з самымі блізкімі і любімымі; каб хоць крыху наблізіцца да Навароджанага Збаўцы праз вернуты сабе ўнутраны дзіцячы воблік – з чыстым сэрцам, сапраўднай, без масак, існасцю і шчырым у сваіх словах, думках і памкненнях.
Дзякуй табе, Езунька, за навяртанне! Дзякуй, што і да мяне, грэшнай, працягваеш свае пульхныя дзіцячыя ручкі праз благадатнае святло!
Дзякуй вам, Тарэса Мацвееўна Мароз, што другі год запар прывозіце Віфліемскі агонь на Астравеччыну, і вашай сям’і – за магчымасць прыдачыніцца да гэтай справы, за дарогу са Смаргонскага касцёла ўжо з благадатным агнём у руках.
Дзякуй табе, Давід Станкевіч, што ты годна выканаў ускладзеную на цябе місію і па-ранейшаму застаешся адданым і верным харцэрству, і твайму сябру, які суправаджаў цябе ў паездцы.
Дзякуй вам, ксяндзы-пробашчы – касцёла святога Юрыя ў Варнянах Павел Звяжынскі і касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы Андрэй Горбач, – што першымі прынялі ў свае святарскія рукі Віфліемскі агонь, які пасля ручаінкай маленькіх агеньчыкаў пацёк у кожны дом Верай, Надзеяй і Любоўю.
…Пасля нядзельнай імшы, калі ў маёй парафіі прымалі благадатны агонь, я не паспяшалася дамоў, як заўсёды. Бабуля і дзядуля, моцна веруючыя людзі, на жаль, не дажылі да гэтага моманту, калі вернікі ўсяго Астравецкага дэканата сустракаюць Божае Нараджэнне пры святым агні. Маленькую лампадку з віфліемскім святлом я занесла і ім – маім дарагім людзям, якія навучылі мяне маліцца, давялі да касцёла, з якімі я кожны год дзялілася аплаткай.
Цяпер я, як ніколі, ведаю і разумею адказ на сваё дзіцячае пытанне, калі дзядуля прыносіў лапік духмянага сена на Вігілійны стол: “А маленькаму не колецца?” Народжанае Дзіцятка Езус колецца не аб мулкае сена – аб нашы вострыя думкі, словы і справы. Але нягледзячы на гэта, працягвае з любоўю сваю маленькую пульхную ручку да кожнага з нас…
--------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
