"Среда размышления". Жніво: учора і сёння

Над краінай пануе жніво. Весткі з палёў перабіваюць гарачыя навіны пра надвор’е, вайну ва Украіне і чарговага мужа вядомай тэлезоркі… Таму што ўсё прыходзіць і праходзіць, а хлеб – вечны! Ён – аснова жыцця. Песні і ўсё астатняе, як сведчыць народная мудрасць, – потым.

Вось толькі танальнасць журналісцкіх матэрыялаў, прысвечаных уборцы ўраджаю, калі вы заўважылі, апошнім часам неяк неўпрыкмет змянілася. Ужо практычна не сустракаецца зашмальцаваны журналістамі штамп пра “бітву за ўраджай”. А размова ідзе пра тое, колькі ўбралі ды сабралі, пераўзыдзем сёлета леташні рэкорд па валавому намалоту ды ўраджайнасці ці не, якія вобласці, раёны, гаспадаркі, камбайнеры лідзіруюць. Як вы думаеце, чаму так?

Злавіўшы сябе на гэтым параўнанні, я пры нагодзе загаварыла пра жніво сённяшняе і колішняе з адным сталым механізатарам, за плячыма якога – дзясяткі два жніўных жніўняў. Зараз ён – на заслужаным у самым сапраўдным сэнсе гэтага слова адпачынку і ўжо назірае за працай маладых калег з вышыні  свайго сівагаловага вопыту.

– Эх, зайздрошчу я сённяшнім камбайнерам! – не хавае сваіх пачуццяў мой суразмоўца. – Калі б нам у свой час такія ж машыны – о-о, мы б таксама героямі былі! А то як успомню… Сонца, спякота, а ты цэлы дзень, з раніцы і пакуль раса не ўпадзе, за штурвалам, як на гарачай патэльні. Кругом пыл, грукат – з кабіны вечарам выходзіш, як шахцёр, адны вочы блішчаць. Толькі што ж – хлеб убіраць усё роўна трэба. І ўбіралі! А што ўраджаі не такія былі і намалоты – дык што ж можна было намалаціць на нашых “Донах” ды “Нівах”? Палову сабраў, палову назад пасеяў…  Тады тысячу тон за сезон намалочвалі толькі самыя-самыя, і то калі ўраджай дазваляў, дый далёка не ў кожным раёне. Гэта зараз тысячнікі – цераз аднаго. А што ж – якой тэхнікай сеюць, як пасевы даглядаюць, на чым жнуць ды малоцяць, як дасушваюць потым – вядома, пры такой рабоце і ўраджай будзе… Люба-дорага глядзець сёння на работу механізатараў. Шкада толькі, што наш час ужо адышоў... Эх, хоць разок вывесці б на жніўнае поле гэты “Лексіён”…

Паслухала я таго механізатара, падумала пра яго словы і ўспомніла сваё – я ж у журналістыцы таксама не першы год і пачынала не з рэдактарскай пасады, а з карэспандэнта сельскагаспадарчага аддзела. Добра памятаю, што яшчэ дваццаць гадоў таму кожнае жніво сапраўды ператваралася ў “бітву за ўраджай”, без усялякіх перабольшванняў і газетных штампаў. Памятаю, як жніво расцягвалася да “белых мух”, калі ўбіраць, па сутнасці, ужо не было чаго – хіба што салому. Як пісалі ва ўсе інстанцыі, у тым ліку і ў газеты, вяскоўцы, якія скардзіліся, прасілі-патрабавалі, каб калгасы дапамаглі ім убраць свае “палоскі” на прысядзібных участках. Як баставалі механізатары, калі ў разгар жніва ў крамах знікалі з продажу папяросы – адсутнасць цукру ці малака іх  так з сябе не выводзіла, гэта заўсёды больш хвалявала жанчын. Як адзін брыгадзір аднойчы дзеля эксперыменту не засеяў толькі што ўбраны участак – і азімыя там узышлі не горшыя, чым там, дзе сеялі: такія былі страты пры ўборцы ўраджаю. Як у наш раён прыйшлі першыя імпартныя збожжаўборачныя камбайны “Бізон” і іх сканцэнтравалі ў раённай “Сельгастэхніцы”, практычна аднавіўшы колішнія машына-трактарныя станцыі, – сёння іх, напэўна, ужо і не засталося, як зніклі і іх папярэднікі савецкія “Доны”, “Нівы”, “Коласы”.  Як з нагоды набыцця новага трактара “Беларус” ладзіўся раённы семінар, бо гэтая пакупка была адна на ўвесь раён і першай за некалькі гадоў. Думаю, тыя, хто памятае “ліхія дзевяностыя”, можа дапоўніць мае ўспаміны сваімі, не менш яркімі.

…Да добрага прывыкаеш хутка. Як належнае сёння ўспрымаецца той факт, што да пачатку верасня жніво павінна быць завершана паўсюль. Што краіна зараз не купляе зерне, а забяспечвае ўсе свае патрэбы, у тым ліку і развітой жывёлагадоўлі, і нават прадае стратэгічны прадукт. Што ўраджаі нават на нашай Астравеччыне – “зоне рызыкоўнага земляробства”, прыроўненай хутчэй да Віцебшчыны, чым да Гродзеншчыны, час ад часу дазваляюць нашаму раёну і яго лепшым працаўнікам знаходзіцца ў ліку пераможцаў на штогадовым рэспубліканскім фестывалі “Дажынкі”. Што “соткі” калгаснікаў даўно вынесены ў палі севазвароту гаспадарак, і няма ніякіх пытанняў ні з пасевам, ні з уборкай: усё зробяць за сімвалічную плату. Што ў магазінах ёсць усё, а за час уборкі механізатар можа зарабіць прыстойныя грошы, каб не стала невырашальнай праблемай сабраць дзяцей у школу ці выправіць на вучобу ва ўніверсітэт. Што сёння не толькі ў калгасных майстэрнях стаіць сучасная сельскагаспадарчая тэхніка, але і на падвор’ях вяскоўцаў трывала прапісаліся аўтамабілі сусветна вядомых марак.

Беларускія Іваны, Эдуарды, Віктары хутка разабраліся з імпартнымі, начыненымі электронікай “Джон-Дзірамі”, “Лексіёнамі”, “Мегамі”. І ўбіраючы збожжа камбайнамі з кандыцыянерамі і халадзільнікамі, вельмі хутка навучыліся ставіць на іх свае, дамарошчаныя рэкорды. А неўзабаве і беларускую збожжаўборачную тэхніку, не горшую за імпартную, сталі рабіць машынабудаўнікі з Ліды і Гомеля. Ды і іншую тэхніку: убраць ураджай – справа важная, але апошняя, галоўнае ж – вырасціць яго.

Так, жніво за апошнія дваццаць гадоў змянілася непазнавальна – як і сельская гаспадарка краіны ўвогуле і нашага раёна ў прыватнасці. І тое, што мы да гэтага хутка прывыклі і зараз не азіраемся назад, а глядзім наперад: плануем, як атрымліваць яшчэ большыя ўраджаі, надоі і прывагі, укараняем у вясковую паўсядзённасць самыя сусветна-прагрэсіўныя тэхналогіі, – гэта, па вялікім рахунку, добра.

І ўсё ж варта памятаць, з чаго мы пачыналі. Хоць бы з тым, каб разумець, чаго дасягнулі.


--------------------------

Ніна РЫБІК.