"Среда размышления". Женсовету многое под силу, когда есть желание и активность членов организации
Уяўляю, як некаторыя чытачы, пачытаўшы загаловак, хмыкнулі: ну што ён можа? Роўна столькі, як і любая іншая грамадская арганізацыя, якая не мае грашовых сродкаў на сваім рахунку: пагаварыць… Канешне, і гэта часам трэба, але ж словы – гэта не справы…Прызнаюся шчыра: грэшная, каюся – і я, калі мяне абралі старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, ці, як назвалі некалі, раённага жансавета, думала прыкладна гэтак жа. І прымала новыя абавязкі без асаблівага энтузіязму: работы і на асноўным месцы працы – вышэй галавы, а тут яшчэ гэтая грамадская “пачэсная пасада”… Падыход да справы з пазіцыі: ёсць паперка (чытай – справаздача), значыць – ёсць работа, а не – дык і не, я на дух не выношу… І таму на першым часе дрэнна ўяўляла, чым можа і павінна займацца наша грамадская арганізацыя.
Пабываўшы на абласной канферэнцыі і паслухаўшы сваіх куды больш вопытных калег з іншых раёнаў, зразумела: жаночая арганізацыя можа вельмі многае. І грошы на рахунку – не самы галоўны паказчык работы. Як любіць гаворыць адзін вельмі паважаны чалавек, з грашамі любы дурань зробіць – а ты паспрабуй без грошай зрабіць…
Для мяне, новаспечанага кіраўніка грамадскай арганізацыі, канкрэтная работа пачалася з размовы са старшынёй раённага таварыства “Чырвонага Крыжа” Вольгай Руднік, членам праўлення раённай жаночай арганізацыі, якая папрасіла рэдакцыю правесці “круглы стол” па праблемах сямей, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды. Пасля шчырай размовы з гэтымі мужнымі і, нягледзячы ні на што, жыццелюбівымі жанчынамі я доўгі час не магла прыйсці ў сябе: як жа ім цяжка – і як мала грамадства ведае пра іх праблемы! Чым можна дапамагчы такім сем’ям? Гэтае пытанне стала асноўным на парадку дня чарговага пасяджэння праўлення раённай арганізацыі Беларускага таварыства жанчын. Усе разам мы вырашылі: такім сем’ям трэба дапамагчы, найперш – матэрыяльна. І мы кінулі кліч па ўсіх арганізацыях, звярнуліся да жыхароў раёна…
Другім адкрыццём падчас правядзення гэтай акцыі, якой мы далі ўмоўную назву “Нашы сэрцы – хворым дзецям” (зноў жа – не люблю гэтых слоў –“Акцыі”, “Назвы” – фармалізмам ад іх патыхае…) стала тое, што абвінавачванні нашага грамадства ў чэрствасці і бяздушнасці, якія ўжо сталі ледзь не правілам добрага густу – не адпавядаюць, ці, ва ўсякім выпадку, не зусім адпавядаюць рэчаіснасці. Мы нікога “не ціснулі”, не прымянялі так званы “адміністрацыйны рэсурс” – проста растлумачылі, для каго і для чаго патрэбныя гэтыя грошы. І людзі ішлі і ішлі, неслі і неслі – хто 10 тысяч рублёў, хто 100… Падчас гэтай акцыі былі сабраны і перададзены сем’ям, дзе выхоўваюцца ляжачыя дзеці-нваліды, больш за 39 мільёнаў рублёў.
А потым даведаліся, што для дзевяцігадовага Максіма Савельева з Астраўца адзіная надзея вярнуць слых і пачуць спеў птушак – гэта набыць дорагакаштуючы імпартны слыхавы апарат (на які ў мамы, якая выхоўвае сына адна, зразумела ж, не было сродкаў) і зрабіць складаную аперацыю. І зноў на заклік прэзідыума раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын дапамагчы хлопчыку жыць паўнацэнным жыццём адгукнуліся практычна ўсе жыхары раёна. Бабулькі ахвяравалі па 50 ці 100 тысяч са сваіх пенсій, школьнікі аддавалі зберажэнні, што збіралі на нейкія запаветныя мары… Грошы на слыхавы апарат для Максіма сабралі вельмі хутка. І потым радаваліся разам з усімі, хто прыняў удзел у гэтай акцыі, што аперацыя прайшла паспяхова, што хлопчык праходзіць курс рэабілітацыі… І не менш – таму, што сотні людзей прыдачыніліся да добрай справы – мне здаецца, што дзіцяці, якое дастае з капілкі назбіраны на веласіпед мільён рублёў і аддае для таго, каб незнаёмы хлопчык змог пачуць голас мамы і плёскат ручая – гэта каштуе даражэй за ўсе каштоўнасці.
Для лячэння Максіма жыхары раёна сабралі амаль 55 мільёнаў рублёў. А вы кажаце – грамадская арганізацыя, у якой нават няма разліковага рахунку!
Напрыканцы мінулага года ў поле зроку нашай грамадскай арганізацыі трапілі адзінокія старыя, якія знаходзяцца на ўтрыманні на сацыяльных ложках у Міхалішкаўскай участковай бальніцы. Наведаўшы іх і пагаварыўшы з гэтымі мужчынамі і жанчынамі, даведаўшыся пра іх асабістыя драмы і нават трагедыі, мы не змаглі прайсці міма… Як і чым можна дапамагчы гэтым людзям? Канешне, матэрыяльная падтрымка для іх мае не апошняе значэнне – але, напэўна, самае галоўнае, каб такіх адзінокіх драм у нашым грамадстве было як мага менш. Так і ўзнікла ідэя дабрачыннага спектакля “Калядны вечар”, які цалкам – ад п’есы і яе пастаноўкі да кожнай сыгранай ролі – зрабілі шэсць нераўнадушных жанчын. Спектакль, у якім падымаецца балючая тэма адзінокай старасці, з поспехам прайшоў у студзені-лютым гэтага года ў Астраўцы, Міхалішках, Рытані, Ашмянах. На ахвяраваныя гледачамі падчас прэм’еры спектакля ў Астраўцы грошы – больш як 4 мільёны рублёў – былі набыты падарункі для пацыентаў сацыяльных ложкаў Міхалішкаўскай бальніцы, а таксама неабходныя рэчы для іх абслугоўвання. Грошы, сабраныя падчас спектакляў у вёсках раёна, а таксама тыя, што будуць ахвяраваны падчас наступнага спектакля ў Астраўцы – нагадаем, ён адбудзецца заўтра, 6 чэрвеня, у кінаканцэртнай зале “Астравец”, пачатак у 17 гадзін – таксама пойдуць на дапамогу адзінокім старым.
Гэта толькі некаторыя – найбольш значныя, на наш погляд – справы, якія сёння можа запісаць на свой рахунак раённы “жансавет”. Ёсць і іншыя – можа, не такія матэрыяльна важкія, але ад таго не менш важныя – пра іх можа расказаць кожная пярвічная арганізацыя.
Так што гэтыя няпоўныя два гады, што я ўзначальваю раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, пераканалі ў тым, што “жансавет” – пры жаданні і актыўным удзеле ўсіх яго членаў – можа вельмі многае. Як, зрэшты, і любая іншая грамадская арганізацыя. Нават калі ў яе няма не толькі грошай, але нават разліковага рахунку. Бо даўно і не намі заўважана: жаданне – гэта тысяча магчымасцей, а нежаданне – тысяча прычын. І справядлівасць гэтай ісціны яшчэ ніхто не абверг…
Ніна РЫБІК,
старшыня раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын".
