"Среда размышления". "Я не ганю землі чужыя"

“Я не ганю землі чужыя, – хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.”


Генадзь Бураўкін.


Чым карацейшай становіцца жыццёвая сцежка, тым большы агарнае страх, што прамінула штосьці важнае, не заўважыла нешта такое, што не мела права не заўважыць. І гэты страх гоніць, гоніць – з аднаго падарожжа ў другое. Бухарэст, Варшава, Парыж, Будапешт, Дрэздэн, шырокі абшар постсавецкай прасторы…
А жыццё, з лёгкай усмешкай паназіраўшы за маімі высілкамі, аднойчы злёгку мяняе нахіл уласнай восі – і са смецця штодзённай мітусні пачынаюць праменіць дыяменты роднага краю…
…Андрэй Міхневіч, арганіст Гервяцкага касцёла Святой Тройцы, супрацоўнік АЭС і вельмі неардынарны (як усе сапраўдныя таленты) чалавек, зманьваў мяне гэтым падарожжам даўно. Маўляў, паглядзіце, пазнаёміцеся… Але ўсё неяк не атрымлівалася – то ў мяне, то ў Андрэя. Нарэшце “зоркі сышліся”, і мы выбраліся ў падарожжа…
У яго пачуццё гумару адэсіта. І, як у большасці музыкантаў, безліч трапных слоўцаў: духавы аркестр, які грае на пахаваннях – “жмурбанда”; людзі, што пад вяселлем выпрошваюць сто грамаў, – “дастаеўскія”; уласная куртка-пухавік – “веташ”… Пра таленавітага трубача: “Ды ён так граў на пахаваннях, што нябожчыка па тры разы на “біс” закопвалі!” Пра да крайнасці разбітую дарогу: “Якія дарожныя падаткі?! Гэта дзяржава павінна мне плаціць за тое, што я б’ю машыну па гэтых ямах!..”
Ясная справа, пад такія “каменты” стандартны памер кіламетра прыкметна змяншаецца – не паспелі ад’ехаць, а ўжо Іўеўскі раён і прыдарожная шыльда з надпісам “Жэмаслаўль”.
– Палац Умястоўскіх, – аб’яўляе Андрэй, зварочваючы з цэнтральнай вуліцы мястэчка ўлева.
Ого!.. Ды тут цэлы архітэктурны ансамбль беласнежных пабудоў, у цэнтры якога – сапраўдны двухпавярховы палац з калонамі ў антычным стылі, прагулачнай пляцоўкай на даху, абрамленай ажурам балюстрады і ўпрыгожанай сапраўдным бельведэрам. Да палаца вядзе шырокая ліпавая алея, якая заканчваецца вялікім кругамзробленым спецыяльна для таго, каб маглі раз’язджацца карэты. На ўваходных дзвярах – сляды ад сарваных кімсьці графскіх гербаў. Адкрытая лоджыя з прыгожай мазаічнай падлогай, колеры якой па-ранейшаму яркія. “І паспрабуйце прайсціся па плітцы, – падказвае Андрэй. – Адчуваеце? На ёй, у адрозненне ад сучаснай, зусім не слізка!”
Род Умястоўскіх… Шукаю ў інтэрнэце… “Граф Казімір Умястоўскі, маршалак Ашмянскі… Яго жонка Юзэфа… Род ніколі не быў асабліва багатым, але карыстаўся заслужанай павагай шляхты… У 1805 годзе Умястоўскія купілі вёску ў шляхціча Жэмлы… У 1828 годзе пачалі будаваць палац – зменшаную копію варшаўскай рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста… У канцы 1930-х гадоў Умястоўскія перадалі свой палац Віленскаму ўніверсітэту імя Стэфана Баторыя для размяшчэння навукова-практычнага філіяла прыродазнаўчай і сельскагаспадарчай спецыялізацыі. У савецкія часы тут размяшчалася калгасная кантора, пошта, магазін… ”.
Калі без адпаведнага догляду будынкі пачалі прыходзіць у заняпад, вышэйназваныя ўстановы перабраліся ў сучасныя будынкі, аддаўшы палац, а таксама належачыя яму двухпавярховы дом для работнікаў, а канюшню, сыраварню, вінакурню… на волю ападкам і часу. Кажуць, у 2008 годзе сядзібу графа Умястоўскага выкупіў за ўмоўную цану сталічны прадпрымальнік. Гэта, відаць, ён нацягнуў паміж дрэвамі алеі стужку і прымацаваў надпіс: “Праход і праезд забаронены”. Іншых слядоў аднаўленчых работ нябачна…
Цудоўны архітэктурны ансамбль… Пярліна на беразе штучнага вадаёма. Нам бы малітвы ўдзячныя складаць, радуючыся яе тонкаму хараству. Аберагаючы яго, здзьмухваючы пылок. А мы…
І як тут не паўтарыць фразу, сказаную некалькі гадоў таму старой жанчынай з Польшчы, якая прыехала пакланіцца пакінутаму ў 1939-ым маярату і знайшла на яго месцы толькі руіны: “Што ў нас адабралі – зразумець можна, але чаму самі з гэтага не скарысталі – вось пытанне”.
Што ёй можна было адказаць? “Весь мир насилья мы разрушим до основанья. А затем…”
І чаму прыгажосць у пралетарскай свядомасці асацыіравалася з насіллем?..


-----------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.