"Среда размышления". Вспоминаю свое первое 1 сентября...

среда про 1 сентябряВось і закончылася лета. Подых восені адчуваецца ва ўсім: у яркіх кветках, смачных яблыках-ападках, крамяных грыбах… Але ў першую чаргу  яе надыход «дыягнастуецца» па  дзецях і іх бацьках, якія бегаюць па магазінах у пошуках школьных рэчаў і прылад, што не паспелі набыць за лета. Ужо заўтра ў тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак пачнецца новы этап  іх жыцця. Дзевяць доўгіх месяцаў вучобы,  канікулы, урокі, дамашнія заданні, адзнакі, радасці і расчараванні …

Час бяжыць хутка. А ўспаміны пра школу з кожным пражытым годам усё больш яскрава  паўстаюць у памяці  каляровымі  карцінкамі.

…Першага верасня. Вялікі прыгожы букет, з-за якога мяне амаль не відаць,  белыя банты  на галаве, новенькая школьная форма з прыгожым беленькім каўнерыкам і  белы фартушок – здавалася, такога прыгожага не было больш ні ў кога! Маё першае 1 верасня!  Як даўно гэта было...

У дзяцінстве я асабліва любіла гэтае свята  і штогод пасля доўгага летняга адпачынку з нецярпеннем чакала яго набліжэння, час ад часу дастаючы з шафы карычневую сукенку і прымяраючы яе. У тыя гады школьная форма ва ўсіх была аднолькавая: дзяўчаты хадзілі ў карычневых сукенках з фартушкамі, хлопчыкі – у сініх касцюмах. Гэта пазней, калі я вучылася ў старэйшых класах, яе  адмянілі – і раніца ў большасці школьнікаў пачыналася  з дылемы: што сёння апрануць?

Тады  нам гэта падабалася. Мы радаваліся, што можам хадзіць у джынсах, якія ў нас толькі набывалі папулярнасць. Нам хацелася быць не такімі, як усе: кожны дзень апранаць новыя рэчы, дэманструючы пры гэтым сваю  індывідуальнасць.  Цяпер разумееш, што школьная форма вырашала многія праблемы – у тым ліку і для бацькоўскага кашалька. Аднак і сёння часта можна пачуць супярэчлівыя думкі на гэты  конт – ад абсалютнага прыняцця да поўнага адмаўлення. Толькі чамусьці  цяперашнія адзіннаццацікласніцы, якія не жадаюць вяртання  аднолькавай школьнай формы,  на апошні званок апранаюць тыя ж карычневыя  сукенкі 25-30-гадовага «ўзросту», якія перадаюцца ад аднаго выпускнога класа  да другога –  і адчуваюць сябе ў іх самымі стыльнымі,  моднымі і прыгожымі.

…Шчаслівыя імгненні школьнага жыцця складваюцца  ў хвіліны, хвіліны ў гадзіны, тыя ў дні, месяцы – і школьны год здавалася не скончыцца ніколі… Гэтаксама як і ўспаміны, якія і цяпер грэюць маё сэрца.

Толькі цяпер, у дарослым жыцці,  усё па-іншаму. У хуткацечнасці часу мы не заўважаем,  як праходзяць дні, тыдні, месяцы.  І ўсё ж, як і раней, чаканне 1-га верасня ўжо для нашых дзяцей ператвараецца ў сапраўднае свята, да якога можна атрымаць запланаваныя  падарункі: новы касцюм, сарочку, джэмпер,  красоўкі, мноства канцылярскіх тавараў і іншых прыемных і прыгожых дробязяў.

І таму, як і належыць у свята, у кожнай сям'і рыхтуюцца да першага школьнага дня. І любы хлопчык ці дзяўчынка з такім жа шчаслівым пачуццём, як  некалі я, адчыняе шафу і любуецца новенькімі касцюмам, сарафанам, туфлікамі, дэманструе іх бабулям-дзядулям, старэйшым братам і сёстрам.

Як некалі і для мяне,  калі я з мамай ішла ва ўнівермаг і сярод дзясяткаў сукенак, падобных,  як дзве кроплі вады, выбірала самую прыгожую, –  падрыхтоўка да школы для многіх вучняў сёння радасны і прыемны момант.

Чаго, напэўна, не скажаш пра бацькоў.  Для іх гэта  часцей за ўсё выпрабаванне на трываласць: не заўсёды лёгка знайсці тавар, якасць якога адпавядала б кошту, ды і дагадзіць дзецям таксама складана.  Ды і на змесціва  кашалька, бо сабраць дзіця ў школу сёння – не танная справа. У маім дзяцінстве гэта было не так заўважна для сямейнага бюджэту – а, можа, мне  гэта здавалася?

Хаця, як і раней, простае і непахіснае правіла –  першага  верасня  дзіця павінна прыйсці ў школу прыгожа апранутым! – дзейнічае безадказна. І  кожны стараецца дзіця  адзець-абуць як мага лепш – каб было зручна, прыгожа, стыльна. І пажадана – нядорага...

А значыць, і сённяшнія вучні праз дзясяткі гадоў таксама успомняць свой першы званок і непаўторныя імгненні школьнага дзяцінства – самай шчаслівай і бесклапотнай пары жыцця!..

Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота Юрыя ГОРЫДА.