"Среда размышления". Успеешь ли ты?..
Яны такія розныя – бабулі і дзядулі: маўклівыя, светлыя, сумныя, засмучаныя, па-свойму шчаслівыя… Псіхолагі сцвярджаюць, што ў старасці больш абвастраюцца негатыўныя якасці характару: ярчэй праяўляецца скупасць і жоўць зайздрасці пачынае выцясняць тое станоўчае, што ёсць у чалавеку. Гэта, напэўна, як і з тварам: з 20 да 30 гадоў мы маем такі твар, якім надзяліла нас прырода; з трэцяга па чацвёрты дзясятак працуем на яго; а пасля маем тое, што заслужылі… Па тварах людзей можна чытаць характары. Але ў маёй свядомасці ўсё роўна жыве ідэальны вобраз пажылога чалавека.
Калі еду ў нядзелю ў Астравец па сваіх патрэбах на аўтобусе разам з бабулькамі – яны заўсёды спяшаюцца на імшу – міжволі прыслухоўваюся да іх галасоў. Менавіта іх мова і ёсць для мяне матчына, беларуская. Выкінь з яе дыялектызмы, шматлікія паланізмы, “прычашы” яе на гладка-прытарны літаратурны манер – і яна ператворыцца ў нежывую.
Калі іду па вуліцы – паварочваюся, каб праводзіць позіркам дагледжанага дзядочка, які, нягледзячы на драўляны кіёк і свой узрост, шпарка пераходзіць паласатую зебру…
У старасці ёсць прыцягальны магнетызм. Кожны чалавек паважанага ўзросту – асоба з “тварам”. І гэтым “тварам” можа пахваліцца далёка не кожны малады, нягледзячы на макіяж, дагледжанасць ці вопратку. Няўлоўная адметнасць Асобы нібы лунае ля кожнай бабулі ці дзядка.
У нашым грамадстве традыцыйна прынята віншаваць ветэранаў працы і пенсіянераў напярэдадні святаў. Некаторыя людзі лічаць гэта паказальным і напускным. Аднак у Беларусі не так часта можна сустрэцца са з’явай “эйджызму”, як на Захадзе, дзе дыскрымінацыя старэйшага пакалення праяўляецца больш яскрава.
Нядаўна, калі разлічвалася ў магазіне за пакупкі, пачула размову дзвюх маладых жанчын. Адна з іх абуралася: навошта выдумалі Дзень пажылых людзей? Даводзіла сваёй сяброўцы, маўляў, што гэта за свята такое і для чаго яно створана? Яшчэ раз напомніць людзям сталага веку пра хуткаплыннасць жыцця? Ці яно спецыяльна выдумана маладымі для таго, каб паставіць галачку і каб усе ведалі: у сучасным грамадстве клапоцяцца і памятаюць пра старэйшае пакаленне? Сяброўка гэтай бурклівіцы цярпліва выслухала яе і задала толькі адно пытанне:
– Ты даўно тэлефанавала маме?
Запал жанчыны, свядомасць якой параджала дзясяткі пытанняў наконт патрэбнасці Дня пажылых людзей неяк раптоўна, у адно імгненне, знік…
Як даўно вы тэлефанавалі старэнькім маме, тату, бабулі ці дзядулі? Як даўно вы пераступалі парог звычайнай драўлянай хаткі, дзе нарадзіліся і гадаваліся? Як даўно вы слухалі старэчыя жальбы аб тым, што баліць спіна-рукі-ногі ці скача ціск?
Нават калі вашым адказам будзе “даўно” – вы шчаслівыя людзі.
У мітусні штодзённых клопатаў не хапае часу нават прыпыніцца: прамаруджванне можа прынесці да збою ўсёй сістэмы. Мы не паспяваем здаць у час планы, справаздачы, балансы. Некаторыя застаюцца дапазна на працы, кааб за дзень зрабіць удвая больш работы і атрымаць ад начальніка прэмію (ці пазбегнуць наганяю). Трэба ж дзецям памагаць, дарма, што яны дарослыя – але ж будуюць кватэру, гадуюць нашых унукаў… А часу наведацца на выхадных да бацькоў зусім не стае. Добра, калі ў сваім графіку выдзеліш гадзінку- другую, каб даведацца, якія лякарствы скончыліся і якія прадукты прывезці.
На душэўныя размовы часу не застаецца. Ды і чаго слухаць старэчую балбатню аб тым, што суседскія куры пакошкалі агарод ці ў Адосевых ізноў бойкі і сваркі? Утрымаць бы ў галаве ўсё справы, якія чакаюць з панядзелка раніцай. Нават калі старэнькі бацька або маці жыве разам з дзецьмі, сустракаюцца яны толькі за вячэрай. Не заўсёды, але часта размова зводзіцца да таго, што бабуля не туды паставіла талерку, што тэлевізар трэба выключаць, а адзенне нявестка памые сама – у пральнай машыне…
Вядома, са старымі людзьмі складана і цяжка – ведаю па ўласным досведзе. Яны імкнуцца нешта зрабіць, дапамагчы, але выходзіць марудна і не так, як трэба. Часам лезуць са сваімі недарэчнымі пытаннямі, а табе пасля працы хочацца адпачыць у цішыні…
І ты ледзьве паспяваеш пераступаць з дня ў дзень. Памятаеш, што трэба пазваніць бабулі і запытацца пра здароў’е – але надыходзіць ноч, і верасень неўпрыкмет змяняецца кастрычнікам. І ўсё ж знаходзіш час, каб заехаць да сваіх старэнькіх, – адчыняеш знаёмыя веснічкі. Пятнаццаць хвілін ці зробленая па хаце работа і – дарога назад. Здаецца, місія выканана. Працягваеш далей пераступаць з дня ў дзень з упэўненасцю, што бацькі ведаюць аб тым, што ты іх любіш. Аднак не знаходзіш часу сказаць ім гэта і прыпыніцца на адно імгненне дзеля іх. Ведаеш, што яшчэ паспееш – сказаць, пасядзець, паслухаць…
Тэлефанаванне: збіла машына, інфаркт, не прачнуўся… Можа быць што заўгодна і ў любое імгненне. Але мы ўпэўнены, што гэта здарыцца не СА мной, не цяпер, а “калісьці”, якое можна прыраўняць да “не хутка-ніколі”. І які б раз – дзясяты ці соты – ты ні казаў, ні сядзеў, ні слухаў у думках маці, тату, бабулю, дзядулю – адматаць час назад не атрымаецца…
Нават калі вы тэлефанавалі сваім старым даўным-даўно – вы шчаслівыя людзі.
----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
