"Среда размышления". Умяшацца нельга караць

Знакі прыпынку ў загалоўку кожны расставіць для сябе пасля таго, як прачытае рэальную гісторыю з жыцця, сведкай якой, магчыма, быў і хтосьці з вас.

Звычайны будні дзень, які нічым не адрозніваецца ад іншых. Цэнтр вялікай вёскі, нягледзячы на занятасць працаздольнага насельніцтва, кіпіць і бурліць: людзі спяшаюцца па сваіх справах – хто ў магазін, хто заплаціць перад святамі за камунальныя паслугі ці пакласці грошы на мабільны тэлефон. Адна за адной едуць машыны…
Да Каляд застаецца менш за тыдзень, пагэтаму штучная ілюмінацыя цешыць вока не толькі дзяцей, але і дарослых – штодзённасць набывае новыя фарбы, а зімовая, калі верыць календару (а калі прыслухоўвацца да надвор’я – восеньская), шэрань саступае месца ўзнёсламу настрою. На плошчы ўжо ўбраная ёлка, а каля касцёла кіпіць работа: рыхтуюць яслі да Божага Нараджэння. Чамусьці менавіта сёлета вярнулася тая дзіцячая вера ў цуды, якая не патрабуе ніякіх пацвярджэнняў: яна або ёсць, або яе ўвогуле няма. Проста верыш. Проста дыхаеш – і проста дыхаецца: крочыш і ўцягваеш на ўсе лёгкія чыстае паветра.
У гэты дзень жанчына ішла, каб з вадзіцелем маршруткі перадаць дачцэ ў горад аплатку і тое-сёе з закрутак, якія дапамагала рыхтаваць летам дачушка. Як-ніяк – Каляды. І жанчына шчыра верыла ў тое, што традыцыі нельга парушаць: не можаш прыехаць на свята дадому – то зрабі, як таго патрабуе спрадвечны жыццёвы закон, нават у чужым горадзе.
Цяжкі пакунак адцягваў рукі. Жанчына ішла па дарозе і думала, якія падарункі падрыхтаваць няхай ужо зусім дарослым і самастойным дочкам.
Ад думак пра дачку жанчыну адарваў чыйсьці ціхі ці то крык, ці то стогн. Яна паглядзела перад сабой. Ля касцёла, ад якога жанчыну аддзялялі некалькі дзясяткаў крокаў, нейкі хлопец збіваў мужчыну.
Такую жорсткасць жанчына бачыла толькі ў фільмах. Яна ніяк не магла паверыць сваім вачам – як такое можа адбывацца сярод белага дня, у цэнтры вёскі, амаль ля касцёла? Малады чалавек з усёй моцы біў мужчыну. Калі той адрываў галаву ад халодных пліт – раз за разам сыпалася безліч удараў нагамі, на якіх чарнелі цяжкія чаравікамі, кулакамі па твары, па грудзях, па ўсім целе. Здавалася, што малады чалавек азвярэў: ён нікога і нічога вакол сябе не заўважаў, быццам бы перад ім стаяла толькі адна мэта – біць. Побач ляжалі непрытомнымі яшчэ два чалавекі. А ў дзесяці кроках ад крывавага відовішча моўчкі стаялі і назіралі, быццам за цыркавым прадстаўленнем, маладыя людзі.
Жанчына з усіх ног кінулася праз дарогу і закрычала ва ўвесь голас. І той звер, што збіваў, – здрыгануўся, а праз хвіліну кінуўся прэч. Жанчына падбегла і схілілася над ляжачым, увесь твар якога нагадваў суцэльнае месіва з бруду і крыві. Дрыжачымі рукамі ў кішэні паліто яна намацала мабільны тэлефон і хацела ўжо набіраць нумар хуткай дапамогі. Але слабы голас збітага мужчыны (слава Богу, жывы!) спыніў:
– Прашу вас, не трэба… Не трэба… Бо і міліцыя ж прыедзе…
На халодных плітах ляжаў родны бацька таго юнака, які яшчэ хвіліну назад з вар’яцкім імпэтам біў чалавека, падараваўшага яму жыццё. Дарослы і здаровы як вол хлопец яшчэ дзесяць гадоў назад хадзіў у гэты касцёл, ля якога зараз ляжаў, ледзь жывы, яго тата, паслугаваў ксяндзу, ля алтара прамаўляў “Веру ў адзінага Бога…” і жагнаўся перад абразамі…
Да збітага мужчыны падышлі, відаць, сябры, якія яшчэ хвіліну назад таксама валяліся на зямлі. Яны ўзялі яго пад рукі – і павялі ў вядомым толькі ім адным накірунку…
Жанчына падбегла да двух маладых людзей, якія ўвесь гэты час моўчкі назіралі за тым, што адбываецца, і задала толькі адно пытанне: “Чаму не разнялі?”. У адказ пачула такія словы, ад якіх ногі падкасіліся, а ўнутры ўсё абарвалася. Бы апляваная ці аблітая з ног да галавы брудам, яна моўчкі пайшла да аўтобуснага прыпынку, хоць душа разрывалася на аскепкі ад такой несправядлівасці і хацелася крычаць ад невымернага болю.
А ў скронях з крывёю пульсавала толькі адна думка: калісьці так, амаль дзве тысячы гадоў назад, з маўклівай згоды соцень людзей на крыжы распялі Ісуса. І ніхто, ні адна душа, не заступілася, не прамовіла ні слова – нават улюбёны вучань з трэцім пеўнем адрокся ад свайго настаўніка…
Раўнадушша – гэта не адсутнасць душы. Усе Божыя стварэнні ад нараджэння надзелены ёю. Раўнадушша – даслоўна “роўная душа”, якую нічога не кранае. Усё саслізгвае з яе, быццам з люстраной паверхі, і падае незаўважаным уніз – раствараецца і ўрэшце знікае.


-------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ.


Фота з сайта sinergia-lib.ru.