"Среда размышления". Учора ў нашай хаце – свята. А сёння?

Жыццё ў нас зараз – суцэльная чарада святочных дзён: адкрый каляндар на любой старонцы – і абавязкова даведаешся, якая сёння нагода, каб “адзначыць”. Кожны дзень – якое-небудзь свята: дзяржаўнае, прафесійнае, рэлігійнае ці, як гаворыць моладзь, “прыкольнае”. Для некага святочным з’яўляецца дзень сістэадма (не палохайцеся, размова ўсяго толькі пра сістэмнага адміністратара, якія зараз ёсць у кожнай больш-менш буйной арганізацыі), а для некага – сусветны дзень пацалункаў ці ўсмешкі.

І ўсё ж Дзень маці стаіць асабняком у гэтай бясконцай чарадзе вялікіх, малых і невядомых свят. Хоць з’явіўся ён у нашым календары не так даўно, ужо ў навейшай гісторыі суверэннай Беларусі, “прыжыўся” і палюбіўся нашым людзям неяк адразу і стаў адным з самых цёплых і “святкуемых”. Мо таму, што дата яго правядзення выбрана вельмі ўдала – 14 кастрычніка, калі праваслаўная царква адзначае дзень нашай нябеснай заступніцы – Пакроў Прасвятой Багародзіцы. А можа, з-за таго, што гэта вельмі сямейнае, а значыць – шчырае і сардэчнае свята. І так цудоўна, калі ў адной сям’і сваю мамачку ў гэты дзень віншуюць прадстаўнікі некалькіх пакаленняў, і расцалаваным мамам таксама ёсць да каго спяшацца з віншаваннямі і падарункамі, бо яны яшчэ і дочкі, і ўнучкі, а каму асабліва пашанцуе, то і праўнучкі.

Спадзяюся (амаль што ўпэўнена!), што ўчора атмасфера ў кожным доме была прасякнута любоўю, пяшчотай, віншаваннямі. Мамы расцвіталі ад шчасця, змахвалі няпрошаныя слязінкі, пяклі свае фірменныя пірагі, сустракаючы дзяцей і ўнукаў…

А сёння? А заўтра-паслязаўтра?

Я адношу сябе да цвярозых рэалістаў і не лічу, што дзеці-ўнукі павінны зранку да вечара сядзець побач з мамамі-бабулямі, пяшчотна паглажваць яе стомленую руку і гаварыць ласкавыя словы. Ды і мамам гэта наўрад ці спадабаецца – бо ў гэтым выпадку ёй жа давядзецца карміць-адзяваць-утрымліваць сваіх пяшчотных і пры тым – лянівых дзяцей, а аб такой перспектыве наўрад ці хто з іх марыць. Перафразіраваўшы вядомую прыказку, можна сказаць, што ёсць час для працы, і ёсць – для святаў. І ў дзяцей сёння (як, зрэшты, і ў большасці мам) – напружанае жыццё, вечны цэйтнот, у якім ніколі нічога не паспяваеш і часам усё ідзе наперакасяк, а не так, як запланавана.

І ўсё ж так хочацца – не мне, журналісту, а найперш нашым шматлікім мамам, да катэгорыі якіх, зрэшты, я таксама адношуся, – каб нават у гэтым цэйтноце сын ці дачка знайшлі хвілінку – ранкам, вечарам, у абедзенны перапынак ці калі яна надарыцца – каб патэлефанаваць і спытаць: “Ну як ты?”. Каб выкраілі гадзінку – сёння, заўтра ці ў бліжэйшы выхадны – каб завітаць да маці “на чай” з размовамі пра сваё і пра яе жыццё-быццё. Каб ахвяравалі дзень свайго каштоўнейшага дэфіцытнага адпачынку і дапамаглі ёй ускапаць агарод, пераклеіць шпалеры, прыбіць альбо адрамантаваць тое, што даўно адвалілася ці патрабуе рамонту.

…Успомніўся верш, які прачытала даўно і які прысвячаўся, вядома ж, каханню. Не памятаю аўтара і не перакажу даслоўна, але – блізка да тэксту: “Я пытаю, ці кахаеш ты мяне? “Так”, – адказвае твой вячэрні пацалунак. “Так! Так! Так!” – крычыць твой начны пацалунак. Але ўсё залежыць ад таго, ці будзе твой ранішні пацалунак, і якім ён будзе”…

…Святы прыходзяць – і адыходзяць, нават самыя прыгожыя, шчырыя і кранальныя. Яны, вядома ж, патрэбны – каб вырвацца з багны засмоктваючых будняў, па-іншаму паглядзець на тых, хто побач, сказаць словы і зрабіць учынкі, якія здаюцца недарэчнымі ў будні дзень. Зрэшты, каб проста адпачыць разам з дарагімі і блізкімі людзьмі.

І ўсё ж сапраўдны клопат і любоў вызначаюцца не колькасцю і коштам святочных віншаванняў, а зместам шэрай паўсядзёншчыны.

Такая проза жыцця – і ў гэтым яго простая, як хлеб, мудрасць.

Спадзяюся, што ў нашых матуль, што ўчора купаліся ў віншаваннях, святы час ад часу здараюцца і ў будні…


--------------------

Ніна РЫБІК.