"Среда размышления". Учим язык весело и интересно

1
Некалькі гадоў назад я давала сабе зарок ніколі не пісаць праблемныя матэрыялы пра беларускую мову: як паказвае практыка нашага сайта і іншых парталаў, сказанае журналістам слова каментатары трактуюць часам з той пазіцыі, пра якую ты нават падумаць не мог. Пачынаюцца нікому не патрэбныя дэбаты, якія часта перарастаюць у спрэчкі з пераходам на асобы і высвятленнем прыватных адносін. А мова, бядачка, застаецца па-за ўвагай…

Часта нас, журналістаў раённай газеты, крытыкуюць за тое, што недастаткова пішам па-беларуску. Мы, канешне, удзячны за слушныя заўвагі кожнага нашага чытача, бо дзеля вас нараджаецца і выходзіць у свет наша газета, але па аб’ектыўных прычынах (у “раёнцы” працуюць не толькі журналісты-беларусы, і чытаюць яе не толькі беларускамоўныя чытачы) матэрыялы і надалей будуць выходзіць на дзвюх мовах. І ад гэтага яны ж не трацяць сваёй глыбіні і зместу – ці не так? Ды і з нашай калегі Святланы Фёдаравай, якая некалькі гадоў назад пераехала з Расіі на Астравеччыну, варта браць прыклад кожнаму каментатару: дзяўчына па-беларуску свабодна чытае і спрабуе пісаць – дарэчы, няблага.

Аднак кожны неабгрунтаваны каментарый, асабліва калі гэта тычыцца моўнага пытання, пакідае ў душы непрыемны асадак. Я пераканана: не трэба наракаць на рускамоўнае атачэнне, варта пачынаць з сябе.

І такая магчымасць – вучыць беларускую мову не так, як у школе – з адзнакамі, завучваннем правілаў, пісьмовымі хатнімі заданнямі, а цікава, нязмушана, інтэрактыўна – з’явілася ў жыхароў нашага раёна. Дзякуючы ў тым ліку і “Астравецкай праўдзе”.

Ужо некалькі месяцаў паспяхова дзейнічаюць курсы беларускай мовы, дзе кожны ахвочы можа палепшыць свае веды роднай мовы. Пасля “круглага стала”, праведзенага ў рэдакцыі, ідэю стварэння курсаў па вывучэнні беларускай мовы падтрымалі раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў, аддзел адукацыі, спорту і турызму, грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”… Знайшліся неабыякавыя людзі (а зараз гэта цэлая каманда!), якія на грамадскіх пачатках узяліся за гэтую добрую справу.

Па праўдзе сказаць, збылася мая асабістая мара: менавіта так вучыць беларускую мову – у цёплай  нефармальнай атмасферы, без прымусу, кпінаў і смяшкоў з-за няправільна вымаўленага слова, якое не-не ды і выскачыць...

Я не прыхільніца моўнага засілля і чалавеку, які не разумее па-беларуску, адкажу па-руску. Мова не павінна насаджацца, культывавацца – яна павінна быць натуральнай, зараджаць, натхняць, у рэшце – падабацца. Я не прыхільніца наватвораў і моднай зараз тарашкевіцы. Але ні ў якім разе не адмаўляю іх права на існаванне, таму што мова – жывы арганізм. І ўсё ж мне куды бліжэй “нашанская” мясцовая трасянка, чым “філязофія ў залі”.

Я памяркоўная і неканфліктная, як і большасць беларусаў, і мова для мяне, прабачце за высокі стыль, – святая. Пра яе, як і пра бацькоў і пра настаўнікаў па жыцці, лепш маўчаць, чым гаварыць дрэнна.

Мая пазіцыя наконт беларускай мовы, мае жаданні і памкненні цалкам увасобіліся ў астравецкіх курсах беларускай мовы, якія кожную сераду праходзяць у новай гімназіі – за што, безумоўна, асобны дзякуй адміністрацыі гэтай установы.

Неверагодна, але штотыдзень на заняткі збіраецца да пяцідзесяці чалавек – розных па ўзросту, сацыяльным статусе, занятасці. Многія слухачы за гэты час сталі актыўнымі ўдзельнікамі і валанцёрамі; некаторыя прыходзяць цэлымі сем’ямі, разам з дзеткамі; многія цікавяцца курсамі непасрэдна і ў сацыяльных сетках (ёсць наведвальнікі суполкі нават з Англіі і Італіі!).

Вы не можаце зразумець, чаму? Курсы беларускай мовы ў Астраўцы – гэта не толькі вывучэнне лексікі і граматыкі ў інтэрактыўнай і цікавай форме, але і магчымасць атрымаць веды з розных сфер жыцця і пазнаёміцца са спецыяльнай тэрміналогіяй на беларускай мове, урэшце стасавацца на роднай мове з іншымі людзьмі, адкрыць для сябе выбітных людзей краіны і Астравеччыны.

Мне здаецца, носьбіты беларускай мовы павінны быць менавіта такімі, як большасць гасцей курсаў – спартсменаў, музыкантаў, журналістаў, літаратараў. Чаго варты мэнэджар баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск”, былы баскетбаліст Аляксандр Куль; або чалавек зусім небеларускай знешнасці, але беларус па ўнутраным самаадчуванні, тэлевядучы і музыкант Андрусь Такінданг; ці наш мясцовы пчаляр Алесь Марозік!

Падрастаючаму пакаленню патрэбны добрыя прыклады – самадастатковыя людзі, якія займаюцца справай, укладваюць у яе душу і дасягаюць у жыцці пэўных вяршынь…

Курсы беларускай мовы бясплатныя, добраахвотныя і, верыцца, цікавыя. Многія людзі з аддаленых ад Астраўца вёсак таксама выказваюць жаданне далучыцца да агульнараённага вывучэння роднай мовы. Сябры, кааперыруйцеся на месцах, дамаўляйцеся і прыязджайце ў Астравец кожную сераду ў 18.00. Паверце, вучыць мову можна цікава, нязмушана і весела.

Пачынайма з сябе!


---------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.